Сарокі над КДБ

  • Аляксандар Лукашук
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Увесну 1992-га пад час сустрэчы зь першым амэрыканскім амбасадарам у Менску Дэйвідам Суорцам кіраўнік Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч зьдзівіў дыплямата аповедам пра сваё асабістае знаёмства з амэрыканцам, які жыў тут за трыццаць гадоў да беларускай незалежнасьці.

Станіслаў Шушкевіч (у цэнтры)

... Калі ў 1960-м нядаўняга асьпіранта інстытуту фізыкі Акадэміі Навук БССР Станіслава Шушкевіча, які займаўся дасьледчай працай на Менскім радыёзаводзе, выклікалі ў заводзкі парткам, ён менш за ўсё гатовы быў да размовы пра граматыку расейскай мовы.

У парткаме маладому інжынэру паведамілі пра аказаны давер – вучыць скланеньням і спражэньням новага рабочага-амэрыканца. Шушкевіч вывучаў ангельскую ва ўнівэрсытэце, але яго адразу папярэдзілі – ніякіх размоваў пра мінулае жыцьцё з Освальдам ня весьці.

Станіслаў Шушкевіч у нататніку Освальда (запіс уверсе справа)

Освальд запісаў у нататнік імя настаўніка: Станіслаў Шушкевіч. Заняткі адбываліся ў корпусе, дзе працаваў інжынэр, пасьля зьмены Освальд прыходзіў туды, падымаўся на другі паверх, і яны прыступалі да граматыкі.

Мова давалася цяжка. Освальд быў ня надта старанны вучань, не праяўляў вялікага зацікаўленьня, эмоцыяў, не ўсьміхаўся і ня дзякаваў пасьля заняткаў. Але праз пэўны час ён пачаў тое-сёе разумець, калі Шушкевіч гаварыў павольна, дапамагаў жэстамі, пісаў асобныя словы на паперцы і разгортваў слоўнік.*

Дэйвід Суорц
Амбасадар Суорц неадкладна ўключыў аповед Шушкевіча ў тэлеграму ў Дзярждэпартамэнт. З адміністрацыі прэзыдэнта Джорджа Буша-старэйшага адразу пайшлі запыты пра архіўную справу. Суорц папрасіў кіраўніцтва КДБ аб сустрэчы – яго прыязна прынялі, выслухалі і паабяцалі спрыяць.

Больш амбасадар да гэтай тэмы не вяртаўся – на парадку дня быў вывад ядзернай зброі зь Беларусі, пабудова ўсяго комплексу паўнавартасных дзяржаўных стасункаў з новай дзяржавай, падрыхтоўка першага візыту кіраўніка Беларусі ў Вашынгтон.

Праз трыццаць гадоў пасьля забойства Кенэдзі, летам 1993-га Шушкевіч сустракаўся з прэзыдэнтам Клінтанам у Белым доме.

Клінтан і Кенэдзі

Кенэдзі быў асабістым героем Клінтана, існуе фільм, дзе Кенэдзі цісьне яму руку. Пра сваё знаёмства з Освальдам падчас гутаркі ў Белым доме Шушкевіч не згадаў ні тады, ні падчас прыезду Клінтана ў Беларусь.**

Візыт Біла Клінтана ў Беларусь

Чалавечы кантакт часам нечакана ўплывае на гісторыю -- як, верагодна, і яго адсутнасьць. Але рэч была ня толькі ў асабістай гістарычнай настальгіі двух удзельнікаў сустрэчы ў Авальным кабінэце, дзе лунаў цень яго былога гаспадара. Якраз тады адміністрацыя Клінтана напрасткі займалася справай забойства Кенэдзі.

У 1992-м Кангрэс ЗША ўтварыў незалежную “Раду ў справе перагляду дакумэнтаў забойства”, і адміністрацыя Клінтана, якая пераняла ўладу ад Джорджа Буша ў студзені 1993-га, мусіла займацца выкананьнем пастановы Кангрэсу, арганізоўваць працу Рады.***

У верасьні 1998-га Біл Клінтан атрымаў справаздачу. Рада прымусіла рассакрэціць і апублікавала больш за дваццаць тысяч дакумэнтаў ФБР, больш за тры тысячы – ЦРУ, таксама больш за тры тысячы – Пэнтагона, тысячы справаздачаў, архіўных матэрыялаў іншых ведамстваў і папераў прыватных грамадзян – цалкам 33 176 дакумэнтаў. Агульны аб’ём “Калекцыі Кенэдзі”, адкрытай для грамадзкасьці, перавысіў чатыры мільёны старонак.

У справаздачы быў разьдзел пад загалоўкам “Беларусь”:

З дапамогай амбасады ЗША ў Менску старшыня Рады Тунгэйм, сябра Рады Гол і выканаўчы дырэктар Марвэл у лістападзе 1996 году перагледзелі абшырныя матэрыялы справы сачэньня за Освальдам беларускага КДБ. Справа апісвае больш за два гады абшырнага сачэньня і аналізу КДБ за Лі Гарві Освальдам падчас яго жыхарства ў беларускай сталіцы. Некаторыя з дакумэнтаў былі ўжытыя Норманам Мэйлерам у яго кнізе “Гісторыя Освальда”.

Радзе не ўдалося атрымаць копію справы, часткова з прычыны пагаршэньня адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю ў 1997-98 гады.

Ізноў, Рада настойліва рэкамэндуе, каб былі прыкладзеныя ўсе магчымыя намаганьні, каб атрымаць для Амэрыканскага народу гэтыя важныя дакумэнты пра дзейнасьць абвінавачанага забойцы Лі Гарві Освальда ў гады перад забойствам.


Рада таксама наракала на слабое супрацоўніцтва з Масквой.

Аднак менш чым праз год, у чэрвені 1999-га падчас сустрэчы “вялікай васьмёркі” ў Кёльне прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын зрабіў жэст, які міжнародныя экспэрты тады назвалі “дыпляматыяй дакумэнтаў” -- перадаў Білу Клінтану 39 тэчак “справы Освальда”. Гэта былі дакумэнты не КДБ, а ЦК КПСС, МЗС і МУС СССР, якія зьявіліся на сьвет адразу пасьля забойства. У Маскве тады, пасьля Карыбскага крызысу, вельмі баяліся абвінавачаньня ў падрыхтоўцы замаху, і гэтаму было прысьвечанае ліхаманкавае ліставаньне з савецкай амбасадай у Вашынгтоне, даведкі і тлумачэньні.

Менскі пэрыяд Освальда там толькі згадваецца, але не раскрываецца – матэрыялы менскага КДБ ніяк не фігуруюць.

Тады ж, улетку 1999-га ельцынскую перадачу дакумэнтаў пракамэнтаваў яшчэ адзін прэзыдэнт -- Аляксандар Лукашэнка. На полі ў Берасьцейскай вобласьці ён заявіў журналістам:

-- Паглядзеў я гэтыя справы – няма там нічога такога, каб ірваць на галаве апошнія валасы і плакацца.

І патлумачыў:

-- Мы не зьбіраемся пляваць на сваю гісторыю.

Менскія сарокі-вароны, якія лётаюць над КДБ, сьпяваюць па-свойму:

Гэтаму не дала,
Гэтаму не дала,
Гэтаму не дала,
Гэтаму не дала,
А гэтаму дала.

У такой прыкладна прапорцыі. Тым больш цікава – каму і як давала.

----------------------------------------------
*У матэрыялах Камісіі Ўорэна можна пабачыць шэраг лістоў і запісаў у нататніку Освальда, зробленых па-расейску – на цалкам прымальным узроўні для штодзённых камунікацыйных патрэбаў. Па вяртаньні ў Амэрыку ён нават атрымаў прафэсійную рэкамэндацыю, што можа быць вусным і пісьмовым перакладчыкам з расейскай.

**У Беларусі Клінтан сустракаўся зь яшчэ адным чалавекам, які асабіста ведаў Освальда. Гэта перакладчыца амбасады ЗША Іна Маркава, якая пазнаёмілася з Освальдам, калі вучылася ў ін’язе. Яна перакладала размову лідэра парлямэнцкай апазыцыі Зянона Пазьняка і амэрыканскага прэзыдэнта ў Курапатах.

***Хаця забойства Кенэдзі дасьледавала прэзыдэнцкая Камісія Ўорэна ў 1963-64 гадах, затым адбываліся дадатковыя слуханьні ў Кангрэсе ў 1970-х, амэрыканская публіка працягвала задаваць пытаньні, што і чаму здарылася ў Даласе. Сакрэтнасьць, якая была неад’емнай рысай працы дзяржаўных інстытутаў падчас халоднай вайны, не спрыяла адкрыцьцю ўсіх архіваў, асабліва дакумэнтаў разьведкі і службаў бясьпекі. Таксама ня ўсе дакумэнты, створаныя камісіямі і камітэтамі рассьледаваньня, былі даступныя для публічнага азнаямленьня.

Падазрэньні, выкліканыя сакрэтнасьцю, размывалі ўпэўненасьць у праўдзівасьці фэдэральных органаў улады і шкодзілі даверу да іх. Буялі кансьпіралягічныя тэорыі, розгалас атрымаў фільм Олівэра Стоўна “Джэй Эф Кэй” (прыняты ў Амэрыцы скарот ініцыялаў 35-га прэзыдэнта) з высновамі пра змову і ўдзел у ёй дзяржаўных структураў. У адказ на фільм выйшла кніга Дэвіда Рэйтэза з красамоўнай назвай “100 памылак у фактах і высновах фільма “Джэй Эф Кэй”.

З увагі на грамадзкую занепакоенасьць у 1992-м Кангрэс прыняў “Акт аб зборы дакумэнтаў, датычных забойства прэзыдэнта Джона Ф. Кенэдзі”, стварыў Раду і надзяліў яе адмысловымі паўнамоцтвамі.

Акт упаўнаважваў Раду працаваць зь Дзярждэпартамэнтам, каб уключыць дакумэнты замежных урадаў, у першую чаргу з Расеі і Беларусі. Менская тэлеграма Суорца і яго перамовы з кіраўніцтвам КДБ патрапілі ў поле новага рассьледаваньня.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ