Машына зноў стала марай

Беларускім аўтааматарам нічога не застаецца, як узяць тайм-аўт у спробах набыць машыну за мяжой. Ад 1 ліпеня мытныя стаўкі падскочылі да такой вышыні, што ў большасьці выпадкаў перакрылі кошт самога аўто. За якія выгоды кіраўніцтва Беларусі пагадзілася ўніфікаваць размытненьне з Расеяй, якая такім чынам абараняе ўласных аўтавытворцаў? У якіх яшчэ галінах улады гатовыя капітуляваць перад Масквой?

Сума мытных збораў з аўтамабіляў, якія завозяцца з-за межаў Беларусі, ад сёньня вырастае ў разы. На самыя хадавыя машыны ва ўзросьце ад 5 гадоў сярэдняя плата падскочыла ў 10 разоў. Прыкладам, калі дагэтуль за ўвезенае аўто з 2-літровым рухавіком 2003—2005 гадоў выпуску спаганялася блізу 800 эўра, то цяпер тая ж працэдура выцягне з кішэні амаль 10 000 эўра!

Пры гэтым спробы рэалізацыі транспартных сродкаў зь беларускай рэгістрацыяй на тэрыторыі Мытнага саюзу наўрад ці прынясуць дывідэнды. У Фэдэральнай мытнай службе Расеі патлумачылі: калі грамадзянін Беларусі захоча прадаць увезены па паніжанай стаўцы аўтамабіль расейцу, то мусіць у абавязковым парадку даплаціць розьніцу паміж пошлінамі, якія дзейнічалі на пэрыяд увозу аўтамабіля ў Беларусь. Толькі пасьля выплаты гэтай розьніцы машыну можна будзе прадаць і паставіць на рэгістрацыйны ўлік у Расеі.

На думку аўтамабільнага аналітыка Івана Коласава, такім чынам Масква адназначна дала зразумець: выйсьці за рамкі ўнутранага рынку ў беларусаў магчымасьці няма:

"Найперш, Пуцін і Мядзьведзеў яшчэ раней далі зразумець, што аўтамабілі,
Пуцін словамі проста так не раскідаецца ...

якія беларусы панагналі з-за мяжы да 1 ліпеня, ніколі ў Расеі на ўлік ня стануць. Гэта, дарэчы, было сказана яшчэ да Новага году. Таму пасыл тут вельмі дакладны і адназначны, паколькі Пуцін словамі проста так не раскідаецца. І яны, не сумняюся, знойдуць, як усё гэта пракантраляваць. Бо калі б увялі насамрэч адзіную мытню, то ўсе ўвезеныя беларусамі аўтамабілі, якія, магчыма, атрымлівалі б дакумэнты зь нейкай адмысловай пазнакай ці іншага ўзору, маглі б свабодна прадавацца на тэрыторыі ўсёй мытнай прасторы без усялякіх абмежаваньняў. Але ж такога не адбылося".

Фінансавы кансультант Сяргей Чалы перакананы, што ва ўмовах падобнага дысбалянсу беларусам давядзецца жыць доўга, прынамсі пры гэтай уладзе. Спадзяваньні на тое, што ва ўмовах глыбокага крызісу хтосьці наважыцца наладзіць у Беларусі вытворчасьць аўтамабіляў, мізэрныя, а выходзіць з Мытнага саюзу, калі Масква прынамсі абяцае энэргарэсурсы па ільготных коштах, кіраўніцтва краіны не зьбіраецца:

Сяргей Чалы

"Па-першае, мяркуючы па заявах нашых уладаў, пытаньне пошуку сур'ёзнага інвэстара, які пабудаваў бы тут аўтамабільны завод, насамрэч асэнсоўваецца як праблема, бо з розных прычынаў гэта вельмі малаверагодна. Па-другое, з тых жа заяваў вынікае: цалкам сысьці з праекту Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы для нас немагчыма, таму што асноўны парамэтар — атрыманьне бязмытнай нафты. Для ўладаў гэта разьмен адных выдаткаў на іншыя выгоды, пры якім выгоды атрымлівае дзяржава, а выдаткі бярэ на сябе насельніцтва. Абсалютна відавочна, на карысьць чаго выбар будзе зроблены. Таму насамрэч у такім рэжыме давядзецца жыць і далей. То бок адзіны другасны рынак, які будзе даступны, — гэта рынак ужываных расейскіх аўто, якія, абсалютна зразумела, пры аналягічным прабегу будуць мець зусім непараўнальныя астаткавыя спажывецкія ўласьцівасьці ў параўнаньні з ужыванымі машынамі з-за заходняй мяжы".

Экспэрты лічаць, што на саступкі Маскве беларускія ўлады будуць вымушаныя ісьці і па іншых напрамках. Так, на ўмовах Расеі можа адбыцца прыватызацыя Менскага аўтазаводу. Пры гэтым выказваецца засьцярога, што менская пляцоўка папросту ператворыцца ў зборачны цэх асобных вузлоў і агрэгатаў для расейскага КамАЗу. У сваю чаргу, як лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка, ва ўмовах Мытнага саюзу Расея будзе намагацца максымальна інтэгравацца ва ўсе кіроўныя структуры:

Леанід Заіка

"У прынцыпе, у рамках Мытнага саюзу неабходнасьць мець прадстаўніцтвы нейкіх расейскіх кампаній у Беларусі ці ў Казахстане аўтаматычна адпадае. Далей ідзе працэс руху капіталу, ствараюцца холдынгі, і гаворка, дарэчы, будзе ісьці пра вялікія холдынгі з удзелам многіх прадпрыемстваў. Іншымі словамі, зьмяняецца сама структура кіраваньня. То бок, калі гаворка пра нейкія прадстаўніцтвы, дык гэта перадусім тычыцца замежных дзяржаваў ці рэгіянальных прадстаўніцтваў. Думаю, што расейскія кампаніі паступова мадыфікуюцца ў саму сыстэму кіраваньня, у сам мэнэджмэнт".

Кіраўнік "Газпрому" Аляксей Мілер 30 чэрвеня пацьвердзіў, што расейскі газавы холдынг згодны хоць заўтра заплаціць 2,5 мільярда даляраў за 50% акцыяў "Белтрансгазу", аднак пры ўмове, што Менск ня будзе выстаўляць дадатковых умоваў. Але ў той жа дзень першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка паўтарыў ранейшыя словы Аляксандра Лукашэнкі ды Міхаіла Мясьніковіча пра тое, што перамовы аб прыватызацыі газатранспартнага прадпрыемства беларускі бок увязвае з цэнамі на газ. Аналітыкі ўсё ж перакананыя, што Менск урэшце капітулюе, бо грошы эканоміцы патрэбныя зараз, а калі беларускае кіраўніцтва будзе ўпарціцца і надалей, расейцы могуць увогуле адмовіцца ад куплі па неапраўдана завышанай цане.