Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі

  • Аляксандар Лукашук
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Гісторыя і час зусім не лінейныя рэчы і нават ня рэчы зусім, таму тое, што выглядае, як забяганьне наперад, насамрэч не забяганьне (бо й пераду асаблівага няма), а найкарацейшы шлях у выгнутай прасторы, мост ці падземны пераход, прахадны двор, якія адразу выводзяць у іншае месца маршруту.

У інтэрвію Мэйлер так узгадваў перамену адрасу “справы Освальда”:

Норман Мэйлер
-- Затым Беларусь аддзялілася ад Расеі, і Шылеру давялося ехаць у Менск і пачынаць усё спачатку. Ён зьвязаўся з КДБ, ціснуў на прэзыдэнта -- як было яго імя, Шушкевіч?

-- Шушкевіч.


-- І яму ўдалося пераканаць Шушкевіча і яго людзей, што гэта добрая ідэя, што добра, калі вядомы амэрыканскі пісьменьнік зробіць кнігу, якая прыцягне ўвагу да Беларусі. Усе перамовы вёў Шылер, ён прадаваў ідэю, і ён цудоўны гандляр. І ён пераканаў іх, што гэта добрая ідэя. І КДБ у гэты момант пагадзіўся.

-- Якое Ваша ўражаньне ад Станіслава Шушкевіча?

-- Мне падалося, што гэта харошы чалавек. Мне падалося, што крыху запозна прыйшоў у палітыку. Я ня ведаю, што адбылося пасьля нашага ад'езду, але тады ў мяне было вельмі добрае ўражаньне.


У сваю чаргу, Станіслаў Шушкевіч так успамінаў пра сустрэчу :

Станіслаў Шушкевіч
-- Калі да мяне зьвярнуўся чалавек і калі я даведаўся, што ён аўтар рамана “Голыя і мёртвыя”, што гэта вядомы Мэйлер, я сказаў, што з задавальненьнем зь ім сустрэнуся. Калі ён сказаў, што хоча пазнаёміцца са справай Лі Гарві Освальда ў беларускім КДБ, я затэлефанаваў старшыні КДБ, ён сказаў, што вывучыць гэтае пытаньне і дасьць адказ, і пасьля таго ён сказаў -- калі ласка, калі хоча азнаёміцца -- няхай знаёміцца.

Шушкевіч агаломшыў суразмоўцу расказам пра шапку Освальда – аказалася, ён асабіста ведаў амэрыканца, і такая дэталь!

Шапку Освальд купіў яшчэ ў Маскве, дзе ў сьнежні тэмпэратура апускалася ніжэй за – 20°С. Адзіны галаўны ўбор, што тады ляжаў на прылаўках, які можна было набыць без чаргі і знаёмстваў, была вушанка. І ня проста вушанка, а самая простая зь іх – салдацкая, з шэрага сукна і шэрай штучнай футры, з матузкамі. Гэта статусны галаўны ўбор, які, хто б яго ні надзеў, адразу ператварае генэрала ў радавога, абаронцу айчыны ў салдата Чонкіна, замежніка ў асобу без грамадзянства.

Першае, што Шушкевіч успамінаў пра Освальда ў размовах з Мэйлерам і зь іншымі, заўсёды была гэтая салдацкая шапка.

-- Ён пачуваўся ў ёй вельмі камфортна, як джэнтльмэн!

У выніку Шушкевіч патрапіў у кнігу Мэйлера і стаў вядомы многім амэрыканцам – але ня ў якасьці дзеяча, датычнага да ўнікальнай у гісторыі чалавецтва падзеі – мірнага распаду імпэрыі, а ў ролі настаўніка расейскай мовы. Мэйлер нічога не напісаў пра асабістую гісторыю “члена сям’і здрадніка радзімы” Станіслава Шушкевіча, як рабіў гэта зь іншымі сваімі суразмоўцамі.*

Няма нічога горшага за здраду радзіме – так праз тры дзесяцігодзьдзі пасьля ўрокаў расейскай мовы Шушкевіч патлумачыў амэрыканскаму пісьменьніку, чаму ён не ўпадабаў Освальда.

Шушкевіч быў выхаваны ў старых традыцыях – так патлумачыў Мэйлер сваім чытачам словы Шушкевіча.

Шапка як на джэнтльмэну – крыху дзіўны камплімэнт, звычайна так кажуць пра капялюш, але гэта быў самы пазытыўны водгук, які Шушкевіч даў пра вучня пры сустрэчы з Мэйлерам.

Освальд Шушкевіча ў сваім дзёньніку ня згадвае.

Але ў нататніку яго імя ёсьць.

----------------------------------------
*Бацька Шушкевіча, беларускі паэт, правёў 14 гадоў у ГУЛАГу за “прыналежнасьць да контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі”.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”