У Слоніме забаставалі будаўнікі

Фота — «Газета слонімская».

Каля 30 рабочых будаўнічага ўпраўленьня №187 гораду Слоніму адмовіліся сёньня выходзіць на працу праз тое, што ім затрымліваюць выплату заробку.

З раніцы рабочыя прыехалі ў пракуратуру раёну са скаргай. Да будынку пракуратуры прыехаў намесьнік старшыні Слонімскага райвыканкаму Анатоль Вянскоўскі і размаўляў зь імі.

Рабочыя скардзіліся на тое, што заробак ім павінны былі выплаціць да 25 чэрвеня, а яны не атрымалі яго 1 ліпеня. Казалі, што гэта ўжо ня першы выпадак затрыманьня выплаты заработнай платы.

Анатоль Вянскоўскі абяцаў рабочым, што сёньня пасьля абеду ім выплацяць заробак і прасіў рабочых ехаць на працоўныя месцы. Са слоў дырэктара будаўнічага ўпраўленьня Віктара Брайтчука, рабочыя пасьля размовы з намесьнікам старшыні райвыканкаму паехалі на месца працы.

Рабочыя слонімскага будаўнічага ўпраўленьня №187 адмовіліся працаваць і прыйшлі да будынку раённай пракуратуры са скаргай на затрымку па выплаце заробку.

Намесьнік страшыні Слонімскага райвыканкаму Анатоль Вянскоўскі выступае перад рабочымі і просіць іх вярнуцца на працоўныя месцы