Міністар юстыцыі: пляскаць трэба на стадыёне або ў тэатры

  • БелаПАН
Міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галяванаў растлумачыў, як трэба паводзіць сябе на масавых мерапрыемствах, не парушаючы грамадзкі парадак.

Як вынікае з паведамленьня на сайце Мінюсту, на сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Дом абутку" 24 чэрвеня Галаванаву было зададзена пытаньне: "Ці існуе адміністрацыйная або іншая адказнасьць грамадзяніна, калі ён проста стаіць на плошчы або пляскае ў далоні? У нас жа існуе свабода перамяшчэньня".

"Калі грамадзянін проста стаіць на плошчы або вуліцы і не парушае грамадзкі парадак, то ніякай адказнасьці не наступае, ні адміністрацыйнай, ні нейкай іншай. У нас сапраўды свабода. Калі ён пляскае ў далоні, то гэта таксама не супрацьзаконна. Калі гэтае плясканьне доўгае і беспрычыннае, то гэта — пытаньне да вузкіх спэцыялістаў, якія, магчыма, захочуць праверыць яго стан здароўя. Але калі вялікая група людзей стане на плошчы і будзе "проста стаяць" або "проста пляскаць", то тут, на мой погляд, якраз іх свабода заканчваецца і наступае свабода тых, хто вяртаецца з працы або прыйшоў на плошчу адпачыць ці пагуляць з дзецьмі. Ім гэты натоўп перашкаджае", — цытуе Галаванава сайт падначаленага яму ведамства.

У такім выпадку, на думку міністра, "правамерныя дзеяньні работнікаў міліцыі, якія прапануюць "проста пастаяць" або "проста папляскаць" у іншым месцы, не перашкаджаючы людзям". "Калі такія пляскальшчыкі адмовяцца, то органы ўнутраных спраў могуць расцаніць гэтыя дзеяньні як парушэньне грамадзкага парадку, а суд вызначыць канкрэтную меру пакараньня. Пляскаць трэба на стадыёне або ў тэатры", — рэзюмаваў Галаванаў.