Прэвэнтыўнае затрыманьне ў Берасьці

  • БелаПАН
У Берасьці затрыманы каардынатар аргкамітэту партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" па Берасьцейкай вобласьці Зьміцер Шурхай.

"Паводле наяўных у мяне зьвестак, Шурхая затрымалі раніцай 28 чэрвеня і даставілі ў Маскоўскі РАУС Берасьця. Там у дачыненьні да яго быў складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства, – паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк. – Паводле папярэдняй інфармацыі, 29 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця будуць разгледжаныя матэрыялы адміністрацыйнай справы затрыманага актывіста".

Паводле словаў праваабаронцы, мабільны тэлефон Шурхая адключаны.

24 чэрвеня Зьмітру Шурхаю і яшчэ аднаму берасьцейскаму актывісту БХД – Алесю Змагару тэлефанавалі на мабільныя тэлефоны з пракуратуры. "Да мяне датэлефанавацца не змаглі, таму зьвязаліся па мабільным тэлефоне з адным з маіх сяброў, папрасілі, каб я ператэлефанаваў, і паведамілі, што мяне выклікаюць у пракуратуру для размовы з нагоды маёй дзейнасьці ў сацыяльных інтэрнэт-сетках, – распавёў Шурхай. – Мы вырашылі не ісьці ў пракуратуру бяз позвы".

Паводле яго слоў, 15 чэрвеня ў Берасьці на галоўнай плошчы гораду сабралася каля 300 чалавек. 22 чэрвеня ў маўклівай акцыі пратэсту ў форме , гадзіннага шпацыру па Берасьці, прыняло ўдзел ня менш за 600 чалавек.

15 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі 10 чалавек, 22 чэрвеня – 12. Усе былі адпушчаныя зь міліцыі без складаньня пратаколаў. Абодва разы сярод затрыманых быў Дзьмітрый Шурхай.