“Russia” ці “Belorussia”?

  • Аляксандар Лукашук

Хрушчоў у ААН

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Першы амбасадар ЗША ў незалежнай Беларусі Дэйвід Суорц любіў паказваць дом Освальда гасьцям з Вашынгтону – яны слупянелі ад зьдзіўленьня, якое выклікае раптоўная сустрэча з гісторыяй. Усе думалі, што Освальд жыў у Маскве.

Калі Суорц ляцеў у Менск у 1992-м, ён таксама нічога ня ведаў пра жыцьцё там амэрыканскага грамадзяніна Освальда -- ведаў толькі, што той жыў у Савецкім Саюзе.

Дэйвід Суорц
Суорц быў прафэсійным дыпляматам, які ў 1972 годзе ўжо працаваў у амбасадзе ў Маскве, што ж казаць пра іншых, менш дасьведчаных амэрыканцаў. СССР быў адна вялікая Russia, ніхто не расшыфроўваў чатыры зычныя, якія ўтваралі самую даўгую шыпячую абрэвіятуру для назвы краіны ў гісторыі чалавецтва. (І самую хлусьлівую: не саюз, а імпэрыя, не рэспублік, а аўтакратыяў, не савецкіх, а партыйных, не сацыялістычных, а фэадальных – ІПФА.)*

Самае цікавае ў пытаньні “Ці быў Освальд у Беларусі?” – гэта тое, як бы ён адказаў на яго сам.

Дзёньнік ЛГО
11 студзеня 1960

Наведваю менскі радыёзавод, дзе буду працаваць. Там сустракаюся з аргентынскім эмігрантам Аляксандрам Зігерам, польскім габрэем паводле нараджэньня. Ён іміграваў у Аргентыну ў 1938-м і назад на польскую радзіму (цяпер частку Беларусі) у 1955-м. Гаворыць па-ангельску з амэрыканскім акцэнтам. Працаваў на амэрыканскую кампанію ў Аргентыне. Ён загадчык аддзела, ужо далёка за 40 гадоў, мяккія манеры, прыемны. Здаецца, хоча мне нешта сказаць. Я паказваю яму мой часовы дакумэнт і кажу, што хутка буду мець расейскае грамадзянства.


Адрас Аляксандра Зігера ў нататніку Освальда

Можна прачытаць сотні старонак кнігі Мэйлера, так ці іначай прысьвечаных людзям і падзеям у Беларусі, і не зразумець, што гэта не Расея. Усіх знаёмых Освальд лічыць расейцамі (выключэньне – габрэі, якія, аднак, таксама расейцы), навокал размаўляюць па-расейску, кіно, опэра, канцэрты, назвы вуліц, рапарты КДБ – усё па-расейску.

Рабочыя на заводзе, бальшыня якіх прыехала ў Менск зь вёскі, дзе навучаньне было па-беларуску, маглі гаварыць на роднай мове. Але на перадавой вытворчасьці і ў сталіцы трэба было гаварыць “па-гарадзкому” -- тым больш з амэрыканцам.

У сваім дзёньніку Освальд згадвае назву Беларусі тры разы: першы, калі атрымлівае навіну пра сваё разьмеркаваньне ў Менск (аказваецца, гэта не ў Сібіры), другі – калі піша пра рэпатрыяцыю Зігера, і трэці – восеньню 1960-га, у лірычнай (і камічнай) сумесі надвор’я і геаграфіі:

Мой жах перад новай расейскай зімой растае ў цудоўным золаце і чырвані восені ў Беларусі.

Якраз тады, калі Освальд напіша гэтыя радкі, пытаньне беларускай мовы будзе абмяркоўвацца на яго радзіме, у Амэрыцы, людзьмі, з адным зь якіх ён неўзабаве пазнаёміцца і нават будзе госьцем у доме.

Тут патрэбнае адступленьне: у Беларусі даўно ходзіць показка пра тое, як кіраўнік партыі і ўраду Мікіта Хрушчоў падчас прыезду ў Менск сказаў, што беларусы першыя прыйдуць да камунізму, бо ўжо адмовіліся ад роднай мовы і перайшлі на расейскую, якая будзе мовай камуністычнага грамадзтва. Існуюць розныя вэрсіі, дзе і калі гэта было сказана – якія, аднак, не пацьвярджаюцца ні стэнаграмамі, ні пісьмовымі сьведчаньнямі сучасьнікаў па гарачых сьлядах.**

Дакладна ж вядомае якраз супрацьлеглае.

Увосень 1960-га адбывалася сэсія ААН, на якой БССР і Ўкраіна, як звычайна, былі прадстаўленыя асобнымі дэлегацыямі. Мікіта Хрушчоў, удзел якога ў гэтай сэсіі звычайна ўзгадваюць у сувязі са стуканьнем чаравікам па пюпітры, піша ва ўспамінах, як папрасіў кіраўнікоў дэлегацыяў выступіць на родных мовах. Хрушчоў разьлічваў на ўвагу ўкраінскай і беларускай дыяспары ў ЗША і Канадзе.

Прыйшоў дзень іх выступаў. Украінцы зрабілі, як я ім параіў, а зь Беларусьсю ня выйшла. Я быў вельмі засмучаны. «Мы ня можам падрыхтаваць тэкст на беларускай мове, -- апраўдваліся прадстаўнікі БССР, -- нават друкарскай машынкі няма зь беларускім шрыфтам».

«Калі ня можаце, дык іншага выйсьця, вядома, няма, але гэта наносіць шкоду нацыянальнай палітыцы. Ворагі савецкай сыстэмы скарыстаюць гэты факт у прапагандзе: няма ў саюзных рэспублік ніякіх правоў, усё там робіцца напаказ замежжу, суцэльная фікцыя. Расейцы душаць усіх, і нават на такім міжнародным форуме, як сэсія ААН, яе член выступае не на сваёй роднай мове, а па-расейску».

Думаю, гэта разумеў і прадстаўнік Беларусі. Але ён асабіста ня быў падрыхтаваны, ня ведаў сваёй роднай мовы.


Прадстаўніцтва БССР было ўтворанае ў 1958 годзе, і яго кіраўніком, насуперак прапановам Менску, быў прызначаны член КПСС з 1927 году супрацоўнік МЗС СССР Феадосій Гразноў. У пашпарце ён пісаўся беларусам, але мовай не валодаў. У 1961-м яго замяніў кандыдат Менску П. Астапенка – але беларускай мовы ў ААН не пабольшала.

Кіраўніком дэлегацыі ў 1960-м быў першы сакратар ЦК КПБ Кірыл Мазураў – ён ня толькі ведаў мову, але й лісты пісаў па-беларуску, і нават вершы. І ў 1959 годзе выступіў па-беларуску на ўрачыстасьцях да 40-х угодкаў ўтварэньня БССР, за што нават атрымаў прачуханку ад пераменлівага Хрушчова. У складзе дэлегацыі быў і вядомы паэт Максім Танк.

Афіцыйную прамову трэба было чытаць з паперкі – не было як надрукаваць.***

І тут ужо нават чалавек, які пагражаў закапаць капіталізм і размахваў вадароднай бомбай, быў бясьсільны.

У, бадай, самы важны дзень свайго жыцьця ў Менску, калі ён сустрэў будучую жонку, Освальд пазнаёміцца таксама з членам той беларускай дэлегацыі ў ААН, Лідзіяй Чаркасавай, і нават будзе разглядаць яе здымак разам з Хрушчовым. Чаркасава выступала з публічнай лекцыяй пра сваю паездку на сэсію ААН. Але нават калі пасьля афіцыйнай часткі Освальд апынецца ў Чаркасавай дома, драму зь беларускай мовай ніхто не згадае (можа, таму, што драмы не заўважаць – Чаркасава была біёлягам, прафэсарам мэдінстытуту, родам з Украіны, у Менск прыехала ў 1950-м).

У дзёньніку Освальда тагачасная назва Беларусі па-ангельску (“Byelorussia”) ніводнага разу не напісаная правільна.

І справа ня толькі ў дысьлексіі.

Адказ на пытаньне, ці быў Освальд у Беларусі, Мэйлер даў у кнізе: Освальд быў у СССР.

Нават БССР ледзь праступае праз расейскую мову, расейскія назвы, агульную савецкую рэчаіснасьць і будучыню, якая як сьнегам пакрывае ўвесь ляндшафт.

Цікава, што гэтае самае пытаньне можна адрасаваць і Мэйлеру – ці быў ён у Беларусі?

Адказ Мэйлера – ён быў у Менску.

--------------------------------------------
*Напісаў і сам зацікавіўся, што б гэта ІПФА значыла. Google, як заўсёды, выдаў першы тузін адказаў пад рубрыкай “анамальныя сэксуальныя паводзіны”, зь якіх самым прыстойным быў “індывідуальны профіль функцыянальнай асымэтрыі”. Нешта ў гэтым ёсьць.

**Хоць мог і сказаць – і не такое нёс. А маглі і мясцовыя таварышы ад стараннасьці дадумаць, тыя яшчэ кадры былі.

***Друкарскай машынкі зь беларускім шрыфтам у місіі ААН не было яшчэ і ў першы год незалежнасьці. Больш за тое, тагачасны прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін узгадваў, што дакумэнты з МЗС па-беларуску зь Менску прыходзілі без «ў», а замест «і» ставілі клічнік. А сябра дэлегацыі 1960 году Максім Танк у дзёньніку скандал зь беларускай мовай зашыфраваў так, што і не зразумееш, што да чаго: напісаў, што кіраўнік украінскай дэлегацыі М. Падгорны гаварыў на ўкраінскай мове, а пра Мазурава – што той выступаў двойчы. А потым патлумачыў: «Як вядома, толькі главы ўрадаў маюць права выступаць на сваёй мове, а ўсе іншыя дэлегаты павінны выступаць на любой з рабочых моваў: англійскай, іспанскай, рускай, французскай ці кітайскай». Падгорны, як і Мазураў, быў першым сакратаром ЦК кампартыі, а не кіраўніком ураду.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус