Хэлоў, карова са штату Аёва

  • Аляксандар Лукашук

Тагачасны від на дом Освальда ў Менску

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Калі Освальд прыехаў у Менск, у Беларусі было чатыры мільёны кароў.

Так сьцьвярджае тагачасны “Энцыкляпэдычны слоўнік”-- на двух жыхароў была адна карова. Слоўнік яшчэ шмат што сьцьвярджаў: цягам

дзесяцігодзьдзя СССР мусіў перагнаць Амэрыку ў вытворчасьці прадукцыі на душу насельніцтва, якое, у сваю чаргу, мусіла спалучаць духоўнае багацьце, маральную чысьціню і фізычную дасканаласьць. На старонках газэт зьявіліся загалоўкі:

“Трымайся, карова са штату Аёва!”

Так выглядала гістарычная заканамернасьць паводле савецкай энцыкляпэдыі.

Магчыма, з пункту гледжаньня марксіста, якім лічыў сябе Освальд, і яго першае лета ў Менску было проста гістарычнай заканамернасьцю. З рэалістычнага пункту гледжаньня, верагодна, больш падыходзіць жанр, у якім быў напісаны энцыкляпэдычны слоўнік -- казкі.

Наступныя падзеі настолькі зьменяць оптыку, што ўжо мала хто будзе ў стане ацаніць неверагоднасьць таго, што адбылося ўвосень 1959-га.

19-гадовы дэмабілізаваны салдат з амэрыканскай правінцыі, з простай сям’і, бяз грошай, адукацыі і прафэсіі, таемна ад усіх блізкіх раптам прыяжджае ў Маскву, робіць зварот па грамадзянства, здае свой пашпарт у амбасаду, спрабуе скончыць самагубствам, у няпэўным чаканьні бавіць халодныя зімовыя дні і ночы ў самоце гатэльнага нумару і, нарэшце, атрымлівае падарунак ад улады рабочых і сялян: накіраваньне ў Менск, працу, асобную кватэру ў цэнтры і падвойную зарплату.

Да лета 1960-га, здаецца, асноўная драматычная падзея жыцьця засталася ззаду і забылася, усё ўсталявалася, вызначылася, уляглося.

Рапарты КДБ становяцца нуднымі, як кілямэтры відэастужкі з камэры тэхнічнага назіраньня: выйшаў з дому, пайшоў на прыпынак, сеў у тралейбус, выйшаў, купіў газэту, зайшоў у краму, нічога не купіў, выйшаў, сеў у тралейбус...

Спыняецца нават прыватны дзёньнік.

Потым, быццам спахапіўшыся, каб запоўніць каляндар, Освальд усё ж робіць некалькі кароткіх запісаў.

Дзёньнік ЛГО
Чэрвень -- ліпень 1960


Освальд, Аніта Зігер і мадам Зігер. На заднім пляне відаць ногі Альфрэда
Летнія месяцы зялёнага хараства, вельмі глыбокага сасновага лесу. Я баўлю выходныя ў ваколіцах Менску зь Зігерамі, у якіх ёсьць “Масквіч”. Альфрэд заўсёды ходзіць з Анітай, у Леаноры, здаецца, няма сталага кавалера, але шмат хто ёю захапляецца. У яе цудоўная гішпанская постаць, даўгія чорныя валасы, як у Аніты. Я не зьвяртаю на яе шмат увагі, яна для мяне застарая. Здаецца, ёй не падабаецца адсутнасьць увагі з майго боку. Яна вельмі заведзеная.

Улетку Освальд уступае на тэрыторыю, на якую раней не зважаў і нават дэкляраваў сваё да яе абыякавае стаўленьне: якасьць жыцьця. Асобная кватэра, грошы толькі за тое, што ён амэрыканец, -- гэтага спакваля аказваецца недастаткова.
Освальд і Альфрэд

І Освальд піша ўжо ня проста пра садавіну – а пра яе адсутнасьць большую частку году.

Нават пасьля армейскай кухні ежа ў сталічным кафэ “Бярозка” на плошчы Перамогі выклікае нараканьні.

Дзёньнік ЛГО. Працяг

Я прызвычаіўся да маленькага кафэ, куды хаджу вячэраць. Ежа звычайна нясмачная, і ў любым кафэ ў горадзе аднолькавае мэню. Ежа танная, і мне насамрэч усё роўна пасьля трох гадоў службы ў амэрыканскай марской пяхоце.


Освальд быццам спрабуе пераканаць сам сябе, што яму ўсё роўна і нават знайсьці плюсы – танна. Але адначасна робіць яшчэ больш важную заўвагу -- такая самая ежа, аднолькавы набор паўсюль.

Трэба сапраўды быць марксістам, каб толькі праз год пасьля прыезду ў краіну сваёй мары заўважыць яе самую адметную рысу.

Няма выбару.

Нават горш – шчасьця няма.

Адразу пасьля прыезду ў Маскву ўвосень 1959-га Освальд пісаў ужо брату, што не разьлічвае на нейкія выгоды ў СССР, бо “шчасьце не асабістая рэч, яго не складаюць маленькі дом, браць і атрымліваць.” І ўдакладняў:

Шчасьце ў тым, каб браць удзел у барацьбе, дзе няма мяжы паміж асабістым сьветам і сьветам увогуле. Я ніколі не лічыў, што я атрымаю больш матэрыяльных перавагаў на гэтым этапе разьвіцьця Савецкага Саюзу, чым я мог бы мець у ЗША.

За дзевяць месяцаў у Менску Освальд істотна пераглядае свае погляды на шчасьце.

Дзёньнік ЛГО
Жнівень -- верасень 1960

Па меры таго, як паляпшаецца мая расейская мова, я ўсё больш усьведамляю, у якім грамадзтве я жыву. Агульная фіззарадка, абавязковыя сходы пасьля працы, звычайна палітінфармацыі. Абавязковае наведваньне лекцыяў і адпраўка цэлага цэху (апроч мяне) у калгас на бульбу ў нядзелю. “Патрыятычны доўг” збору ўраджаю. Гэта вялікі галаўны боль, на думку рабочых (ня ўслых). Яны таксама ня маюць вялікага энтузіязму і да іншых “калектыўных” абавязкаў, натуральнае пачуцьцё.


А цікава было б прачытаць запіс Освальда пра ўражаньні ад паездкі на бульбу.

А потым рапарт КДБ.

І потым тлумачэньне Мэйлера амэрыканскім чытачам, што гэта такое – прымусовае выпраўленьне інжынэраў і рабочых аднаго з флягманаў савецкага навукова-тэхнічнага прагрэсу на калгасныя палеткі, дзе ўзровень мэханізацыі вымяраецца вёдрамі і мяхамі, і як гэта стасуецца са спадарожнікам і вадароднай бомбай.

І напэўна нехта ўсклікнуў бы – і мы падчас халоднай вайны патрацілі мільярды супраць такога праціўніка?..

І адказ – так. Бо іначай самі б езьдзілі рваць кукурузу, і за надоі змагаліся, і пасылалі працоўныя рапарты ў Белы дом.*

Шкада ўсё ж, што не паслалі амэрыканца на бульбу.

------------------------------
*Штатаўская карова спалохалася, што можа патрапіць на калгасную фэрму, і за наступныя пяцьдзясят гадоў павялічыла надоі з шасьці зь лішкам да дзевяці зь лішкам тысяч кіло, а невыязная савецкая – з амаль трох да чатырох. 30.12.2006 Белта разаслала сваім падпісчыкам навіну: «Упершыню ў гісторыі Беларусі сярэдні надой малака ад каровы ў сельгасарганізацыях перавысіў 4 тыс. кг. Аб гэтым гаворыцца ў тэлеграме, накіраванай прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку Мінсельгасхарчам».


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова