Гепард з хуткасьцю чарапахі

  • Аляксандар Лукашук

Освальд у Менску знаёміцца з брытанскімі турыстамі

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Сваё нежаданьне адкрыць карты Эрнст Цітавец тлумачыў Мэйлеру цалкам рацыянальна – ён сам зьбіраецца напісаць кнігу пра Освальда.*

І ён сапраўды выдаў сваю кнігу -- праз 17 гадоў пасьля сустрэчы з Мэйлерам.

Прычым адразу па-ангельску: “Oswald. Russian Episode” – “Освальд. Расейскі эпізод”. Кніга была надрукаваная ў Беларусі, аўтар пачаў рассылку, спрабуючы зацікавіць буйныя выдавецтвы, якія б дадрукавалі наклад і арганізавалі продаж.

На заднюю вокладку вынесеныя тры цытаты, якія маюць на мэце сьцьвердзіць паўнамоцтвы аўтара:

“Эрык... мой найстарэйшы існуючы знаёмы... мой сябар, які вельмі добра гаворыць па-ангельску”. Лі Гарві Освальд, “Гістарычны Дзёньнік”

“Эрык Цітавец, як выглядае, быў самым раньнім і, магчыма, самым блізкім сябрам Освальда ў СССР”. Эдвард Эпстэйн, “Хронікі Забойства”

“[Эрнст Цітавец] найбліжэйшы сябра Освальда ў Менску”. Норман Мэйлер, “Гісторыя Освальда”


Гэтыя цытаты патрабуюць удакладненьня.

Цітавец пазнаёміўся з Освальдам толькі ўвосень 1960-га. Але яшчэ ў студзені ў Освальда зьявіліся два знаёмыя, зь якімі ён будзе сябраваць, сустракацца, бавіць час да самага ад’езду зь Менску – гэта Павал Галавачоў і Аляксандар Зігер.

Трэцяя цытата цікавая тым, што ўзятая з таго самага абзаца ў дадатку да кнігі Мэйлера, дзе ён параўноўвае Цітаўца з разбэшчаным катом.

Гепард, праўда, лічыцца самай хуткай наземнай жывёлай на сьвеце – хуткасьць Цітаўца-мэмуарыста хутчэй чарапахавая.

Ён скардзіўся, што скончыў кнігу ў 1999-м, але ніяк ня мог знайсьці выдаўца, і тлумачыў гэта зьместам кнігі – маўляў, яго вэрсія падзеяў не супадае з афіцыйнай:

-- Адразу пасьля напісаньня кнігі я, на параду сяброў, зьвяртаўся да ангельскіх літаратурных агентаў, якія напачатку зацікавіліся кнігай, а потым пачыналі нешта муціць і цягнуць. Вось тады я і зразумеў, што на Захадзе гэтая кніга ніколі ня выйдзе менавіта з-за тых высноваў, якія там зробленыя.**

Публікацыяў, дзе даводзіцца, што Освальд ня мог быць і ня быў забойцам – тысячы, і ўсе яны на Захадзе. Фактычна, усю апублікаваную на Захадзе літаратуру можна падзяліць на дзьве часткі: адна адказвае “так”, другая “не” на адно і тое ж цэнтральнае пытаньне, і ніяк не абмінае яго.

Аднак доктар біялягічных навук Цітавец запэўнівае:

-- Гэта не параноя, а рэальныя факты, што складваюцца ў вельмі цікавую гісторыю вакол гэтага выданьня, якая яшчэ ня скончылася. Мяне адсочвалі, з майго кампутару праз інтэрнэт былі сьцёртыя ўсе файлы, якія мелі дачыненьне да Освальда, а затым была адхіленая мая прапанова прыехаць з дакладам на канфэрэнцыю ў Даласе, прысьвечаную забойству Кенэдзі, мяне прасілі прадаць мае магнітафонныя запісы дыялёгаў з Освальдам.***

Але кніга ўсё ж выйшла – і на амаль пяцістах старонках аўтар дае сваю вэрсію і ацэнкі часу і падзеяў.

Цітавец выступіў адразу ў дзьвюх ролях. Адна – традыцыйнага дасьледніка, які, як Мэйлер, вывучае і аналізуе ўсю гісторыю Освальда на падставе дакумэнтаў Камісіі Ўорэна, публікацыяў, размоваў са сьведкамі, і другая – мэмуарыста, непасрэднага ўдзельніка падзеяў, які ўспамінае, як што было.

Гэта спалучальныя, але розныя задачы. Цяжка знайсьці нешта сваё на пратаптаных сотнямі дасьледнікаў палетках, яшчэ цяжэй дамагчыся, каб гэта заўважылі. Нюансы інтэрпрэтацыяў цікавяць толькі зацятых заўзятараў.****

Асабістыя ўспаміны, з другога боку, могуць быць унікальнымі – але могуць і ня быць. Аўтар не адзіны, хто ведаў героя, і нават не найбліжэйшы да яго чалавек -- аповеды жонкі ці запісы КДБ даюць зусім іншую ступень набліжанасьці і нават інтымнасьці.

Цітавец прызнаецца, што зь некаторымі знаёмымі Освальда ўпершыню сустрэўся толькі ў 1990-я. І толькі тады пачаў высьвятляць некаторыя сюжэты, цэнтральныя для сваёй кнігі. Сваіх галоўных канкурэнтаў на блізкае сяброўства з амэрыканцам Цітавец згадвае мінімальна: Зігера нэўтральна, Галавачова звысоку і непаважліва.

Што ж, кожны піша сваю кнігу і піша, як можа і як памятае. Цітавец памятае свой час з Освальдам выразна і падрабязна, ня толькі падзеі, але й пачуцьці, ня толькі дыялёгі, але й думкі.
Менск часоў Освальда

Вось яны ўпершыню ідуць у Опэрны тэатар, і Освальд кідае сьмецьце пад крэслы і тлумачыць – каб была праца для прыбіральшчыц. Вось дурэюць у яго кватэры, гуляючы ў амэрыканскіх салдат, і Эрык старанна выконвае каманды Лі: “Направа! Кругом! Налева! Зважай! Вольна!”

Вось ладзяць эратычную вечарынку зь дзьвюма студэнткамі (Лі з адной дзеўчынай закрываецца на кухні, Эрык нясьмела гладзіць сваю дзяўчыну ў пакоі, усё сканчаецца сканфужаным сьмехам).

Вось едуць у Ждановічы на рыбалку, вось робяць знакамітыя магнітафонныя запісы, вось спрабуюць сканструяваць гранату з украдзеных на заводзе двух мэталічных цыліндраў, вось прарываюцца ў інтэрнат ін’язу...

Абодва пэрсанажы выглядаюць сымпатычнымі прыяцелямі, якія маюць крыху больш за 40 гадоў на дваіх, яны жывуць там, напачатку 1960-х, яшчэ ўсё ў іх наперадзе... Гэтыя сцэны дапаўняюць партрэт Освальда, створаны за апошнія паўстагодзьдзя, – але не мяняюць яго.
Эвалюцыя Освальда

Цітавец паведамляе, што першае ангельскае выдавецтва, якое патрымала і не надрукавала кнігу, патлумачыла, што рынак перанасычаны. Другое, пасьля вывучэньня тэксту, таксама адмовілася выдаваць і параіла аўтару перадаць рукапіс у Бібліятэку Кангрэсу ЗША.

Іншымі словамі, рэдактары далі зразумець аўтару, што знаёмства са знакамітасьцю не азначае аўтаматычнай вартасьці ўспамінаў.

Мэмуарыст выбраў ня тую мову, ня тых чытачоў, ня той фокус, ня той час.

Спазьніўся.

-----------------------------------
*У сваёй кнізе Цітавец публікуе іншую вэрсію: ён не захацеў нічога расказваць, бо калега Мэйлера Лорэнс Шылер перадузята ставіўся да Освальда.

**Інтэрвію Э.Цітаўца сайту “Белорусские новости” (www.naviny.by) 11 чэрвеня 2010 году.

***Тут што ні сьцьверджаньне, то пытаньне: што значыць адхіленая “прапанова” прыехаць у Далас – аўтар прапанаваў арганізатарам запрасіць сябе? На якіх умовах – аўтар хацеў, каб яму аплацілі падарожжа і далі ганарар за выступ? Гарантавалі выданьне кнігі? Ці арганізатары папрасілі прыслаць тэкст выступу? Хто яны – школьны гістарычны клюб, аматарскі гурток пры бібліятэцы, унівэрсытэт, мясцовае аддзяленьне Ротары?.. І, прынамсі, частку магнітафонных запісаў Цітавец прадаў амэрыканскаму тэлебачаньню, і яны даўно даступныя ў Інтэрнэце...

****Значную частку кнігі займае апісаньне палітычнай сытуацыі, халодная вайна, марксізм і сацыялізм, цытаты з тагачаснага англамоўнага савецкага тыднёвіка “Moscow Times”, разважаньні пра тое, чаму Освальд ня мог быць забойцам і па вяртаньні ў Амэрыку ня стаў ім, аналіз яго амэрыканскіх рукапісаў. На ангельскай мове падобнага напісана і апублікавана столькі, ад студэнцкіх рэфэратаў да паліталягічных кніг, што сам зварот да такога матэрыялу пакідае ўражаньне другаснасьці, маргінальнай аматарскай спробы.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”