К.Джарвіс: МВФ не выстаўляе палітычных умоў для крэдытаў

Пытаньні пра канкрэтныя памеры і тэрміны магчымага крэдыту Міжнароднага валютнага фонду для Беларусі яшчэ не разглядаліся. Пра гэта сёньня заявіў кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Крыс Джарвіс на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску. Ён таксама сказаў, што абмеркаваньню павінны папярэднічаць сур’ёзныя эканамічныя і фінансавыя пераўтварэньні ў Беларусі.

Тое, што адбываецца цяпер у беларускай эканоміцы, чыноўнік з МВФ назваў «сур’ёзным эканамічным крызісам». Яго вытокі Крыс Джарвіс бачыць у залішнім крэдытаваньні і завышанай аплаце працы. Менавіта на гэтых напрамках місія і рэкамэндуе найперш выпраўляць становішча. Нават праз такія непапулярныя захады, як зьніжэньне заробкаў насельніцтва параўнальна зь мінулым годам.
Магчыма, фонд нават дапаможа грашыма. Але пра гэта казаць сёньня заўчасна.

Місія прапануе свае рэцэпты прэзыдэнту, ураду і Нацыянальнаму банку. Ад іх МВФ патрабуе скаардынаванай палітыкі выхаду з крызісу. Магчыма, фонд нават дапаможа грашыма. Але пра гэта казаць сёньня заўчасна, падкрэсьлівае Крыс Джарвіс:

«Перамовы толькі пачаліся, і нам яшчэ трэба прайсьці доўгі шлях. Неабходна правесьці далейшае абмеркаваньне макраэканамічнай палітыкі. А таксама дамовіцца пра сур’ёзныя структурныя пераўтварэньні, каб забясьпечыць эфэктыўную працу прадпрыемстваў і фінансавай сыстэмы. І самае галоўнае — дзяржаўныя органы мусяць з усёй рашучасьцю ісьці на макраэканамічныя і структурныя пераўтварэньні».




Сярод прапаноў місіі МВФ да беларускага кіраўніцтва ёсьць і пераход на плывучы курс абмену валюты. Колькі беларускіх рублёў можа ў такім выпадку каштаваць адзін даляр? — спыталіся журналісты ў Крыса Джарвіса. Аднак канкрэтнай лічбы мы не пачулі:

«У нас у МВФ ёсьць добрая традыцыя — мы ня робім прагнозаў адносна абменнага курсу. І я працягну гэтую традыцыю. Выразна бачна, што на валютным рынку назіраецца нявызначанасьць адносна роўню, на якім валютны курс можа стабілізавацца. Але мы лічым, што ў выпадку пераходу на плывучы курс абменны курс стабілізуецца».

Чыноўнік з МВФ таксама падкрэсьліў, што беларускім уладам прапанавана пайсьці на лібэралізацыю ва ўсіх сэгмэнтах валютнага рынку. А на пытаньне, ці можа паўплываць на рашэньне МВФ наконт выдзяленьня Беларусі крэдыту палітычная сытуацыя ў краіне, Крыс Джарвіс адказаў, што «МВФ не выстаўляе палітычныя ўмовы для сваіх крэдытаў».

У межах новай праграмы супрацоўніцтва з МВФ Беларусь разьлічвае прыцягнуць ад 3,5 да 8 мільярдаў даляраў. Заяўку ў МВФ, каб той выдзеліў стабілізацыйны крэдыт, урад і Нацыянальны банк Беларусі накіравалі 31 траўня.