Мёрская чараўніца: «Два былі цары. Пазьняк і Лукашэнка…»

Маленькае мястэчка Мёры сталася раённым цэнтрам, бо ўсе значныя мястэчкі меркаванага раёну знаходзіліся на ўзьмежках. А ў цэнтры была вёска Мёры. Якая, дзякуючы расейцам, пераўтварылася ў савецкі горад Міёры. Побач з нэагатычным касьцёлам тут зьявіліся савецкія канторы, унівэрмаг і кінатэатар. Але з кожным годам райцэнтар усё больш становіцца сапраўдным беларускім горадам. Дзякуючы дзейнасьці аднаго чалавека. Гісторыка і краязнаўцы Вітольда Ермалёнка. Які шмат гадоў выкладае гісторыю ў адной зь мёрскіх школ і кіруе гісторыка-археалягічным гуртком «Арганаўты мінуўшчыны». Разам са сваімі гурткоўцамі спадар Вітольд сабраў дзьве ўнікальныя музэйныя калекцыі.


Калі ўваходзіш у памяшканьне краязнаўчага музэю, дык міжволі ўспамінаеш Караткевічаў «Чорны замак». Фрагмэнт, дзе ён апісваў калекцыю галоўнага героя. «У пакоях сапраўдны Грунвальд: лётаюць пад стольлю анёлы... Пахне хіміяй, дрэвам, пахучай старой фарбай. Залацяцца сьпінкі кніг...». Вельмі падобна да таго разнастайнага скарбу, які сабралі мёрскія арганаўты. Японскія вазы, пазалочаныя жырандолі, зброя, музычныя інструмэнты. Прычым у кожнага экспаната свой лёс. Зрэшты, паслухаем Вітольда Ермалёнка.

— Самае галоўнае для нас — ня сам экспанат. Яго можна і купіць, былі б грошы. А сама гісторыя экспаната. Вось гэтае расьпяцьце стаяла каля Карпачоў, зараз вёскі няма. У 50-я гады, калі бальшавікі крыж сьпілавалі, расьпяцьце кінулі ў зямлю. Стары веруючы падняў і паклаў на гарышча. Ён памёр, хату разабралі, крыж выкінулі. І мой «арганаўт» ішоў, падабраў. Самае галоўнае, што мы даведаліся, што гэта выразаў звычайны майстар. Станкевіч. Сто гадоў назад. Ён рабіў шафы.

У калекцыі 16 000 экспанатаў. Прычым выстаўленая толькі дзясятая частка. А колькі спадар Вітольд аддаў Глыбоцкаму музэю, музэю Акадэміі навук. А нядаўна завіталі аматары даўніны зь міліцыі.

— Цяпер пачысьціла міліцыя, забрала цікавыя рэчы.


Пасьля 19-га?


— Пасьля 11-га. Пасьля выбуху.


А што можна забраць у музэі пасьля выбуху?


— Усё, што падобна да зброі. Напрыклад, кавалкі рускага штыка.


А ў чым сэнс?


— Каб чаго не было.


Гэтаму сэнсу многа гадоў. А яны хоць давалі надзею, што вернуць?


— Можа, калі-небудзь.



Я так часта бачыў у правінцыйных музэях прадметы сялянскага побыту. Але ў Мёрах уразіўся калекцыяй шыкоўнага посуду.


— Гэта рэчы паноў. Вось прывезеная зь Японіі ваза. 19-га стагодзьдзя. А вось з Кітаю. А вось з Галяндыі, напрыклад.


А як панскія рэчы трапілі ў музэй?


— А вельмі проста. Рабавалі паноў. Рэчы закідалі на гарышча. І потым, калі разьбіралі хаты, знаходзілі.


Але гэта не адзіны музэй, створаны спадаром Вітольдам. Нядаўна адкрыўся Музэй кнігі і друку. Вочы разьбягаюцца ад друкаванага багацьця, якое ацалела на Мёршчыне ў віхурах мінулага стагодзьдзя.


Тут і старадрукі, і рэлігійныя кнігі на царкоўнаславянскай, польскай ды ідыш, старыя газэты ўсіх часоў ды ўладаў, што панавалі ў краі, паштоўкі, рэклямныя плякаты і маркі.


— Зборнік Гаруна. Рэдкае выданьне Фарботкі. Мала нават хто ведае гэтага паэта. Коласа першае выданьне «Для дзетак беларусаў». Паўловіча першая Біблія дзіцячая. Выданьне Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму беларусу». Граматыка Тарашкевіча. Наступнае — замежная літаратура, якая паказвае разнастайнасьць інтарэсаў людзей, якія чыталі кніжкі ў тыя часы. Польская мова, лацінская, нямецкая. Альбо сачыненьне Русо 1795 году. Па музыцы. Гэта кажа пра тое, што ў нас былі такія асяродкі культуры. Гэта толькі тое, што ацалела да сёньняшняга часу. Хоць палілі ўсе, каму не лянота, і вывозілі ўсе, каму не лянота. Вось узровень нашай правінцыі.


Але ж гэта ўсё сьведчыць пра што? Пра дэградацыю. Сёньняшнюю.


— Так. Напэўна. Няма асяродкаў культуры такіх, якія былі тады.


— А іх можна культываваць? Сеяць?


— Не. Грамадзтва вінаватае. Нельга ў вузкім коле стварыць асяродак. Сучаснае грамадзтва разбурыць любы асяродак. Дэградацыя ідзе наагул у грамадзтве. У эўрапейскім, ня толькі ў нашым. Эўропа дэградуе.


Усё ж ня мае рацыі спадар Ермалёнак. Бо сваёю дзейнасьцю кожны дзень даводзіць адваротнае. Празь ягоны археалягічны калектыў штогод праходзяць дзясяткі мёрскіх школьнікаў. Для якіх такія паняцьці, як «Беларусь», «гісторыя», «родная мова» — зусім не пусты гук, а важная частка іх жыцьця. Вось, напрыклад, вучань 9-й клясы Ігар Кандратовіч. Гаворачы з гэтым 15-гадовым капітанам, я ня меў пачуцьця вялікай розьніцы ва ўзросьце. Абсалютна цэльная, цікавая асоба. Хлопец, улюбёны ў свае Мёры, не зьбіраецца нікуды ўцякаць. Хіба толькі ў мінуўшчыну.


— Каля нашых Мёраў было сем сядзіб з назвай Мёры. А знайшлі пакуль што толькі тры. Таму працы ў нас вельмі шмат. Нават самі Мёры не дасьледаваныя. Тут яшчэ шукаць не перашукаць. Нават на пяць жыцьцяў хопіць. Гурткоўцы заўжды шукаюць. І знаходзяць. Нават на канікулах. Паедзем куды-небудзь у вёску. Трэба пасадзіць гарод. І на гародзе знойдзем што-небудзь. Старыя нам расказваюць, дзе ў вёсцы стаяла капліца, якія былі пабудовы. Якія людзі ў вёсцы жылі, што яны памятаюць. Ім самім прыемна, што імі нехта цікавіцца.


Колькі ад Глыбокага да Мёраў? Кілямэтраў семдзесят. Для мастака і вандроўніка Язэпа Драздовіча — гэта не адлегласьць. У Мёрах я пазнаёміўся зь сям’ёй Браніслава і Ядвігі Марозаў. У маладосьці Ядвіга працавала ў мёрскай бальніцы. Дзе не прынялі сьмяротна хворага мастака. Таму пры згадваньні яго імя старая Ядвіга пачынае плакаць.


— Мне было 19 ці 20. Мы былі дужа веруючыя. І яму сасьніўся сон, што ён бачыў пана Езуса. Што з раю пан Езус сышоў. Тату расказваў. А тата кажа — ай, выдумляеш ты ерунду. Драздовіч сказаў, што ён яму пакланіўся, і разышліся. Тата сказаў, што «ты выдумваеш». А Драздовіч на тату сказаў — фарысэй ты. «А ты?», кажа мне. — «А я веру», кажу. Ён мне тады пажадаў усяго. А пасьля прыходзіць да мяне ў бальніцу. Драздовіч. «Дзе мне, — кажа, да ўрачоў?» Я павяла яго да ўрачоў, а ўрачы яго не прынялі. Адправілі яго ў Пагост. А ў яго быў, аказваецца, адкрыты тубэркулёз.

А чаго яго не прынялі?


— «Чаго ты прывяла яго сюды?» — «Як? — кажу. — Вы ж давалі клятву Гіпакрата! Любога павінны прыняць хворага». А яго адправілі ў Пагост. І праз суткі ён памёр. У Пагосьце.


Чаму яго не прынялі?


— Яго перасьледавалі. Ён быў не такі, як усе людзі. А калі чалавек не такі, яго зьнішчаць. Ён на сьвет глядзеў іншымі вачыма. Не такімі, як мы глядзім. Ягоныя дываны не маглі не падабацца нікому. Яны гаварылі, як жывыя. І на кожным дыване ён ставіў крыжык...


Калі мы разгаварыліся больш, аказалася, што старая Ядвіга — чалавек вельмі незвычайны. Амаль што экстрасэнс. Зрэшты, паслухайце самі.


— Мне быў сон сасьніўшыся, я яшчэ дзеўкай была, што разваліцца Савецкі Саюз. Прыйшла я ў бальніцу і дзеўкам расказваю, што Саюз разваліцца. А яны кажуць: «Каб ты была пісьменная, дык 25 гадоў дакладна б атрымала». Разваліўся ж!


А ў якім годзе вы сасьнілі гэта?


— Гэта я сасьніла ў 55-м. І Лукашэнка мне сьніўся. Што будзе прэзыдэнтам. Яшчэ ён ня быў радзіўшыся.


Гэта як так?


— Сасьніла, што будзе ў нас цар. Два былі цары. Пазьняк і Лукашэнка. І я запомніла гады і прозьвішчы. А Лукашэнка быў, можа, зачаты толькі. Але не радзіўшыся.


Вы прысьнілі сон, дзе былі два прозьвішчы?


— Так. І было сказана, хто цар. А тата кажа: «Дура ты! Цароў ніколі ў Беларусі не было і ня будзе!».


Калі вы такая відушчая, дык, можа, скажаце, калі яго цараваньне скончыцца?


— Будзе да канца.


Што, да канца сьвету?


— Так. Таму няхай ніхто не стараецца. Ён будзе, і ўсё.


Апошняе паведамленьне мёрскай чараўніцы, вядома, ня надта аптымістычнае. Зрэшты, нічога новага яна не паведаміла. Канец калісьці надыходзіць усяму. Разьвітаюся я, па традыцыі, вершам. Браніслаў Мароз, муж Ядвігі — былы кінамэханік. На восьмым дзясятку выпусьціў свой першы паэтычны зборнік. І пра канец ня думае...


Дзе выгнулася возера падковай

І сонца залаціла далягляд,

Далёкі продак мой не выпадкова

На гэта месца скіраваў пагляд.

Тут так лагодна гойдаліся хвалі

І чаравала сэрца цішыня,

Што рукі мімаволі затрымалі

Ля возера стаеннага каня.

Адсюль пайшоў чарод драўляных хатак,

Глядзелі вокны на палёў прастор.

Такім вось уяўляецца пачатак

Мне дарагога горада Міёр.