Час Быкава яшчэ наперадзе

22 чэрвеня – дзень памяці Васіля Быкава. У гэты дзень восем гадоў таму спынілася сэрца пісьменьніка, чый творчы і жыцьцёвы шлях застаецца прыкладам вернасьці праўдзе і адданасьці свайму народу. Цягам папярэдніх чэрвеньскіх дзён у эфіры Радыё Свабода палітычныя вязьні, іх родныя і блізкія чыталі быкаўскія радкі. Сёньня некаторыя зь іх распавядаюць, як ацэньваюць творчасьць і грамадзкую дзейнасьць Васіля Быкава, што значыў ён у іх лёсе.


Уладзімер Някляеў, паэт, былы кандыдат у прэзыдэнты:

“Я не такі кароткі час жыву ўжо на сьвеце і шмат, каго страціў, шмат людзей сышло з майго жыцьця. Я іх узгадваю. І сярод маіх згадак, згадка пра Быкава ня самая рэдкая. Чамусьці ўспаміны мяне адводзяць да апошніх нашых сустрэч, да апошніх нашых размоваў. Я адганяю ад сябе самыя сумныя, зьвязаныя з сустрэчаю ўжо ў шпіталі. Я згадваю, як патэлефанаваў яму з Хэльсінкі ў Нямеччыну, дзе ён тады ўжо атабарыўся, і сказаў, што ніяк не магу зьлічыць сьнегіроў на пакінутай ім у той кватэрцы ў Хэльсінках, дзе жыў спачатку ён, а пасьля я, карціне. Гэта быў такі засьнежаны куст ці то рабіны, ці то івы, на якім сядзелі сьнегіркі. Я лічыў гэтых сьнегіроў і кожнага разу памыляўся: то іх было сямнаццаць, то васямнаццаць. Я спытаўся ў Васіля Ўладзімеравіча, ці лічыў ён гэтых птушак, і колькі іх насамрэч на гэтым кусьце. Ён сказаў, што ня дзіва, што я памыляюся кожнага разу, бо штуковіна ўся ў тым, што адзін сьнягір з гэтага куста зьлятае, а пасьля вяртаецца. Дык вось, кожнага разу, калі я думаю пра Васіля Ўладзімеравіча, я згадваю таго пералётнага сьнегіра, і мне ўяўляецца, што надыйдзе нейкі год, нейкі месяц, нейкі дзень, калі разам са сьнегіром у маё жыцьцё вернецца Быкаў і скажа: “Я ж табе казаў, што ў гэтым няма нічога дзіўнага”.


Павал Севярынец, адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі:

“Быкаў быў вельмі сьціплым чалавекам, гэта вельмі беларуская якасьць і глыбока хрысьціянская. Быкаў не рэклямаваў сябе, не прэтэндаваў на нешта, проста пісаў праўду. У той час у савецкай Беларусі гэтага было дастаткова, каб, застаючыся сьціплым, стацца вялікім. У цэнтры быкаўскіх твораў заўсёды ахвяра. Мірныя ахвяры вайны, як у “Знаку бяды”, або байцы, якія ахвяруюць сабой дзеля іншых, як у “Сотнікаве”, у “Жураўліным крыку”. Чалавек, які грэбуе небясьпекай да жыцьця і пераадольвае страх сьмерці, бо адчувае, што па-над сьмерцю ёсьць нешта альбо нехта вышэйшы. Людзям, якія чытаюць Быкава, здаецца, што ўсё тут пэсымістычна, але пэсымізм Быкава зьвязаны зь ягоным глыбокім разуменьнем прыроды чалавека, грэшнай самой па сабе, схільнай да эгаізму, але таксама і да самаахвярнасьці. Быкаў асьвятляў пытаньні жыцьця і сьмерці, і больш нічога, таму вось гэты выбар, які чалавек урэшце робіць на карысьць ці то жыцьця ў ганьбе, ці то гераічнай сьмерці, такім і застаецца ў вечнасьці для чытачоў. Калі казаць пра чалавекацэнтрычны погляд, мы сапраўды бачым пэсымізм, бачым мяжу, канцовасьць, абмежаваньне чалавека -- вось ён, калі ласка, экзыстэнцыйны сум, але, калі чытаць уважліва Быкава, асабліва найважнейшае, канцоўкі ягоных твораў, мы бачым, што Васіль Уладзімеравіч паказвае выйсьце, як у знакамітым прызыўным “Жураўліным крыку”, які прарываецца зь неба, як покліч да чалавека”.


Ірына Халіп, журналістка, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава:

“Васіля Быкава я толькі ўжо, напэўна, у дзевяностыя пачала ўспрымаць як выбітнага грамадзкага дзеяча. Нават памятаю дакладна дзень -- 19 жніўня 1991 году, дзень жнівеньскага путчу ў Маскве. Менавіта тады вельмі жорсткая заява Васіля Быкава, якую ён даслаў, здаецца мне, у рэдакцыю газэты “Маскоўскія навіны”, пераканала мяне ў тым, што гэта ня толькі геніяльны пісьменьнік, але і выбітны грамадзкі дзеяч, мужны, сьмелы чалавек. А спачатку для мяне Васіль Быкаў быў у тым жа шэрагу, што і Віктар Некрасаў, і Рыгор Бакланаў, і Уладзімер Багамолаў -- усе гэтыя “акопныя праўдзісты”, тыя пісьменьнікі, што ваявалі і што сталі пісаць праўду пра вайну, -- таксама вельмі, здаецца мне, цудоўная і годная кампанія. І зараз для мяне Быкаў усё роўна усё ж такі больш пісьменьнік, чым грамадзкі дзеяч, таму што, як казаў ягоны сябар Твардоўскі, “всё минется, а правда останется”. Вось гэтая, напэўна, акопная праўда, яна захаваецца ў стагодзьдзях, у тысячагодзьдзях, і, чытаючы Быкава, нашчадкі нашых нашчадкаў і іхныя нашчадкі будуць дакладна ведаць праўду пра тую вайну”.


Вольга Бандарэнка, жонка зьняволенага Дзьмітрыя Бандарэнкі, пра Васіля Быкава:

“Я сама з Расеі і Быкава чытала напачатку толькі на расейскай мове. І, можа быць, увогуле пра Беларусь я даведалася толькі праз Быкава і дзякуючы Быкаву. І, калі я сюды ўжо дарослай прыехала, і так здарылася ў маім жыцьці, што я выйшла замуж за беларускага нацыяналіста і стала беларускай нацыяналісткай, і палюбіла беларускую мову, хаця, канешне, не размаўляю на ёй у дасканаласьці. Быкаў для мяне насамрэч быў вельмі значнай фігурай. Аднойчы мы зь Дзімам былі на прыёме, была прэзэнтацыя вершаў (пераклад на беларускую мову), і ён там быў. І я зь ім пазнаёмілася. Я памятаю, што гэта было для мяне, ну я ня ведаю, я ня з тых людзей, якія ствараюць куміраў, але ён быў, напэўна, адным з такіх куміраў у маім жыцьці. І тое, што я асабіста зь ім пазнаёмілася, трымала яго за руку, абняла яго, дагэтуль для мяне, напэўна, такая адна са значных, сьветлых, яскравых, эмацыйных падзеяў у жыцьці”.


Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

“Васіль Быкаў -- гэта Васіль Быкаў. І тут не дадаць, не адняць. І абсалютная праўда, што Васіль Быкаў -- гэта самы пазытыўны брэнд сучаснай Беларусі. Гэта візытная картка. У нас ёсьць некалькі брэндаў, негатыўных, такіх як Чарнобыль, такіх як Аляксандар Лукашэнка, і пра гэта дастаткова вядома. А вось калі на шалі вагаў палажыць нешта пазытыўнае, то гэта Васіль Быкаў, гэта яго скарбніца, актуальнасьць якой павялічваецца з дня ў дзень. Вось мне прапанавалі нешта пачытаць, я проста адкрыў адзін з тамоў Васіля Быкава, і першае, што мне трапілася, гэта “Новая цывілізацыя”, напісаная напачатку новага стагодзьдзя, але наколькі актуальна! Гэта значыць, што чалавек у той час глядзеў наперад, і тое, што ён выкладаў, не губляе актуальнасьці па сёньняшні дзень. Таму час Васіля Быкава яшчэ не надышоў, ён наперадзе, і для нас, прыхільнікаў пераменаў, брэнд, візытная картка “Васіль Быкаў” -- гэта тое, што можа аб'яднаць, тое, што можа натхняць на перамены”.


Віталь Рымашэўскі, былы кандыдат на прэзыдэнта:

“Я памятаю свой падлеткавы ўзрост, часы перабудовы, і -- гэта, напэўна, была дзясятая кляса -- я спрачаўся з сваім татам наконт слушнасьці тых ці іншых лёзунгаў палітычных, якія тады панавалі: нацыянальнае адраджэньне з аднаго боку, а з другога -- агітацыя за Савецкі Саюз. І я памятаю добра, што казаў мой бацька: “Ну ведаеш, Віталь, усе яны прыгожа кажуць, невядома, каму верыць, таму што ўсе яны аднолькавыя”. І, ведаеце, я ўсур'ёз так паставіўся да татавых словаў, але потым яму запярэчыў, сказаўшы наступнае: “Ну ведаеш, вось з тымі, хто выступае за нацыянальнае адраджэньне, вельмі вядомыя людзі, у тым ліку Васіль Быкаў і іншыя, якія заўсёды выступалі за праўду і справядлівасьць. Я выбіраю быць зь імі”. І вось, я памятаю, з тых часоў для мяне постаць Васіля Быкава, ну і іншых вядомых пісьменьнікаў, якія тады далучаліся, вядомых людзей Беларусі, да нацыянальнага адраджэньня, яна сталася таксама пацьверджаньнем правільнасьці майго асабістага выбару, палітычнага, сьветапогляднага, які сфармаваў мяне як асобу, я думаю, канчаткова і вызначыў мой палітычны, як мінімум, лёс. Што ж тычыцца да дзяржавы, у дачыненьні да беларускай нацыі, беларускага народу, Васіль Быкаў -- гэта адзін з тых нямногіх людзей, якога можна назваць сумленьнем беларускай нацыі. І вось усё яго жыцьцё, усе яго словы, яны былі надзвычай актуальныя, калі ён жыў, ну і зьяўляюцца, як мы бачым ужо сёньня, прароцкімі ўва многім да нашых часоў. Таму, я думаю, Васіля Быкава трэба ня толькі шанаваць, як вялікага дзеяча мастацтва, літаратуры, але таксама як выбітную постаць беларускай нацыі. Яго словы надзвычай актуальныя. Калі ўдумацца ў сэнс гэтых словаў, то мы паглядзім, што многае з таго, што ён сказаў, мы нават, тыя, хто выступае за дэмакратыю, ня толькі забыліся, але часта сёньня і папіраем. Я думаю, што ў гэтым наша бяда. Ён часта казаў пра фундамэнтальныя рэчы. Калі ня слухаць такіх людзей, як Васіль Быкаў, калі яго не перачытваць, ня ўдумвацца ў сэнс яго мастацкіх твораў, у сэнс яго словаў публіцыстычных, то ў беларусаў ня будзе ні нацыянальнай эліты, ні ў нацыі беларускай ня будзе будучыні. Таму Васіль Быкаў -- гэта сумленьне беларускай нацыі, і, я спадзяюся, што, гледзячы на яго прыклад, у нас будуць зьяўляцца і ў будучым і ў сучасным такія ж людзі”.


Людміла Мірзаянава, маці Фёдара Мірзаянава, асуджанага на тры гады ўзмоцненага рэжыму:

“Пасьля падзей 19 сьнежня неаднаразова ўсплываў твор Васіля Быкава. У размовах са знаёмымі, проста так у памяці. Бо вельмі яскрава з дапамогай мастацкіх сродкаў аўтар паказаў, як па-рознаму людзі паводзяць сябе ў экстрымальных абставінах, і якія фактары вызначаюць менавіта гераічныя паводзіны. І Быкаў паказаў, што гэта не здароўе. Здароўе не галоўны фактар. Псыхолягі гавораць, што ёсьць вагі, з дапамогай якіх можна вызначыць, колькі волі ў чалавека. Гэта -- цяжкасьці, якія пераадольвае кожны чалавек. Вось Рыбак і Сотнікаў апынуліся ў аднолькавых сытуацыях, аднолькавыя, здаецца, цяжкасьці, але пераадолець іх змог менавіта слабы чалавек, вельмі хворы чалавек, але вельмі моцны духам. І калі мой сын Фёдар апынуўся ў вельмі складанай сытуацыі, я таксама ўявіла сабе вагі. Вось гэтыя цяжкасьці, зьнешнія, моцны ціск зьнешніх абставін -- перапоўненыя камэры, і маральны ціск з боку сьледчых, і ўнутраныя цяжкасьці -- трывога, няўпэўненасьць. І да мяне прыйшла вось думка, як ён зможа, ці зможа ён пераадолець гэтыя цяжкасьці, бо стан здароўя яго быў ня вельмі моцны. Але зараз, калі ў мінулым і арышты, і допыты, і судзебныя паседжаньні, я ўжо з гонарам гавару сама сабе, што захаваў сваё пазытыўнае Я, ён упэўнены ў сабе, як і быў калісьці, і здольны нават падтрымаць іншых, і цудоўным сродкам карыстаўся ў гэтых складаных абставінах, канструктыўным сродкам -- пачуцьцём гумару. Пра гэта гаварылі мне і адвакаты, і яго сябры, і таварышы”.


Аляксандар Фядута, палітоляг:

“У выдатнага эсэіста і шматгадовага супрацоўніка Радыё Свабоды Петра Вайля, зь якім я, дзякуй Богу, быў пэўны час знаёмы, ёсьць выдатная кніга, якая называецца “Геній месца”. Вось для мяне Васіль Быкаў -- гэта геній таго месца, дзе я нарадзіўся, гэта -- геній Гародні. Гародня наогул такі горад, дзе шмат хто бываў, шмат хто жыў, і калі я хаджу зараз вуліцамі свайго роднага горада, я думаю, што вось тут побач са мной недзе ішоў Карпюк, а вось тут сядзеў Клейн. а вось тут я ўпершыню спаткаў, дзякуй Богу, жывую і, спадзяюся, здаровую ўсё яшчэ Дануту Іванаўну Бічэль, але галоўная постаць Гародні, той Гародні, дзе я нарадзіўся і жыў, і зь якой зьехаў дваццаць год назад, гэта -- Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Што б ні казалі менчукі, для мяне ён назаўжды застанецца гарадзенцам. Я памятаю, як я яго ўпершыню ўбачыў у галоўнай кнігарні свайго жыцьця, кнігарні нумар адзін горада Гродна, кнігарні “Раніца”. Ён увайшоў, такі змрочны, бровы ў яго былі такія насупленыя, і на ім быў такі беленькі капялюшык, як я памятаю, і я ўбачыў -- а я быў яшчэ ну малы хлапец, я ня ведаў, хто гэта -- і я ўбачыў, як падыйшла да яго гаспадыня гэтай галоўнай кнігарні майго жыцьця Зоя Юльянаўна Цалуйка, зь якой павагай паказвала яму, што новае. І пасьля ўжо я спытаўся: “А хто гэта? ” Таму што постаць чапляла вока. І мне сказалі: “Гэта Быкаў”. Адну з аповесьцяў Быкава я ў той час ужо прачытаў, гэта была, зразумела ж, “Альпійская балада”. І дагэтуль я лічу, што мне пашанцавала, што я яго ўбачыў менавіта ў Гародні. Калі б у Менску, вось таго свайго, зямляцкага адчуваньня ягонай прозы не было б”.