Дом Аб'яднанай Беларусі ў Вільні

  • Тацяна Поклад

Міністар замежных справаў Літвы А.Ажубаліс вітае Ю.Алейніка, аднаго з арганізатараў Дому


У Вільні быў урачыста адкрыты Дом аб'яднанай Беларусі (House of United Belarus, HUB), альбо Беларускі народны цэнтр, як прапаноўваюць называць яго заснавальнікі. Гэта праект, які яднае прадстаўнікоў грамадзкай і палітычнай апазыцыі зь Беларусі, якія дзейнічаюць у Літве.

Новы беларускі грамадзкі цэнтар у Вільні віталі літоўскія парлямэнтары, дыпляматы, грамадзкія дзеячы з розных краін. Міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс адкрыў гэтае новае беларускае прадстаўніцтва ў Літве і заклікаў беларускія і літоўскія НДА, акадэмікаў і інтэлектуалаў супрацоўнічаць з Домам аб'яднанай Беларусі ў культурных і навуковых праектах на карысьць Беларусі.

"Літва і Беларусь маюць стагодзьдзі супольнай гісторыі, разам літоўцы і беларусы перажывалі і добрыя часы, і акупацыі ды гвалт. Так што гэтая ініцыятыва, гэты праект дапаможа беларусам рэагаваць на сытуацыю, што склалася цяпер у іх краіне. Мы хацелі б, каб Беларусь, як наша бліжэйшая суседка, стала б дэмакратычнай краінай з высокім дабрабытам яе жыхароў. Спадзяюся, што пакуль Віленскі Дом аб'яднанай Беларусі стане другім домам беларусам у іх выгнаньні. Зычу, каб гэта было месца, дзе б сапраўды аб'ядналіся беларускія актывісты", — сказаў Аўдронюс Ажубаліс.

Аўдронюс Ажубаліс


"Вашая барацьба — гэта нашая барацьба"

"Мы ўсе тут дома," — сказаў у сваім выступе ў часе адкрыцьця кіраўнік замежных спраў Сойму Літвы Эмануэліс Зінгерыс. — Тут, у Вільні, адчуваў сябе дома наш патрыярх Басанавічус, ваш асьветнік Скарына, мы ўсе тут дома, і мы хацелі б, каб вы адчувалі сябе ў Вільні дома, — беларусы, усе свабодныя сілы Беларусі. Ведаеце, мы ў Літве стварылі парк Грутас, але забыліся, што можна бачыць такі самы музэй памерам у цэлую краіну побач з намі. Яго стварыў спадар Лукашэнка, захапіўшы ўсю ўладу ў дзяржаве. Там стаяць такія самыя помнікі Фэліксу Дзяржынскаму, там брэжнеўскія часы вярнуліся назад. Мы думалі, што гэта усё пераможана, але і цяпер, праз 20 гадоў, як мы перамаглі гэта тут, мы працягваем тую самую барацьбў — цяпер разам з беларусамі. Вашая барацьба — гэта нашая барацьба. Для нас блізка і зразумела, супраць чаго і за якія каштоўнасьці вы змагаецеся".

"Назіраючы за тым, што робіцца ў Беларусі, якая палітычная сыстэма там умацавалася, якія прыкметы эканамічнай катастрофы заўважныя, трэба рыхтавацца да даволі доўгай барацьбы, назавем гэта так, — заўважыў літоўскі парлямэнтар Пятрас Ауштравічус. — І трэба мабілізаваць усе палітычныя сілы, маючы на ўвазе, што ў Беларусі мае быць у выніку нармальная шматпартыйная сыстэма, так што ва ўсіх напрамках трэба ўзмацняць палітычныя сілы. Натуральна, што падобных цэнтраў мае быць прынамсі не адзін, а некалькі, каб беларусы маглі аб'ядноўвацца паводле сваіх поглядаў, накірункаў дзейнасьці. І чым шэрэй дзейнасьць, тым лепш для ўсіх. Я ад ўсёй душы жадаю, каб Дом быў заняты канкрэтнымі справамі, дзейнасьцю. Вельмі сымбалічна, што Дом аб'яднанай Беларусі — на вуліцы Басанавічуса, гэта адна са старажытных вуліц колішняга старога гасьцінца, які вёу на Трокі, так што гэта рух, сымбаль руху. Спадзяюся, што гэты цэнтар аб'яднае ўсіх, хто хоча зрабіць добрае для Беларусі і спрычыніцца найлепшын чынам для выхаваньня будучых дэмакратычных палітычных сілаў Беларусі".

Альтэрнатыўная амбасада

Дом месьціцца ў Вільні на вул. Басанавічуса, непадалёк ад будынку амбасады РБ у Літве. "Мы — альтэрнатыўная беларуская амбасада", — адзначаюць заснавальнікі новага беларускага цэнтру ў Вільні.

Юры Алейнік

"Калі, да прыкладу, кіраўнік Беларусі ў сваіх прамовах называе лаянкавымі мянушкамі Жазэ Мануэля Барозу, мусіць быць такое прадстаўніцтва Беларусі, якое магло б заявіць сьвету, што такія выказваньні ня ёсьць меркаваньнем усяго беларускага народу", — кажа каардынатар Офісу грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве Юры Алейнік.

"Гэта такая пляцоўка для ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі, я б нават не называў гэта арганізацыяй, — менавіта такую пляцоўку мы імкнуліся ствараць ад самага пачатку, ад таго часу, як мы былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі. Пляцоўка, дзе будзе выпрацоўвацца агульная стратэгія деяньняў, каардынавацца дапамога пацярпелым ад палітычных перасьледаў. Гэта будзе не нейкая чарговая арганізацыя, гэта грамадзка-палітычная пляцоўка. У Вільні есьць беларускі Дом правоў чалавека, там навучаюцца праваабаронцы. Нашая пляцоўка - іншая. Мы кажам, што дзейная ў Беларусі ўлада не прадстаўляе народ. Гэтая ўлада ўзурпавала палітычную ўладу ў Беларусі. Мы — прадстаўнікі дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты, якія разам набралі больш за 50 % галасоў на апошніх выбарах. Мы маем права прадстаўляць народ Беларусі, выступаць ад імя народу. Вось гэтая пляцоўка менавіта і ёсьць для таго, каб выступаць ад імя беларускага народу", — тлумачыць Юры Алейнік.

Беларускі народны цэнтар, альбо Дом аб'яднанай Беларусі арганізаваны актывістамі Офісу беларускага грамадскага і палітычныга прадстаўніцтва ў Літве, яго стварылі ў Вільні палітыкі і актывісты зь Беларусі, якія тут хаваюцца ад палітычнага перасьледу.

"Адкрыцьцё Дому — гэта толькі першыя паўкрокі, самае асноўнае і складанае наперадзе, — наперадзе шмат працы. Вельмі хацелася б, каб прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі, грамадзянскай супольнасьці знайшлі паміж сабой разуменьне, не сварыліся, знайшлі тое, на чым можна пагадзіцца", — адзначыў у часе адкрыцьця адзін з арганізатараў, Віктар Гарбачоў, лідар руху "За свабоднае прадпрымальніцтва".

Віктар Гарбачоў


Пляцоўка для сумоўя

"Я бачу, што гэты Дом у Вільні можа быць такой пляцоўкай для размовы, для плянаваньня таго, як ісьці далей. Гэта вельмі складана, таму што тыя людзі, якія тут усё арганізоўвалі, а гэта цягнулася паўгады, яны спадзяваліся, што гэта будзе раней, хутчэй, але столькі было юрыдычных, бюракратычных працэдураў — вось усё гэта яны здолелі прайсьці, але цяпер яны стаяць на шляху іншых выпрабаваньняў. Гэта — сумоўе, супраца з тымі, зь кім яны разам ішлі на плошчу, а сёньня, мне здаецца, зьявіся такі нейкі бар'ер: маўляў, яны з'ехалі, ім лягчэй, а мы вось засталіся ў Беларусі. Гэтага не павіна быць. Проста, калі ты сядзіш у Беларусі, узьнікае гэтая праблема — як і дзе сутрэцца, сабрацца спакойна, каб усё абмяркаваць, шчыра свабодна паразмаўляць, — і вось цяпер ёсьць такая магчымасьць у Вільні. І я лічу, што трэба выкарыстоўваць такую магчымасьць. Вельмі шмат сёньня стэрэатыпаў у сёняшняй дэмакратычнай Беларусі, стэрэтыпаў ва ўспрыманьні адін аднаго, статусаў, роляў. Мы павінны памятаць, што аб'ектыўна мы — слабыя, і нашая моц толькі тады будзе, калі мы аб'яднаемся", — сказала радыё Свабода Тацяна Караткевіч з грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду".

Падтрымка і сябры

"На жаль, у нас на радзіме сытуацыя зьмяняецца толькі да горшага, — дадала віцэ-старшыня партыі "Надзея" Валянціна Матусевіч. — Як ні было свабоды слова, сабраньняў, сумленных выбараў, так іх і няма. Затое мы маем безьліч арыштаў, ператрусаў, несправядлівых прысудаў. Мы ж жадаем жыць свабодна і сумленна, адкрыта. І нам у Беларусі вельмі каштоўная падтрымка ўсіх тых з-за мяжы, хто не дае нашай уладзе злоўжываць сваёй сілай бязь меры".

Дзейнасць новага Беларускага Дому ў Літве будзе падтрымлівацца сродкамі Фонду дэмакратыі і разьвіцьця, створанага ў 2007 годзе Цэнтрам студыяў Усходняй Эўропы. Віленскі Дом аб'яднанай Беларусі плянуе штогод праводзіць сустрэчы Клюбу беларускіх сяброў, ладзіць культурныя і навуковыя імпрэзы.

"Гэта нашыя саюзьнікі, і думаю, што такіх грамадзянскіх пляцовак мае быць як найбольш, і не абавязкова толькі для той краіны, аб якой мы ўвесь час так шмат гаворым (Беларусь). Дэмакратыі зашмат не бывае", — сказаў радыё "Свабода" Стасіс Каўшыніс, старшыня літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў.