Дубінкі супраць маўчаньня

Сяргей Абламейка

Як можна ацаніць сёньняшнюю акцыю маўчаньня, якая прайшла ў многіх гарадах Беларусі? Чаму ўлады гэтак жорстка супрацьдзейнічалі ёй? Якія пэрспэктывы сацыяльнага і палітычнага пратэсту ў Беларусі?

Над гэтымі тэмамі ў Экспэртызе Свабоды разважаюць шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і аглядальнік нашага радыё Юры Дракахруст.

Абламейка: Як вы ацэньваеце сёньняшнюю акцыю маўчаньня, ініцыяваную інтэрнэт-супольнасьцю «Рэвалюцыя ў сацыяльных сетках»? Фармат акцыі вельмі свабодны, так што якім можа быць крытэр яе пасьпяховасьці?

Калінкіна: Для мяне крытэр пасьпяховасьці -- сам факт, што былі людзі і была акцыя. І нават ня столькі колькасьць людзей мяне ўражвае, колькі сам факт, што, нягледзячы на такую масавую контрпрапаганду, людзі прыходзяць і самі сабе апладзіруюць. Гэта вельмі важна ў нашых умовах, калі ўлада робіць усё, каб у грамадзтве панаваў страх і падпарадкаваньне любым загадам.



Дракахруст: Фармат акцыі, да якой заклікалі ўдзельнікі інтэрнэт-супольнасьці "Рэвалюцыя ў сацыяльных сетках", быў надзвычай свабодным -- хадзіць па плошчы, маўчаць, гуляць. Але нават з улікам гэтага ўладам удалося акцыю сарваць. Мабыць, падзейнічалі пагрозы прэзыдэнта сарваць з кагосьці пагоны за патураньне крамоле. Сёньня не патуралі, пры ўсёй абсурднасьці трактоўкі шпацыраў людзей па горадзе, як бунту. Зьвяртае на сябе ўвагу вельмі жорсткае абыходжаньне з журналістамі.

Абламейка: На мінулыя серадовыя акцыі кожны раз прыходзіла ўсё больш людзей. Колькі прыйшло сёньня?

Калінкіна: Вельмі цяжка сказаць, бо ўсё было зроблена так, каб людзі не маглі сабрацца разам, яны былі разьбітыя на групкі па ўсім Менску. Хоць у іншых гарадах, у Магілёве, Гомелі, дзе ўлады ня дзейнічалі так жорстка, там даходзіла да тысячы чалавек. Гэта вельмі шмат для абласных цэнтраў. Асабліва ўлічваючы, што на мінулым тыдні было 300-400 чалавек. Мне здаецца, што павелічэньне колькасьці людзей было і ў Менску.

Абламейка: Як вы ацэньваеце дзеяньні ўладаў напярэдадні сёньняшняй акцыі: учорашняя стужка па АНТ, сёньняшнія парады ўдзельнікам акцыі ГУУС, ролік у Інтэрнэце. Ці новыя інфармацыйныя «антыаранжавыя» тэхналёгіі маюць плён?

Дракахруст: Пэўны плён маюць. Калі кандовыя ролікі пра злавеснага дзядулю Сораса наўрад ці маглі адбіць ахвоту ў моладзі ісьці на плошчу, то даволі пісьменныя тэксты шэфа прэсавай службы менскай міліцыі маглі прымусіць некага задумацца. Але інфармацыйныя тэхналёгіі адыгрывалі ўсё ж другасную ролю. Першасную – індывідуальная праца з актывістамі, і грубая сіла падчас уласна акцыі.

Калінкіна: Я пакуль ня бачу вялікага значэньня гэтых дзеяньняў і тут ёсьць некалькі складнікаў. Гэтыя "антыаранжавыя" тэхналёгіі ўжо даўно сябе дыскрэдытавалі. Людзі проста ня вераць і вельмі скептычна ставяцца да ўсяго, што гучыць з таго боку, асабліва калі людзі ўжо маюць пратэставы настрой адносна таго, што адбываецца ў краіне.

Абламейка:Чаму ўлады паводзілі сябе гэтак жорстка супраць па сутнасьці бяскрыўднай падзеі: зьбіраліся людзі, маўчалі, пляскалі ў ладкі. Чаму ўлады прынялі гэтую акцыю ледзь не за спробу гвалтоўна скінуць уладу?

Калінкіна: Я думаю, што насамрэч яны не прынялі гэта за спробу гвалтоўна скінуць уладу, а ўспрымаюць гэта як чарговую спробу кансалідацыі пратэстаў. І ў гэтым сэнсе любая акцыя -- маўклівая ці калі людзі проста выйдуць есьці марозіва на вуліцы, любая акцыя, якая не санкцыянаваная, для ўладаў прадстаўляе пагрозу. І задушыць любы пратэст у самым ягоным пачатку спрабуюць зараз улады РБ. Бо сытуацыя для іх цяпер вельмі і вельмі няпростая, градус кіпеньня ў грамадзтве досыць вялікі.

Дракахруст: Вось зараз у інтэрнэце зьявіўся запіс выхаваўчай размовы КДБіста з адным студэнтам, які і выклаў яе ў сеціва. Дык там КДБіст шчыра кажа – ўсё мы разумеем, хочаце, каб кожны раз прыходзіла ўсё больш і больш людзей, а потым і ўладу скінуць. Магчыма, кепскі жарт з ініцыятарамі акцыі згуляў іх энтузіязм: іх гаворкі пра рэвалюцыі былі ў лепшым выпадку марай, але ўлады прынялі яе ўсур'ёз. Кантраст паміж вельмі радыкальнымі і маштабнымі мэтамі і па сутнасьці нявінным характарам выкананьня, аказаўся не на карысьць акцыі, калі ўлады сталі ставіцца да яе ў адпаведнасьці з заяўленымі далёкімі мэтамі. Праўда, па мінулым досьведзе можна сказаць, што любую ініцыятыву самаарганізацыі і самавыяўленьня, якая стала больш-менш прыкметнай, улада ўспрымае як пралёг паўстаньня і абыходзіцца з ёй адпаведным чынам.

Абламейка: Учора зьявілася інфармацыя, што рух «Стоп-бэнзін» нібыта зьбіраўся падтрымаць акцыю маўчаньня. Хаця на мінулым тыдні лідэр руху Арцём Шаркоў даволі нэгатыўна выказаўся пра ініцыятыву «рэвалюцыі ў сацыяльных сетках»? На ваш погляд у якой ступені наладжанае ўзаемадзеяньне палітычнага і сацыяльнага пратэсту?

Дракахруст: Мне здаецца, што гэта самае слабое месца акцыі. І ўлада насамрэч можа дарма палохаецца і страхуецца. На акцыях маўчаньня не зусім ужо спрэс моладзь, як гэта казаў Лукашэнка на сваёй прэсавай канфэрэнцыі, але пераважна, у адрозьненьне ад акцыі «Стоп-бэнзін» і пратэстаў у Брузгах. Пакуль няма камунікацыі паміж палітычным і сацыяльным пратэстам, акцыі кшталту сёньняшняй – гэта Плошча-лайт. У барацьбе зь ёй улада перамагае. А да паўтарэньня красавіка 1991 яшчэ далёка.