Чый Освальд?

  • Аляксандар Лукашук

Освальд у войску (крайні справа)

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Нікому ня рана, і ніколі ня позна, як папулярна тлумачыў шлюб адзін пэрсанаж савецкага кіно, і як усе мудрыя думкі, гэтую можна прыкласьці шмат да чаго. Напрыклад, забегчы наперад дэтэктыўнага сюжэту і адразу задаць пытаньне, вынесенае ў загаловак.

Сачэньне за Освальдам у Савецкім Саюзе мела на мэце высьветліць, ці працаваў ён на ЦРУ, а ў ЗША спрабавалі разабрацца, ці не зьяўляўся ён крэатурай КДБ.

Маці Освальда Маргарыта
Гэтае ж пытаньне задавала і маці Освальда Маргарыта. Пасьля ліста ад сына, дзе ён парываў усякія сувязі зь сям’ёй, яна зьвярнулася да свайго кангрэсмэна, затым у Дзярждэпартамэнт – чаму сын у СССР? Як імігрант ці выконвае нейкае заданьне амэрыканскага ўраду? Іншымі словамі – ці не агент ЦРУ?

Мэйлер уключыў у кнігу эпізод, які сьведчыць ня толькі пра настойлівасьць Маргарыты Освальд, але і пра амэрыканскую дэмакратыю.

21 студзеня 1961 году маці Освальда вырашыла паехаць у Вашынгтон. Дарога заняла тры дні і дзьве ночы, і адразу з тэлефона на вакзале яна набрала нумар Белага Дому і сказала што хоча гаварыць з прэзыдэнтам Кенэдзі. Было толькі 8 раніцы, апэратар адказаў, што прaца пачынаецца а 9-й. Яна перазваніла а 9-й, ёй паведамілі, што Кенэдзі на нарадзе і прапанавалі запісаць паведамленьне для яго. Яна адмовілася і папрасіла сустрэчы зь дзяржсакратаром Раскам. Узамен ёй прапанавалі сустрэчу з Дэвісам Бостэрам, высокапастаўленым дыпляматам, які займаўся справамі СССР. У той самы дзень а 2-й гадзіне яе прынялі ў Белым Доме.

Яна задала галоўнае пытаньне – ці зьяўляецца яе сын амэрыканскім агентам? Калі так, яна хоча каб яго вярнулі, бо сама хворая і патрабуе дагляду. Калі ён перабежчык, што ж -- ён мае на гэта права як асоба.

Сына, які ня быў дзяржаўным агентам, ёй вярнуць не змаглі, але выслухалі і нават не абвінавацілі яго ў здрадзе:

Місіз Освальд, мы хочам, каб вы ведалі, што мы таксама так лічым.

І гэта – пра перабежчыка ў разгар халоднай вайны.

ФБР Освальдам таксама зацікавілася. Але не тады, калі ён паехаў у Маскву і адмовіўся ад амэрыканскага пашпарту, а калі ён вырашыў вярнуцца.

Камісія Ўорэна. Матэрыялы

Сьледчая справа на Освальда была заведзеная ФБР 31 траўня 1962 году. Іміграцыйная служба была абавязаная паведаміць ФБР пра яго ўезд у краіну. Сьледзтва павінна было высьветліць, ці Освальд быў завэрбаваны савецкай разьведслужбай.


Падчас нашай тэлефоннай гутаркі Мэйлер скажа:

Норман Мэйлер
Яны мяне ў прынцыпе пераканалі, што КДБ не спрабаваў скарыстаць Освальда ў якасьці агента. Яны сапраўды былі вельмі разумныя, а іхныя аргумэнты доказныя. Яны казалі: паслухай, Освальд мог працаваць на нас у Японіі -- ён мог супрацоўнічаць кароткі час у Японіі з камуністамі. Аднак ён траціць сваю каштоўнасьць, калі прыяжджае да нас у Маскву і заяўляе, што ён пакідае Амэрыку. Цяпер гэта не каштоўны агент, а дадатковая адказнасьць.

Чаго вартае тое, што ён спрабуе адмовіцца ад амэрыканскага грамадзянства ў амбасадзе і там паводзіць сябе вельмі вельмі гучна. Яны згадалі той факт, што ў іх былі жучкі для падслухоўваньня ў сьценах у амбасадзе. Гэта сьмеху варта. Ён гаворыць вельмі гучна, бо, верагодна, хоча, каб жучкі гэта запісалі. Калі б ён і меў нейкую карысьць для іх, усё было разбурана ягоным прыездам у Расею.


Праз год пасьля звароту Освальда па савецкае грамадзянства з такой самай заявай публічна выступілі яшчэ два амэрыканцы. У верасьні 1960-га шыфравальшчыкі Нацыянальнага агенцтва бясьпекі ЗША Ўільям Мартын і Бэрнан Мітчэл на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве папрасілі палітычнага прытулку і савецкага грамадзянства. У якасьці прычыны яны назвалі абурэньне мэтадамі амэрыканскай разьведкі -- сакрэтнымі палётамі над тэрыторыяй СССР, перахопам інфармацыі.

Яны таксама крытыкавалі ўнутраную і зьнешнюю палітыку ЗША, захапляліся Савецкім Саюзам і асабліва правамі жанчын (адзін зь іх ажаніўся ўжо праз чатыры месяцы пасьля прыезду). У амэрыканскіх газэтах пра іх пісалі пераважна як пра асобаў з сэксуальнымі адхіленьнямі.

Шкода амэрыканскай бясьпецы ад гэтых перабежчыкаў была ацэненая як вельмі вялікая.*

Мэйлер паспрабаваў спрачацца са сваімі суразмоўцамі з КДБ: маўляў, Освальд шмат што ведаў пра вайсковыя справы.

Яны рассьмяяліся і сказалі, што ў іх была вельмі добрая разьведвальная служба ў Японіі ў той час, у 1958-59, 1960-61 гадах. Нам не патрэбная была яго інфармацыя, якая да таго ж састарэла. Мы маглі распытаць яго ўскосна, праз пасярэднікаў. Але мы ніколі не распытвалі яго напрасткі, не выклікалі ў КДБ. Мы лічылі, што ня мае сэнсу яго распытваць.

Мэйлер прывёў яшчэ адзін аргумэнт КДБ, які падаўся яму вартым даверу:

Яны казалі: а што, калі ён шчыры? Мы тады хацелі верыць, што нашая сыстэма лепшая за амэрыканскую, і было б трагедыяй, калі б мы адаслалі гэтага хлопца назад. І ён сапраўды быў шчырым.

Такім чынам, пазыцыя КДБ будавалася на трох кітах: першы -- яны ведаюць, што ён ня іх агент, другі – магчыма, ён сапраўды той, за каго сябе выдае, і трэці – ня выключана, што ён з ЦРУ.

Яны насамрэч думалі, што гэта нейкая дурацкая правакацыя ЦРУ, што ЦРУ пасылала пробны шар, каб паглядзець, як КДБ будзе рэагаваць на гэты нечаканы раздражняльнік. Яны вырашылі нічога адкрыта зь ім не рабіць, не праводзіць допыту.

З гэтага, сказаў Мэйлер, вынікала толькі адно -- за Освальдам трэба было сачыць.

Яны сказалі, што хацелі трымаць яго пад наглядам, каб сачыць, што ён зьбіраецца рабіць. Але яны выключылі магчымасьць прамога кантакту з Освальдам, бо ЦРУ стала б гэта вядома, калі б, як меркавалася, Освальд інфармаваў ЦРУ пра мэтады дзейнасьці КДБ.

І яны хацелі захаваць свае мэтады ў тайне. Гэта мела сэнс, калі яны адстойвалі свой пункт гледжаньня. І сапраўды, калі паглядзець у матэрыялы справы, дык мы пабачылі, што там у асноўным спробы высьветліць, ці ён сапраўды быў тым, за каго сябе падаваў.


Калі кніга выйшла, Мэйлер патлумачыў лёгіку спэцслужбаў дзьвюх краінаў старым анэкдотам:

-- Стукні мяне, -- сказаў мазахіст.
-- Ня буду, -- сказаў садыст.


І абодва задаволеныя.

----------------------------------
*Абодва потым расчараваліся і спрабавалі вярнуцца ў ЗША, але былі пазбаўленыя грамадзянства. Першы памёр у Мэксыцы ў 1987-м, другі у Расеі ў 2001-м.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт