Наша перадача адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбываў або сам чалавек, або яго сваякі.
Сярод сёньняшніх тэмаў:
Да 30-годзьдзя СНІДу
"Як памёр у калёніі мой сябар" — з допісу вязьня
Ці перавыхоўвае турма наркаманаў?
Апытаньне на вуліцах Магілёва і рэпартаж са Сьветлагорску
Гартаючы турэмныя дзёньнікі жалезнага Фэлікса. Ці не паўтараецца гісторыя, як тыя лісты палітвязьняў?
Нам можна напісаць на адрас: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952. Дзякуем усім, хто напісаў або патэлефанаваў нам, а таксама родным зьняволеных, якія дазволілі працытаваць фрагмэнты прыватнага турэмнага ліставаньня.
Гэты ліст ад зьняволенага Алега мы вырашылі даць амаль без скарачэньняў. Ня так даўно на яго вачох у калёніі памёр ад СНІДу ягоны сябра Сяргей. Алег піша:
"Нядаўна з тэлевізара даведаўся, што СНІДу сёлета ў чэрвені споўнілася 30 гадоў. Да свайго зьняволеньня, а сяджу ўжо некалькі гадоў, ніколі ўвогуле не задумваўся, наколькі сур’ёзная гэтая праблема. У нашай калёніі людзей зь ВІЧ прыкладна каля 200. Усе яны — мае раўналеткі 30-гадовыя, якія падхапілі хваробу праз іголку. Шмат хто са Сьветлагорску. Артыкул, паводле якога шмат хто зь іх асуджаны, вельмі сур’ёзны — 328/3 (ужываньне і распаўсюджваньне наркотыкаў). Ведаючы гэтых хлопцаў, асабіста я ў тое, што яны распаўсюджвалі наркату, ня веру. Ім ледзь хапала на сваю дозу. Тыя, хто насамрэч займаецца такім бізнэсам, маюць даволі грошай, каб адкупіцца ад турмы".
Як адзначае Алег, стаўленьне да гэтых хлопцаў з боку асуджаных, прынамсі ў яго атрадзе, цалкам нармальнае.
"Усе мы ямо за адным сталом, мыемся ў адной лазьні. Гэта ціхія, спакойныя людзі, якія ў няволі могуць абыходзіцца абсалютна без наркотыкаў. На жаль, за час, што я тут знаходжуся, некаторыя з гэтых асуджаных памерлі. Але не ў калёніі — тут стараюцца не псаваць статыстыкі. Калі бачаць, што чалавеку кепска, то яго вязуць у агульнабеларускі шпіталь у Менск. І потым мы даведваемся, што ён памёр.
Хачу вам расказаць пра апошні выпадак. Сьмерць гэтага хлопца здарылася літаральна на нашых вачох. Сяргей памёр у калёніі. Гэта здарылася пад Вялікдзень. Напярэдадні яму споўнілася 38 гадоў. Празь некалькі дзён пасьля таго, як Сяргей памёр, да яго ў атрад прыйшоў ліст ад маці — гэтая цяжка хворая, паралізаваная жанчына пісала:
"Сяргею, сынок мой родны. Чакаю цябе, хутчэй вяртайся. Сабрала табе бандэроль з мэдыкамэнтамі. Усё тое, што ты прасіў".
Чытаць гэты ліст было жудасна, піша Алег. Тым больш таму, што жанчына ўклала ў свой канвэрт яшчэ адзін — пусты. Каб сын ёй адказаў. Сябры нябожчыка мусілі напісаць ёй, што здарылася зь Сяргеем. Алег піша:
"Сяргей усю зіму хадзіў на працу на вытворчасьць, па-нашаму — на прамзону. Рэч у тым, што фармальна ў калёніі мы ўсе працаўладкаваныя, аднак большасьць не працуе. Няма месцаў. Пра заробкі ўвогуле не кажу: добра, калі выйдзе якіх пару даляраў у месяц на цяперашнія грошы. Таму большасьць адмаўляецца працаваць. Аднак Сяргей вымушаны быў працаваць, бо ў яго дачка цяпер у інтэрнаце, за які трэба плаціць. Ніхто не глядзеў на тое, што ў яго ВІЧ. Сяргей хадзіў і цэлымі днямі быў у тых цахах. А там вельмі моцныя скразьнякі. Ён прыходзіў і літаральна дрыжэў. А потым пад канец зімы стаў скардзіцца: штосьці ўнутры ўсё баліць. У яго была ліхаманка — 40 зь нечым градусаў. Які тыдзень ён паляжаў у мэдчастцы калёніі. Потым зусім кепска стала. Павезьлі яго на хуткай у раённую лякарню — ці то ў Івацэвічы, ці то ў Баранавічы. Там зрабілі сьпіннамазгавую пункцыю. Звычайна пасьля такой працэдуры людзі ляжаць у стацыянары, аднак Сяргея раніцаю адвезьлі, а ў абед ізноў прывезьлі назад у санчастку. Ён яшчэ прыйшоў быў у атрад. А потым з таксафону пазваніў маці. На наступны дзень у хлопца адняліся ногі. Стала вельмі кепска. Яму сьпешна прызначылі нейкі курс. Але станавілася горш. Яго зноў павезьлі ў раённую бальніцу. Калі панесьлі ў машыну "хуткай", яму стала кепска. Ён нават крычаў ад болю. Ізноў хутка прывезьлі назад. Мы наведвалі яго, але ён быў ужо непрытомны. Ня ведаю, чым яго лячылі. Думаю, проста калолі болепатольныя. Больш за месяц як чалавек сышоў, а я так і не магу зьмірыцца. Такі быў добры і спакойны хлопец".
Маці нябожчыка: "Я дагэтуль не атрымала мэдычнага заключэньня аб сьмерці сына"
Нам удалося высьветліць некаторыя зьвесткі пра нябожчыка. Сяргей Ерамееў 1973-га году нараджэньня. Да пакараньня жыў у Сьветлагорску. Яго маці-інвалід Тамара Леанідаўна, да якой дазваніліся нашы карэспандэнты, паведаміла, што акрамя яе “у сына засталася непаўналетняя дачка, цяпер поўная сірата. Жонка Сяргея памерла раней, таксама памерла і цешча, другая бабуля дзяўчынкі”. Паралізаваная жанчына не змагла прыехаць у Івацэвічы, каб забраць цела. Яе сына пахавалі дзесьці ў Івацэвічах. Дзе канкрэтна, яна ня ведае. Паводле маці нябожчыка, адміністрацыя калёніі ня выслала ёй да гэтага часу ані пасьведчаньня аб сьмерці Сяргея, ані копіі мэдычнага заключэньня.
Маці: "Ніхто мне нічога не сказаў пра прычыны сьмерці сына. Ніхто ня выслаў мне пасьведчаньня або заключэньня лекараў аб прычынах сьмерці. Проста памёр, ня стала чалавека — і ўсё, і ўсе праблемы. Ужо ад яго знаёмых даведалася, што ён быў у коме, што яго паралізавала, што ў яго пункцыю бралі, што лекары вінаватыя".
Мы пацікавіліся ў адмыслоўцаў, наколькі неабходна рабіць люмбальную пункцыю хворым на СНІД. Нам патлумачылі, што ў выпадках накшталт Сяргеевага, калі разьвіваюцца небясьпечныя для жыцьця інфэкцыі галаўнога мозгу, сьпіннамазгавая пункцыя бярэцца ў дыягнастычных і лячэбных мэтах. Такая мэдычная працэдура лічыцца вельмі складанай, а таму робіцца ва ўмовах стацыянару і кваліфікаванымі мэдыкамі.
Мы патэлефанавалі ў раённыя шпіталі Баранавічаў і Івацэвічаў, куды, паводле ліста Алега, маглі пад канвоем адвезьці Сяргея. У Баранавічах нашаму карэспандэнту адмовіліся даваць нейкую інфармацыю, а ў Івацэвічах прадстаўнік адміністрацыі лякарні паведаміў, што ў іх такая пункцыя дакладна ня робіцца.
Лекар: "У раённых бальніцах пункцыя мозгу ня робіцца. Гэта ня столькі складаная, колькі адказная апэрацыя. Можна ж трапіць на ўчастак мозгу, які адказвае за важную функцыю. Ёсьць пэўныя мэтодыкі ў сучасных шпіталях, напрыклад, калі тонкай іголкай, празь невялічкую адтуліну бярэцца аналіз. Пасьля такой працэдуры заўсёды патрабуецца рэабілітацыя ва ўмовах стацыянару".
Наколькі мы ведаем, рэабілітацыя ў стацыянары ў выпадку зь Сяргеем не праводзілася.
Расказ пра іншых землякоў Сяргея, хворых на ВІЧ жыхароў Сьветлагорску, якіх перавыхоўвалі ў калёніях, — у нашай рубрыцы "Турма і здароўе"
Наш карэспандэнт спытаўся ў мінакоў на вуліцах Магілёва: ці перавыхоўвае турма наркамана, ці варта кідаць у турмы людзей зь ВІЧ?
Спадар: "Не, канечне. Я ня ведаю, чым іх там кормяць, чым выхоўваюць, але людзі адтуль прыходзяць як шалёныя. Нарката — гэта ж няшчасьце грамадзтва. Калі ён не зрабіў нічога крымінальнага, то ня варта яго садзіць, бо ён і так сябе пакараў у жыцьці, а вы яго хочаце яшчэ раз пакараць".
Спадарыня сталага веку: "Не. Гэта ж хвароба, а хваробу гэтую, кажуць, вылечыць дужа цяжка. Трэба старацца іх паставіць на ногі. Неяк дапамагчы. А турма — гэта ж турма. У турме можна ж атрымаць што і горшае".
Малады спадар: "Хворых людзей наагул нельга саджаць у турму. Іх трэба спачатку вылечыць, а потым саджаць. Груба кажучы, ад СНІДу цяпер ніякіх лекаў няма, таму гэта складанае пытаньне. Усё ў рамках закону павінна быць".
Спадарыня: "Тут трэба добраахвотнае жаданьне чалавека й больш гуманныя ўзьдзеяньні".
Карэспандэнт: "Ці можна садзіць у турму людзей, хворых на СНІД, ВІЧ?".
Спадарыня: "Напэўна, не. Яны і так атрымалі ад лёсу пакараньне. Трэба быць больш гуманнымі да такіх людзей".
Юнак: "Я сумняваюся. Як кажуць, не бывае наркаманаў былых. Тут павінна быць сіла волі. У прынцыпе, ад СНІДу ці ВІЧ не залежыць. Хворы парушыў закон, таму… Хто яго ведае? Можа, павінны быць нейкія асаблівая турмы?".
Спадарыня: "Наркаманія — гэта такая ж хвароба, як і п’янства. Наагул, чалавек — істота слабая і дужа грэшная. Выправіць гэта можна толькі глыбокай верай у Бога. Ну, а чалавек, хворы на СНІД, калі ён зьдзяйсьняе злачынства супраць грамадзтва, то гэта адно з другім не зьвязана. Але я ня чула, каб людзі такія сядзелі ў турмах".
Спадарыня: "У турмы наркотыкам шлях не забаронены. Я лічу, што яны ўсялякімі абходнымі шляхамі туды трапляюць".
Карэспандэнт: "Ці можна садзіць у турмы людзей, хворых на СНІД, ВІЧ?".
Спадарыня: "Нельга, таму што іх там таксама ня вылечыш".
Юнак: "Ой, не. Калі наркаман, то гэта назаўжды".

Юнак: "Думаю, што нельга. Зь імі ж будуць сядзець іншыя, і выходзіць, што яны могуць заразіцца ад іх".
Спадар: "Наркаман — гэта фізіялягічная праблема, і таму дапамагчы ім можа толькі мэдыцына. Калі ж садзіць толькі за СНІД ці ВІЧ, то нельга ў турму. Гэта ж хвароба. Мабыць, іх трэба спачатку лячыць, бо яны там могуць каго заразіць. Але ж калі нешта зрабіў, то тады ў турму".
Пра мінулае і сёньняшні дзень беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў
Сёньня наш расказ — пра турмы Расейскай імпэрыі, якія пры канцы 1890-х — на пачатку 1900-х істотна паўплывалі на сьветапогляд і фармаваньне асобы аднаго нашага вядомага земляка. Размова ідзе пра Фэлікса Дзяржынскага (30 жніўня (11 верасьня па старым стылі) 1877 — 20 ліпеня 1926). На пачатку 1900-х прыгожага і ўлюбёнага ў жыцьцё маладога ашмянскага шляхцюка, а неўзабаве — аскета-рэвалюцыянэра, ініцыятара чырвонага тэрору, правакацыяў, інстытуту закладнікаў, стваральніка савецкага ГУЛАГу.
Наша віленская карэспандэнтка працягвае гартаць першыя турэмныя лісты і дзёньнікі Фэлікса Дзяржынскага, якія ён пісаў у Ковенскай турме, на Лукішках, у Варшаўскай цытадэлі і ў Сядлецкай турме (колішніх астрогах царскай Расеі, што цяпер у Літве ды Польшчы).
"Гартаючы турэмныя запісы Дзяржынскага: ці не паўтараецца гісторыя, як тыя лісты палітвязьняў?"
Tацяна Поклад
Лісты маладога Фэлікса Дзяржынскага зь ягоных першых турмаў на тэрыторыі сучаснай Польшчы і Літвы, паблізу ад яго родных мясьцінаў. Ягоныя словы захавала для нас папера, што памятае турэмныя пахі стогадовай даўніны. Аўтар лістоў, мяркуючы па зьмесьце, востра перажываў несправядлівасьць, усім сэрцам шкадаваў дзяцей і жанчын, любіў кветкі і знаходзіў нават апраўданьні для жандараў, якія, пісаў ён, не былі катамі па сваёй волі, а рабілі сваю працу пад прымусам.
"Менавіта цяпер людзі прагнуць словаў любові…"
З турэмнага дзёньніка, які Дзяржынскі вёў у Варшаўскай цытадэлі сто гадоў таму:
"Зімовы, сонечны, ціхі дзень. На шпацыры цудоўна, камэра залітая сонцам. А ў душы (…) ціхі адчай. Нядаўна пагаманіў з жаўнерам, які вартаваў нас, быў ён такі сумны, пануры. Я спытаўся, што зь ім. Ён адказаў, што дома хлеба няма, што ў вёсцы ягонай казакі засеклі некалькі жанчын і мужчын да сьмерці, што там жахліва. Іншым разам ён сказаў: "Мы тут пакутуем, а дома сядзяць галодныя". (…) І гэтыя апляваныя, зьбіваныя сьцерагуць нас і вядуць на кару тых, хто іх жа абараняе. І я адчуваю, як (…) менавіта цяпер людзі прагнуць словаў любові, якія б далі ім сілы… ". (Запіс 18 лютага 1909 г. Зь дзёньніка зьняволенага (напісана ў 1908—1909 гг. у Х павільёне Варшаўскай цытадэлі. Упершыню надрукавана ў часопісе "Социал-демократическое обозрение" №16 і 17—18 за 1909 год і №19 за 1910 год.)
Яшчэ раней, амаль дзьвесьце гадоў таму, такі ж малады Аляксандар Герцэн напісаў пра сваё першае зьняволеньне, што ўсе лісты з турмаў надзвычай падобныя, усе пішуць пра тое ж самае, што і іх папярэднікі.
Турэмныя допісы будучага Жалезнага Фэлікса — гэта лісты палітычнага вязьня, які шмат чытаў у камэры, вучыў нямецкую і францускую граматыку, пісаў да сястры, што дзяцей трэба выхоўваць зь любоўю і пяшчотай, пра тугу па волі, кветках і ясным сонейку, пра справядлівасьць, пра мужнасьць і цярпеньне.
Урокі гісторыі: Што робіць турма зь летуценьнікам?
"Як здароўе твайго Рудольфіка? Ён ужо, пэўна, падрос — ці ўжо ходзіць, ці размаўляе? Глядзі ж, выхоўвай яго так, каб ён найвышэй за ўсё ставіў сумленьне; такі чалавек ва ўсіх жыцьцёвых абставінах адчувае сябе шчасьлівым! У гэтым я запэўніваю цябе…". (Зь ліста да сястры А.Э.Булгак. Ковенская турма, 13 студзеня 1898 г.)
Гэта зь ліста Фэлікса Дзяржынскага пасьля ягонага першага арышту да сястры Альдоны з Ковенскай турмы ў 1898 годзе. Так мог напісаць і сучасны палітвязень. Няма ў лістах Дзяржынскага і згадкі пра помсту ці тэрор ворагам, а тым больш пра апраўданасьць забойства невінаватых, а толькі мудрыя ўзьнёслыя словы аб справядлівасьці. Страшны тэрор, які ўчынілі былыя палітвязьні — змагары супраць тыранаў, атрымаўшы ўладу ў Савецкай Расеі, вось такія, як Фэлікс Дзяржынскі, — ці ня быў гэты тэрор вынікам іх турэмнага досьведу? Ці не пераўтварае турма чалавека настолькі моцна, што празь нейкі, дастаткова даўгі тэрмін на волю выходзіць зусім іншая асоба?
"На маю думку, што ў чалавеку закладзена ад прыроды і зь дзяцінства, — тое і выяўляецца, а турма тут нічога дадаць ня можа", — так мяркуе публіцыст, літаратар Сяргей Дубавец.
Я папрасіла яго падзяліцца развагамі, адказаць на пытаньні, якія просяцца, калі чытаеш турэмныя лісты стогадовай даўніны — ці не паўтараецца гісторыя, як тыя лісты палітвязьняў?.. Магчыма, турма не зьмяняе, але разьвівае, узмацняе тое цёмнае ў чалавеку, што магло б без турмы ніколі і не праявіцца?
"Можа, але гэта ня сьведчыць пра тое, што турма штосьці дадае. Значыць, гэтае нешта было ў чалавеку, у ягоным характары. А лісты вязьняў падобныя, таму што былі падобныя ўмовы ўтрыманьня людзей у турмах — і да рэвалюцыі, і ў сталінскія часы, і сёньня.
Падабенства можа быць, калі яны апісваюць свае ўмовы існаваньня ў турмах. А што да допісаў, зьвязаных са сьветапоглядам, то я ня думаю, што яны розныя, як і людзі", — мяркуе Сяргей Дубавец.
"Найперш захаваць незалежнасьць мысьленьня"
Людзі, натуральна, розныя, але турма ці не раўняе ўсіх? І вось гэтыя мары пазбавіць чалавецтва ад тырана і стварыць новы справядлівы лад — ці не раўняе турма і гэтыя мары пад адну роўніцу? А вынік — асаблівая жорсткасьць да тых, хто, як мяркуецца, стаіць на шляху да агульнага шчасьця?
Сяргей Дубавец: "Калі глядзець не тэарэтычна, а практычна: ад першaгa значнaгa палітычнага зьняволеньня, ад арышту паэта Славаміра Адамовіча, і цягам усіх наступных 15 гадоў няма ніводнага прыкладу, каб чалавек пасьля турмы выйшаў і зьмяніў свае погляды на значна больш радыкальныя пазыцыі змагара з тыраніяй, чым тыя, што ён меў перад турмой. Мы бачым, што людзі не зьмяняюцца, што многія з тых, хто сядзеў у Лукашэнкавых турмах, выехалі за мяжу, — гэта значыць, у той сьвет, які адпавядае іх натуры, сьвет дэмакратычны, неагрэсіўны. Так што адносна таго, ці выходзяць пасьля турмаў палітыкі больш жорсткімі і радыкальнымі, то я лічу, што — не".
"Для палітвязьня важней найперш захаваць незалежнасьць мысьленьня, тады ня будзе ніякіх трансфармацыяў", — адзначыў літоўскі прафэсар мастацтвазнаўства і першы кіраўнік незалежнай Літвы, а цяпер эўрапарлямэнтар Вітаўтас Ландсбэргіс, калі я запыталася пра цяперашніх беларускіх палітвязьняў і пра магчымы ўплыў турмы на іх будучыя погляды.
"Мы стараемся прадугледзець, якой будзе будучыня Беларусі, нашай суседкі, і ў бліжэйшым часе, і далей. Цяжкія, пераломныя часы для Беларусі яшчэ наперадзе. Тое, што адбылося напрыканцы мінулага году і працягваецца дасюль у выглядзе гэтых бессэнсоўных рэпрэсіяў, дзяржаўнага тэрору супраць іншадумцаў, — гэта яшчэ адно выпрабаваньне. Тым, хто стаялі за Беларусь, трэба захаваць вытрымку і захаваць сябе, захаваць незалежнасьць мысьленьня".
"У турме ўсё залежыць ад асобы"
Прафэсар Вітаўтас Ландсбэргіс нарадзіўся ў Коўне, дзе Фэлікс Дзяржынскі першы раз сядзеў у турме. Усяго праз тры дзесяцігодзьдзі ад таго часу, як той пачынаў сваю палітычную дзейнасьць.
Як выкарыстаў свае глыбокія практычныя веды пра карную сыстэму Расейскай імпэрыі, атрымаўшы ўладу, Фэлікс Дзяржынскі, вядома. Ці мог турэмны досьвед нашага земляка Дзяржынскага зрабіць бязьлітаснага ката зь юнака, які спачатку марыў быць ксяндзом, а пасьля пачаў змагацца з царскай дыктатурай дзеля вызваленьня рабочых і сялянаў?
"Нельга раўняць цяперашніх апазыцыянэраў і дысыдэнтаў у Беларусі са злачынцамі. А бальшавікі, як бы яны прыгожа ні гаварылі, заўсёды былі злачынцамі, — лічыць прафэсар. — У турме ўсё залежыць ад асобы, а галоўны ўрок той турэмнай гісторыі стогадовай даўніны — што для вязьня галоўнае — захаваць сябе".
"Таму што цяжкасьці Беларусі, цалкам магчыма, зьвязаныя з такім фэномэнам, які апісаў набэліст Чэслаў Мілаш у кнізе "Паняволеныя". Мы адчуваем паўсюль сьляды гэтай сыстэмы паняволеньня розуму ў грамадзтве. У Беларусі гэта сьляды савецкага рэжыму, які атрымаў амаль непасрэдны працяг пры цяперашнім кіраўніку дзяржавы. Палітзьняволеныя, змагары за вольную эўрапейскую Беларусь, — гэта частка самога лёсу Беларусі. Як і Беларусь сама — частка лёсу ўсіх тых народаў, якая дасюль адчуваюць спадчыну савецкай дыктатуры. Вольныя людзі ў няволі… У чым тут можна быць упэўненым? Але напэўна, што пералом насьпявае. І дэмакраты, і тыя, хто параўнальна свабодны, і тыя, хто ў турмах, павінны быць гатовыя. Яны маюць заданьне, і хай гэта падмацоўвае іх сілы", — кажа Вітаўтас Ландсбэргіс.
Сядзеў за палітыку…
Вось жа, будучыня. Якой яна будзе ў Беларусі, калі дэмакратычныя зьмены пачнуцца, калі можна будзе па-сапраўднаму абіраць, за каго галасаваць, а ў біяграфіях кандыдатаў разам з досьведам працы, вучобы, палітычнай, грамадзкай дзейнасьці не ў аднаго будзе пазначаны і турэмны.
Для палітыка гэта плюс ці мінус у біяграфіі? Калі беларусы будуць абіраць сваіх кіраўнікоў свабодна і дэмакратычна, турма ў біяграфіі кандыдата — турма за палітыку — гэта ці ня знак таго, што трэба быць асьцярожным і прыгадаць бальшавікоў-палітвязьняў ды найперш, можа, нашага земляка Фэлікса Дзяржынскага?
Сяргей Дубавец: "Kалі сядзеў за погляды, калі сядзеў за палітыку, гэта стоадсоткавы плюс. Народ увогуле схільны спачуваць тым, хто перажыў выпрабаваньні. А што такое сядзець за палітыку? Апошняя бабка вясковая скажа, што несправядліва сядзеў. Значыць, прайшоў празь несправядлівыя выпрабаваньні. На мой досьвед, на маё адчуваньне — гэта абсалютны плюс".
Што пра гэта сказалі б самі палітвязьні? Як зьмяніла іх турма? Калі зьмяніла — плюс гэта ці мінус у іх палітычнай біяграфіі? Ці ёсьць падставы, каб параўноўваць цяперашніх вязьняў сумленьня з палітычнымі вязьнямі сто гадоў таму, якія, прыйшоўшы да ўлады, распачалі новы тэрор супраць сваіх супернікаў, яшчэ больш жорсткі за той, які перажылі самі? Працяг — у наступным выпуску.
А цяпер працяг тэмы, распачатай у лісьце зьняволенага Алега, які распавёў пра сьмерць у калёніі свайго хворага на СНІД сябра. 30 гадоў таму, у чэрвені 1981 году ў заходнім друку зьявіліся першыя паведамленьні пра невядомае нікому раней захворваньне — сындром набытага імунадэфіцыту. З таго часу ад хваробы, якую таксама называюць "чумой 20 стагодзьдзя", памерлі 25 мільёнаў чалавек. СНІД, як вядома, выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека. У Беларусі першага хворага на СНІД зарэгістравалі ў 1987 годзе.
"ВІЧ у вязьніцах"
Паводле афіцыйных зьвестак, у беларускіх турмах на канец 2010 году ВІЧ-інфікаваных зьняволеных налічвалася 1098. Гэта 15% ад колькасьці ўсіх носьбітаў ВІЧ, зарэгістраваных у краіне. Штогод у месцы пазбаўленьня волі ў Беларусі трапляюць прыблізна 100 ВІЧ-інфікаваных. Большасьць зь іх — наркаманы. Нават пры поўнай адмове ад "дозы" сьмяротныя выпадкі сярод вязьняў-наркаманаў у месцах пазбаўленьня волі нярэдкія.
"Такое з хворымі на СНІД здараецца. Бывае такое", — канстатавалі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, але называць канкрэтныя лічбы і ўвогуле даваць камэнтары адмовіліся, пакуль ня будзе на тое дазволу высокіх інстанцыяў.
Паводле лекараў-імунолягаў, зьняволеныя зь ВІЧ патрабуюць пільнага мэдычнага назіраньня ды лячэньня, інакш гэты страшны вірус, які можа доўга "спаць" у арганізьме чалавека, актывізуе сваё разбуральнае дзеяньне. Супраціўляльнасьць чалавека да розных інфэкцыяў падае. У хворага пачынаюцца працяглыя ліхаманкі, якія суправаджаюцца агульнай слабасьцю і багатым начным потам, а таксама частыя паносы, якія прыводзяць да рэзкага схудненьня. Вага можа зьнізіцца на 10—20% ад зыходнай. Таксама выяўляюцца разнастайныя паразы скуры ды сьлізістых абалонак. Хвароба няўмольна прагрэсуе. На позьніх стадыях (CНІДу) яна закранае функцыі нэрвовай сыстэмы, разьвіваюцца небясьпечныя для жыцьця інфэкцыі, у тым ліку — галаўнога мозгу, як у выпадку зь Сяргеем Ерамеевым, імкліва растуць новаўтварэньні.
"Прадухіліць разьвіцьцё хваробы нават ва ўмовах зьняволеньня магчыма"
Як высьветлілася, прадухіліць разьвіцьцё хваробы, нават ва ўмовах зьняволеньня, усё ж магчыма. На гэта, у прыватнасьці, накіраваныя адпаведныя праекты УААЗ і Глябальнага фонду, якія дзейнічаюць і ў Беларусі. У прадстаўніцтве ПРААН у Менску нам паведамілі пра разьмеркаваньне ў краіну антырэтравірусных прэпаратаў, якія мінімізуюць разьвіцьцё хваробы і яе наступствы.
Прадстаўнік ПРААН: "Гэтыя праекты дзейнічаюць у Беларусі ад 2006 году. Мэдслужбы ведаюць пра іх і атрымліваюць прэпараты. Праект ААН мае назву "Забесьпячэньне ўсеагульнага доступу ключавых пацярпелых груп насельніцтва да прафіляктыкі, дагляду і лячэньня ў сувязі зь ВІЧ". У адпаведнасьці зь ім за сродкі фонду Беларусь набывае антырэтравірусныя прэпараты, якія разьмяркоўваюцца з улікам заявак устаноў. Гэта тычыцца як Міністэрства аховы здароўя, так і Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў".
Але прадстаўнік ПРААН у Беларусі, паводле ягоных слоў, не валодае інфармацыяй пра вынікі лячэньня ў месцах зьняволеньня. Ня ведае ён і таго, наколькі асуджаныя зь ВІЧ інфармаваныя пра гэтую праграму.
"Былыя ЗК зь ВІЧ у Сьветлагорску нічога ня чулі пра праграмы ААН"
Наш карэспандэнт наведаў цэнтар СНІДу і крымінальнай злачыннасьці на глебе наркотыкаў у Беларусі — Сьветлагорск. Многія зь ягоных суразмоўцаў, у мінулым асуджаных і хворых на ВІЧ, як высьветлілася, ня чулі ані пра праграму ААН, ані пра гэтыя лекі. Паводле іхных слоў, максымум, што яны атрымлівалі ў калёніях у выпадку кепскага самаадчуваньня пры тэмпэратуры за 40 — гэта асьпірын, вітаміны і актываваны вугаль. Адзін зь нядаўна вызваленых наркаманаў са СНІД, жыхар Сьветлагорску Саша, кажа:
"Каб прэпараты якія, лячэньне нейкае праходзілі, — такога не было".
Паводле Сашы, пра свой дыягназ ён даведаўся, толькі калі трапіў за краты.
Саша: "ВІЧ мне паставілі ў СІЗА ў Гомелі. Спачатку думаў, каб скончыць жыцьцё самагубствам. Потым звыкся з гэтай думкай пра хваробу. Хачу кінуць гэтую гадасьць, зьехаць куды-кольвечы, пераламацца і пачаць новае жыцьцё. Гэтае задавальненьне ня вартае таго, каб з-за яго пакутаваць усё жыцьцё, таму што ўсім наркаманам дарога адна — у магілу. Рана ці позна".
Тым часам іншы жыхар Сьветлагорску, таксама ВІЧ-інфікаваны і таксама ў мінулым асуджаны за наркотыкі, колішні спартовец Валеры, які некалькі гадоў за кратамі абыходзіўся бяз дозы, сумняецца, што камусьці з таварышаў па няшчасьці ўдаецца пасьля вяртаньня на волю зьмяніць звыклы лад жыцьця.
"У Сьветлагорску ў любы момант можна пайсьці, купіць дозу і ўкалоцца"
Валеры: "Тут у Сьветлагорску я ў любы момант магу пайсьці, купіць дозу і ўкалоцца. Нас ломіць тут не ад наркотыкаў, а чыста псыхалягічна. Людзі настроеныя, можна сказаць, агрэсіўна супраць наркаманаў. Хоць, калі разабрацца, наркаман — гэта хворы чалавек. Канечне, ёсьць людзі, якія разумеюць гэта, аднак такіх адзінкі. Калі ты наркаман, а тым больш судзімы, а тым больш зь ВІЧ, цябе ня прыме грамадзтва".
Валеры трапіў у турму за наркотыкі, калі яму было 30 гадоў. Там і даведаўся пра сваю хваробу. Сёньня ён усяляк гоніць ад сябе думкі аб ВІЧ. Тым больш што ў турме яго ніхто ад гэтага не лячыў.
Валеры: "Я даведаўся, што ВІЧ-інфікаваны, калі ў Гомелі ў турме сядзеў. Узялі аналізы — там усіх правяраюць, каго бяруць пад арышт. Пасьля, праз два месяцы, прыйшлі вынікі аналізаў, і мне сказалі, што я ВІЧ-інфікаваны. Я асабіста гэтаму ня веру. Аналізы на ВІЧ — яны вельмі дарагія. Калі ў кожнага ўзяць і заплаціць грошы, то турма проста разарыцца. Там проста глядзяць у крымінальную справу і бачаць, што чалавек ужываў наркотыкі, сядзіць за наркотыкі, і аўтаматычна ставяць яму: ВІЧ-інфікаваны".
Былы сьветлагорскі міліцыянт, які ў свой час займаўся мясцовымі наркаманамі, праводзіў зь імі шматлікія выхаваўчыя размовы, а таксама складаў на іх пратаколы, ведае і Сашу, і Валеру, і нябожчыка Сяргея Ерамеева, і багата іхніх равесьнікаў, якія пасьля турмы ізноў вярталіся да ранейшага.
Міліцыянт: "Калі раней можна было паглядзець і ня надта адрозьніць наркамана, то сёньня й неспрактыкаваны госьць нашага гораду можа вызначыць, дзе група наркаманаў стаіць, а дзе нармальная моладзь. Глядзіш, адзін ужо з кійком ходзіць, іншаму — нагу адрэзалі. А перадазіроўкі! Тыдзень таму ён нібыта яшчэ поўзаў, а назаўтра ты даведаўся, што ўжо ён памёр. У кожнага наркамана ўжо штосьці ўнутры гніе — перастаюць дзейнічаць унутраныя органы".
Некаторыя зь мінакоў на вуліцах Сьветлагорску, з кім удалося пагутарыць на гэтую тэму, лічаць, што наркаманы й хворыя на СНІД ствараюць вялікія праблемы для гораду, якія вырашаць трэба было яшчэ ўчора. Што рабіць з гэтым сёньня, ніхто ня ведае.
Маладзён: "Калі гэты наркаман сапраўды нешта зрабіў, то лягчэй яго некуды адправіць у закрытую лячэбную ўстанову. А турма — гэта ня тое асяродзьдзе, дзе можна перавыхавацца. Там асяродзьдзе яшчэ больш напоўненае тымі ж наркаманамі й бандытамі, якія на цябе яшчэ болей уплываюць".
Спадар: "Натуральна, крадзяжы, усялякі крымінал ідуць ад наркотыкаў. Праблемы вялікія для ўсіх. У Сьветлагорску можна ўбачыць, як шпрыцы валяюцца, і іголкі ёсьць, і кроў усюды ад іх застаецца. А дзеці бегаюць — малыя дзеці, ня з тых, што разьбіраюцца".
Юнак: "Наша грамадзтва, як мне здаецца, на жаль, ня мае імунітэту на наркотыкі. Наркаманы — яны адлюстроўваюць нашу грамадзкасьць. Прыкладна ў такіх жа суадносінах. Гэта і дзеці багатых, і бедных. Прыкладна аднолькава".
Цытата:
Слухаць перадачу можна тут:

Зваротная сувязь

"Як памёр у калёніі мой сябра"

Жыхары Магілёва: "Хворых людзей нельга саджаць у турму"

"Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць"

Турма і здароўе

"Наша грамадзтва ня мае імунітэту на наркотыкі"
Слухаць перадачу можна тут:
Свабода ў турмах, 19 чэрвеня 2011 году, частка 1
Your browser doesn’t support HTML5
Свабода ў турмах, 19 чэрвеня 2011 году, частка 2
Your browser doesn’t support HTML5