Царскі лібэралізм, мэдычныя экспэрымэнты "Штазі" і катаваньні ў КДБ

Зьміцер Каляда і Мікалай Аўтуховіч у Івацэвіцкай калёніі ў канцы 2010 году. Першае турэмнае фота.

Наша перадача адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбываў або сам чалавек, або яго сваякі.

Сярод сёньняшніх тэмаў:

"Удзячны лёсу за тое, што сядзеў разам з Аўтуховічам" — зь ліста вызваленага з Івацэвіцкай калёніі Зьмітра Каляды.

Суд над Андрэем Пачобутам. За краты ці — штраф? Апытаньне на вуліцах Горадні.

"Выраз маіх вачэй робіцца страшны для супернікаў, і яны ня могуць глядзець мне ў твар" — з турэмнага ліставаньня 20-гадовага Фэлікса Дзяржынскага.

Турма і здароўе: пра мэдычныя экспэрымэнты спэцслужбаў у сацыялістычных краінах.

Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952. Дзякуем усім, хто напісаў або патэлефанаваў нам, а таксама родным зьняволеных, якія дазволілі працытаваць фрагмэнты прыватнага турэмнага ліставаньня.

"Удзячны лёсу за тое, што сядзеў разам з Аўтуховічам" — зь ліста былога зьняволенага


Гэтымі днямі да нас у праграму прыйшоў ліст ад Зьмітра Каляды, які адбываў пакараньне ў Івацэвічах, у калёніі № 5, разам з палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам. Зьміцер таксама даслаў фота, якое яму ўдалося таемна зрабіць. Здымак зьмешчаны ў нас на сайце svaboda.org. Пра фота, а таксама пра ўражаньні ад знаёмства зь Мікалаем Аўтуховічам Зьміцер піша:


“Дасылаю вам фота, дзе я разам з Колем. Яно было зьнятае вось пры якіх абставінах. У мінулым годзе, у канцы лета сядзелі зь Мікалаем у атрадзе, гулялі ў нарды. (Спачатку мы былі ў адным атрадзе, потым мяне сьпісалі ў іншы атрад — такія крокі практыкуюць: калі ты каму не падабаесься ці не даспадобы начальніку атраду, опэру, а самае галоўнае — заўгасу атраду, такому ж ЗК, то хутка будзеш у новым атрадзе. Заўгас Колевага атраду даўно зуб на яго мае, але ж нічога зрабіць ня можа, бо Коля чалавек вядомы ў сьвеце і адміністрацыя пакуль жорстка да яго не падыходзіць, але ж кроў усё роўна паціху п'е. Але ж я крыху адхіліўся. Дык вось, гулялі мы ў нарды, і раптам узьнікла думка: пакуль ёсьць мажлівасьць зрабіць фота з Колем на мабільнік, то трэба скарыстацца. Хутка такой магчымасьці можа і ня быць — адміністрацыя пачала жорсткую барацьбу з мабільнай сувязьзю. Як у ваду глядзеў — праз два дні тэлефон знайшлі ў схованцы. Мікалай спачатку адмаўляўся, але згадзіўся. Вось так і атрымалася гэтае эксклюзіўнае фота.

Цягам 1,5 года я сядзеў у адной калёніі зь Мікалаем Аўтуховічам. За гэта я вельмі ўдзячны лёсу і таму лічу, што час у няволі не прайшоў дарэмна. Сьмела магу аднесьці сябе калі не да яго блізкіх сяброў, то да таварышаў дакладна. Гэтага чалавека не зламаць ніякаму Луку, бо ў ім ёсьць стрыжань і непахіснасьць перакананьняў. І ён ні ад кога ня будзе хавацца — ні ў блізкім, ні ў далёкім замежжы".


А вось урывак зь іншага ліста зь няволі. Мы цытуем яго са згоды Аксаны Пачобут, жонкі гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута. На 14 чэрвеня ў Горадні прызначаны суд над ім. Паводле Аксаны, яе муж прадбачыць, што гэта будзе "надта вясёлы" працэс і што, нягледзячы на ўсю адсутнасьць доказаў, вынік будзе прыкры. Аднак настрой у Андрэя нармальны, ён піша, што ў турме "пачынаеш цаніць вельмі простыя і, здавалася б, агульнадаступныя рэчы".

Андрэй Пачобут
"Адна з прыемных падзей у маім турэмным жыцьці — праходка. Сем крокаў у адзін бок — і ты ўпіраесься ў сьцяну, разварот, сем крокаў — у другі. Здавалася б, што тут можа быць прыемнага? Але пасьля камэры тут раздольле. Бокс, у якім "выгульваюць", — гэта тая ж камэра, толькі замест даху там краты. Гэта значыць — відно неба і ёсьць сьвежае паветра. У турме пачынаеш цаніць такія простыя і, здавалася б, агульнадаступныя рэчы. За адну праходку я ў сярэднім праходжу 3 або 3,5 км, што за адседжаны месяц дае прыблізна 90 км. Па-мойму, нядрэнны вынік. Каб было весялей, іду, напяваючы "Na znojną walkę" і "Pieсhota", "Piosenka ludzi bez domu" і да т.п. Турэмныя сьцены, верагодна, не сутыкаліся з такім рэпэртуарам ужо гадкоў з 60-х. Зь песьняй час ляціць хутчэй, дый ісьці заўсёды весялей. У суседніх боксах таксама, бывае, напяваюць. Але там рэпэртуар іншы".

За краты ці — штраф?


Апытаньне на гарадзенскіх вуліцах

У гарадзенскай турме чакае судовага працэсу Андрэй Пачобут. У аўторак журналіста пачнуць судзіць па абвінавачаньні ў абразе прэзыдэнта Лукашэнкі і паклёпе на яго. За "абразу" журналісту пагражае турэмны тэрмін да двух гадоў, за "паклёп" — ад двух гадоў да чатырох.

Тым часам у суседняй Расеі прэзыдэнт Мядзьведзеў прапануе злагодзіць крымінальнае заканадаўства: менш саджаць у турмы, больш караць штрафамі, папраўчымі працамі. Апошняя прапанова Дзьмітрыя Мядзьведзева — вывесьці справы аб абразе, паклёпе з Крымінальнага кодэксу ў Адміністрацыйны, што будзе прадугледжваць значна мякчэйшае пакараньне.

Што думаюць жыхары Горадні пра такое злагоджаньне крымінальнага заканадаўства ў Беларусі, а таксама пра будучы працэс над журналістам, высьвятляў наш карэспандэнт.

Спадар: "Там яны паклёп, па-мойму, і абразу вынесьлі з крымінальнага кодэксу?.. А ў нас за паклёп — гэта крымінальнае? Ды гэта ня мае значэньня, што ў Расеі, мы сваю галаву маем, гэта абавязкова трэба зрабіць. Таму што ў нас столькі асуджаных, столькі прыцягнута да адказнасьці. А такія артыкулы, я лічу, як "абраза" і "паклёп", — яны такога складу, што можна разглядаць у судзе і прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці, даваць штраф, каб чалавеку было не панадна і каб рабіў высновы. Абавязкова трэба зьмяняць грунтоўна меру адказнасьці, не саджаць за краты ні ў якім разе".

Спадар: "Шчыра кажучы, я асабліва ня ведаю, але для мяне асабіста так: за забойства трэба забіваць. Таму што столькі людзей, асабліва дзяцей, забіваюць. Гэта страшныя рэчы. А "абраза" — гэта залежыць ад чалавека. Абразіць можна заўсёды і нявіннага чалавека. За гэта, мне здаецца, можа, нейкай працай караць. У нас жа шмат працы, хай працуе, вуліцы падмятае, у калгасах хай працуюць. Хіба гэта дрэнна?".

Юнак: "Маё меркаваньне такое: калі зрабіў дрэнь якую, то хай караюць — ці адміністрацыйна, ці крымінальна. Калі ягоная правіна падыходзіць пад адміністрацыйнае пакараньне — калі ласка, а калі пад крымінальнае — то так і трэба. Калі чалавек хоча сядзець у турме, то хай сядзіць, калі ня хоча — не сядзіць".

Спадар: "Я заўсёды лічыў, што думкі і словы — гэта павінна быць па-за межамі карнага інстытуту. У любым выпадку гэта, вядома, не падстава для крымінальнай справы. Гэта сапраўды трэба выводзіць за межы крымінальнага кодэксу. Ведаю, што сядзіць журналіст Пачобут ні за што, яго трэба як мага хутчэй вызваляць, дзеля таго каб Беларусь не выглядала дзікунскай пачварай у сям’і эўрапейскіх народаў".

Спадарыня: "Гэта гледзячы за што, гледзячы якое злачынства зьдзейсьніў, вось і ўсё. Але менш трэба садзіць людзей, так".

Спадар: "Тое, што прапануе Расея, што бывае шырока распаўсюджана і ў Эўропе, напрыклад, прымусовыя працы ці пакаянныя, цалкам магчымыя ў нас. З другога боку, разумееце, Расея для нас ня ўзор. Расея — гэта застарэлая тэрытарыяльная імпэрыя, якая заснаваная і ўтрымліваецца на гвалце. Мядзьведзеў пайшоў па гэтым шляху з той прычыны, што па колькасьці тых, хто сядзіць у турмах у разьліку на тысячу жыхароў, гэта адна з самых першых краінаў у сьвеце. Гэта ён не таму, што юрыст, не таму, што добры чалавек, пайшоў па гэтым шляху — яны проста вымушаны разьвязваць пытаньне гэтае. Я абсалютна ня супраць, але катэгарычна супраць адмены сьмяротнага пакараньня. У нас заўсёды знойдуцца чалавекападобныя жывёльныя істоты, якім ня месца на зямлі".

Маладзён: "У турмах у нас пастаянна людзей перабор. Так было ўва ўсіх краінах заўсёды, але ўсе прыходзяць урэшце да высновы, што замяняць пакараньне трэба. Выпадкі ж розныя бываюць, не заўсёды ж гэта цяжкае злачынства, забойства. Самае галоўнае: калі ёсьць магчымасьць чалавеку злагодзіць наступствы альбо страты аплаціць, то чаму й не? Лепей гэта, чым сядзець за гэта ў турме. Бо дзяржава корміць у турме, а страты не кампэнсуюцца. Сэнс які ў гэтым? Ніякага сэнсу".

"Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць"


У гэтай рубрцы мы расказваем пра мінуўшчыну і цяпершчыну беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў.

Сёньня наш расказ — пра турмы Расейскай імпэрыі, якія пры канцы 1890-х — на пачатку 1900-х істотна паўплывалі на сьветапогляд і фармаваньне асобы аднаго нашага вядомага земляка.

Фэлікс Дзяржынскі
"... Вязьніца страшная толькі для слабых духам... Тут я нашмат шчасьлівейшы за тых, хто на "волі" жыве без усялякага сэнсу", пісаў больш за 100 гадоў таму з ковенскай турмы сваёй сястры ў Вільню тагачасны 20-гадовы недавучаны гімназіст са шляхецкай сям'і з-пад Ашмянаў. У будучыні ён стане заснавальнікам ЧК, ініцыятарам тэрору, правакацый, інстытуту закладнікаў, стваральнікам савецкага ГУЛАГу. Размова ідзе пра Фэлікса Дзяржынскага (30.8(11.9).1877 — 20 ліпеня 1926).

Наша віленская карэспандэнтка Тацьцяна Поклад зьвярнулася да першых турэмных лістоў і дзёньнікаў "жалезнага Фэлікса", якія той пісаў у Коўне, на Лукішках, у Варшаўскай цытадэлі і Сядлецкай турме (колішнія астрогі царскай Расеі, цяпер яны ў Літве ды Польшчы). Калі першыя допісы робіць прыгожы, улюбёны ў жыцьцё і дзяўчат модны франт (так пра яго сьведчаць сучасьнікі), дык літаральна праз пару-тройку гадоў вобраз маладога чалавека мяняецца. Сам Дзяржынскі ў адным зь лістоў на волю піша пра сябе так:

"Выраз маіх вачэй робіцца такі страшны для маіх супернікаў, што яны ня могуць глядзець мне ў твар"

Калі чытаеш лісты і дзёньнікавыя запісы 20-гадовага Фэлікса Дзяржынскага, скрозь іх не відаць будучага жалезнага наркама. Не пісаў ён з турмы пра свае мары наладзіць тэрор ворагам рэвалюцыі і зрабіць такія канцлягеры, дзе вязьням будзе не да нямецкай ці францускай граматыкі, якія ён сам вывучаў у турмах. Не пісаў ён тады пра апраўданасьць забойства невінаватых у часе масавага тэрору, а разважаў пра выхаваньне дзяцей — што іх нельга біць, напрыклад, бо і яго ніколі ня білі, — шкадаваў юных ахвяраў царызму, пісаў пра важнасьць паштовак для вязьняў. Цікава, ці Фэлікс згадаў хоць раз пра ролю паштовак у жыцьці вязьня, калі сам стаў на чале ўсіх турмаў.

Лісты з-за кратаў: Ковенская турма 100 гадоў таму


Вядома, як гістарычныя крыніца гэтыя дакумэнты суб'ектыўныя і патрабуюць параўнаўчага аналізу, праверак. Але можна думаць і так — ня можа чалавек у лістах з турмы хлусіць ад пачатку да канца, дый сама атмасфэра, настрой у кожным разе адкрываюць і тое, што не прамаўлялася, і тое, што хавалася між радкоў.

Беларусы ведаюць турэмныя дзёньнікі Максіма Танка зь Вільні. А некалькі дзясяткаў гадоў раней за яго ў турмах, што на тэрыторыі сучаснай Літвы і Польшчы, пісаў свае лісты і дзёньнікавыя запісы ашмянскі шляхціц і бальшавіцкі лідэр, імя якога ведаюць дзясяткі мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце.

Ну, а калі з самага пачатку, а гэта больш як сто гадоў таму, то ў Літве найперш Ковенская турма пачатку мінулага стагодзьдзя памятае Фэлікса Дзяржынскага.

Зь ліста Фэлікса Дзяржынскага да сястры Алдоны (А.Э.Булгак) зь першай яго турмы ў Коўне (13 студзеня 1898 г.):

"Ты называеш мяне "небаракам" — моцна памыляесься. Праўда, я не магу сказаць, што шчасьлівы, але гэта не праз турму. Я нашмат шчасьлівейшы за тых, хто на "волі" жыве без усякага сэнсу. (...) Турма добрая тым, што дае досыць часу на крытычны погляд на сваю мінуўшчыну... Вязьніца страшная толькі для слабых духам...".

Удалыя ўцёкі

У Ковенскай турме Дзяржынскі правёў каля году, пасьля яго саслалі ўглыб Расеі, адкуль ён наступнага году ўцёк. Гэта быў першы арышт, першы прысуд, першыя ўцёкі. Пасьля было столькі турмаў, уцёкаў, этапаў, што гісторыкі, як выглядае, канчаткова ў іх не разабраліся. Трапляюцца супярэчлівыя зьвесткі, а сам Фэлікс у кароткай аўтабіяграфіі назваў ня ўсё.

Удалых уцёкаў зь месцаў зьняволеньня ў Расейскай імпэрыі было нямала. Фэлікс Дзяржынскі пасьпяхова ўцякаў прынамсі тройчы, але толькі на ўсходзе імпэрыі.

На захадзе расейскія турмы ахоўваліся пільней. У цяперашняй Літве дасюль выкарыстоўваюцца турмы, пабудаваныя расейскімі імпэрскімі акупацыйнымі ўладамі на пачатку мінулага стагодзьдзя, і калі для вязьняў там умовы не заўсёды адпавядаюць сучасным эўрапейскім стандартам, то прынцыпы аховы, закладзеныя сто гадоў таму і ўдасканаленыя адпаведна часу, застаюцца дзейнымі — пра ўцёкі можна забыцца.

"У Літве ўцёкі здараюцца вельмі рэдка. У сярэднім адны ўцёкі ў год здараюцца з установаў зьняволеньня цягам апошніх гадоў. Ну вось былі ўцёкі аднаго асуджанага з выхаваўчага дому з Кібартай (уцекача знайшлі праз тры месяцы), быў адзін выпадак уцёкаў з установы для непаўналетніх. З Лукіскай, іншых старых турмаў уцёкаў не бывае", — распавядае прадстаўнік дэпартамэнту турмаў пры Міністэрстве юстыцыі Літоўскай Рэспублікі Антанас Лаўрыненас.

З Лукішак і сто гадоў таму Дзяржынскі, знаны сваімі дзёрзкімі ўцёкамі, ня здолеў зьбегчы. Уцякаў, хоць і пісаў прыгожа з турмы пасьля свайго першага арышту: "каб давялося абіраць: турма альбо жыцьцё на волі бяз сэнсу, абраў бы турму, іначай і існаваць ня варта".

Нямецкая граматыка ў турме

Сядзеў ён і ў агульных камэрах, і ў адзіночках. Вязьні вучылі там замежныя мовы, перастукваліся, дамаўляліся пра розныя акцыі пратэсту, мелі ў камэрах кветкі і, падобна сёньняшнім зьняволеным, цанілі паштоўкі з прыгожымі выявамі ды добрымі словамі:

"Перада мной — ружы. Адна, ружовая, амаль зусім зьвяла ўжо, але затое дзьве бела-жоўтыя, зь зеленаватым адценьнем, і пунсовая — яшчэ сьвежыя, чароўныя, песьцяць маё вока, я замілаваны імі, яны так цешаць мяне. А паштоўкі таксама ўвесь час добразычліва глядзяць на мяне. У мяне зьявілася яшчэ адна — прыгожая, на якой стройныя, але сумныя бярозы кланяюцца мне".

(Зь ліста І.Э. Дзяржынскаму, Х павільён Варшаўскай цытадэлі, 12.09.1905 г.)

Так пісаў Фэлікс Дзяржынскі брату пасьля свайго трэцяга арышту на пачатку стагодзьдзя з Варшаўскай цытадэлі, якая лічылася адной з самых суровых турмаў тагачаснай Расейскай імпэрыі. Адтуль немагчыма было ўцячы — нават у часе шпацыру ў турэмным двары за кожным вязьнем хадзіў асобны ахоўнік.

“Ванна раз на месяц”

Умовы турэмныя ў сваіх лістах Дзяржынскі апісваў звычайна як "цярпімыя", "добрыя", "прымальныя". Можа, не хацеў скардзіцца, засмучаць блізкіх, якія і так, як сьведчыць ліставаньне, дакаралі яго за лад жыцьця і погляды.

"Ты пытаесься, якая ў мяне камэра. Дык вось, у некалькіх словах: камэра вялікая — 5 на 7 крокаў, вялікае акно з гранёнымі шыбамі, ежа прыстойная, трохі малака купляю сам. Шпацыр 15 хвілін. Бібліятэка. Куплянкі двойчы на тыдзень. Лісты — палова паштовага аркушыка на тыдзень. Ванна раз на месяц. Сяджу пакуль сам. "Турэмнай" цішы тут няма. Праз фортку далятаюць салдацкія размовы ды песьні, грукат калёсаў, вайсковая музыка, гудкі параходаў і цягнікоў, шчабятаньне вераб'ёў, шум дрэваў, галасы пеўняў, сабак ды розныя іншыя гукі...".

Адзін з таварышаў Дзяржынскага, Красны, прыгадваў Сядлецкую турму ў Польшчы, дзе яны сядзелі разам:

"Мы пабачылі неймаверна брудную камэру. Бруд заляпіў акно, зьвісаў са сьценаў, а з падлогі яго можна было лапатамі грэбці. Пачаліся развагі пра тое, што трэба выклікаць начальніка, што так пакідаць нельга і гэтак далей, як гэта бывае звычайна ў турэмных размовах".

Дзяржынскі, як прыгадвае яго сябра, ня браў удзелу ў развагах, а зьняў боты, закасаў нагавіцы, папрасіў вады і шчотку і за некалькі гадзінаў адзін вычысьціў камэру. Сукамэрнікі не дапамагалі — лічылі, што гэтую працу павінны выконваць супрацоўнікі турмы.

“Рысы майго твару агрубелі”

Сам Дзяржынскі ў сваіх лістах пісаў пра іншае — да прыкладу, як зьмяніла яго турма.

"Ты хочаш ведаць, як я выглядаю... Мне даюць ужо 26 гадоў, хоць я ня маю яшчэ ні вусоў, ні барады, выраз майго твару цяпер звычайна пахмурны і праясьняецца толькі ў часе размовы, але калі я захапляюся і пачынаю палка абараняць свае погляды, то выраз маіх вачэй робіцца такі страшны для маіх супернікаў, што яны ня могуць глядзець мне ў твар; рысы майго твару агрубелі, так што я цяпер хутчэй падобны да рабочага, чым да нядаўняга гімназіста, на маім ілбе тры глыбокія зморшчыны, хаджу я сагнуўшыся, вусны часьцяком моцна сьціснутыя, да таго ж я моцна знэрваваны...".

Як выкарыстаў, атрымаўшы ўладу, Фэлікс Дзяржынскі свае глыбокія практычныя веды пра карную сыстэму Расейскай імпэрыі, вядома.

Валеры Савянкоў правёў у месцах зьняволеньня меней часу, чым Дзяржынскі, але ня так і мала — ён быў вязьнем у брэжнеўскія часы, пасьля сядзеў у менскай "Валадарцы" ў 1986-м, быў адпраўлены па этапе ў Курск, пазьней адбываў два тэрміны пакараньня ў літоўскіх турмах. А з таго часу, як па вызваленьні выйграў справу ў Страсбурскім судзе па правах чалавека, займаецца праваабарончай дзейнасьцю, дапамагае былым вязьням у скаргах на турэмныя ўмовы.

Мой суразмоўца мяркуе, што вязьні-рэвалюцыянэры, атрымаўшы ўладу ў 1917-м, зрабілі для наступных зьняволеных у вязьніцах яшчэ больш жорсткія ўмовы, чым тыя, у якіх утрымліваліся яны самі.

Валеры Савянкоў
Савянкоў: "Думаю, яны паглядзелі на той лібэралізм царскіх турмаў, — бо гэта быў сапраўдны лібэралізм у параўнаньні з НКВД, — і зрабілі высновы, каб не паўтарыць лёс царскай улады. Той жа Дзяржынскі, пасядзеўшы ў турмах, атрымаў глыбокія веды пра тую сыстэму, практычныя веды. Ён ведаў, як трэба закруціць гайкі, каб вязьням не было салодкага жыцьця. Царскія расейскія турмы, як у шмат якіх іншых краінах, стваралі людзі, якія самі не былі зэкамі-дысыдэнтамі. А савецкая рэпрэсіўная карная сыстэма тым і ўнікальная, што ўлічваўся досьвед былых зэкаў-рэвалюцыянэраў. Яны перамаглі толькі таму, што ў барацьбе з супернікамі не прызнавалі аніякіх нормаў, правілаў, маралі, абмежаваньняў — любыя сродкі, абы перамагчы. Як былыя зэкі, яны ведалі ўсё да драбніц, як зрабіць умовы ўтрыманьня для тых, каго не забілі, такімі, каб зламаць чалавека.

Калі гаварыць пра гісторыю турмаў, то гэта ня нешта далёкае, мінулае, не зьвязанае зь сёньняшнім днём. Атрымаўшы ўладу, такія палітзьняволеныя, як Дзяржынскі, распачалі крывавы тэрор ды заклалі асновы тых умоваў пэнітэнцыярнай сыстэмы, ад якіх вязьні пакутуюць і сёньня, у 21-м стагодзьдзі. Цяпер у Беларусі шмат палітвязьняў. Што, да прыкладу, паводле інструкцыі павінен зрабіць зь імі канвой у выпадку экстрэмальнай сытуацыі?"

"Турма і здароўе"


http://www.youtube.com/embed/0k-xfEjAm6c

У зладжаным хоры Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі ГДР, які выконвае гімн гэтай арганізацыі, можна пачуць ненямецкія словы "Дзяржынскі", "чэкісты". "Таварыш Дзяржынскі, мы твае нашчадкі, гатовыя да канца змагацца з ворагам і памерці за сьветлую будучыню нашай краіны", — натхнёна сьпяваюць нашчадкі "жалезнага Фэлікса" з ГДР. Да канца 1980-х вобраз заснавальніка расейскай ЧК і створаная ім карная сыстэма тут, на ўсходзе Нямеччыны, былі для мясцовых уладаў такімі ж сьвятарнымі каровамі, што і для ўладаў цяперашняй Беларусі. Служба дзяржбясьпекі ГДР — Staatssicherheit, або, у скароце, Stasi ("Штазі"), была створаная неўзабаве па заканчэньні другой усясьветнай вайны на вобраз і падабенства савецкага ЧК-НКВД-КГБ і пры непасрэдным удзеле гэтай арганізацыі.

Галоўны прынцып усходненямецкай тайнай паліцыі — "неістотнай інфармацыі не бывае". "Штазі" шчыльна кантралявала паводзіны грамадзянаў ГДР, каб загадзя прадухіляць любыя палітычна няправільныя ўчынкі. Дапамагала ёй у гэтым больш за 260 тысяч інфарматараў — "неафіцыйных супрацоўнікаў".

Мэдычныя экспэрымэнты ў турмах «Штазі»

Галоўная турма "Штазі" месьцілася ва ўсходненямецкім горадзе Баўтцэн. Для яе ды іншых турмаў гэдээраўскай тайнай паліцыі характэрныя былі перапоўненасьць камэраў, зьдзеклівае стаўленьне да вязьняў, экспэрымэнты над іх фізычным ды псыхічным здароўем, ігнараваньне просьбаў арыштантаў пра мэдычную дапамогу.

Турма "Штазі" ў Баўтцэне

Паводле дасьледчыкаў "Stasibehoerde" (ведамства па вывучэньні злачынстваў колішняй усходненямецкай дзяржбясьпекі), якія на просьбу "Свабоды" азнаёміліся з заявамі былых кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі і колішніх вязьняў менскай турмы "амэрыканка" Алеся Міхалевіча і Андрэя Саньнікава, апісаныя тымі экспэрымэнты над арыштантамі ў СІЗА КДБ цалкам адпавядаюць колішняй практыцы спэцслужбаў Усходняй Нямеччыны.

Экспэрт ведамства д-р Табіяс Вуншык адзначае:

Д-р Табіяс Вуншык
"Тое, пра што публічна засьведчылі вашы палітвязьні, — гэта, на шчасьце, ужо мінулае для ўсходніх немцаў ды жыхароў пераважнай большасьці эўрапейскіх краін. Я маю на ўвазе рознага кшталту зьдзекі і катаваньні: ад пазбаўленьня сну, ізаляцыі, забароны на ліставаньне ды спатканьні з блізкімі і адвакатам — да ўвесь час уключанага ў камэры сьвятла ці патрабаваньня, каб рукі ляжалі паўзьверх коўдры. Усе гэтыя шматлікія тэхнічныя, фізычныя і псыхалягічныя сродкі, якія выкарыстоўвала "Штазі" і якія працягваюць выкарыстоўваць у КДБ, накіраваныя на тое, каб зламаць волю чалавека і пашкодзіць яго здароўе".

Узгадваючы часы ГДР, нямецкія экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што палітзьняволеных у ГДР прыніжалі і праводзілі над імі мэдычныя экспэрымэнты. Некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што спэцслужбы ўжывалі канцэрагеннае выпраменьваньне і што такім чынам былі забітыя тры вядомыя дысыдэнты — пісьменьнікі Юрген Фукс ды Рудольф Баро і рок-гітарыст Герульф Панах, які граў у самай вядомай у ГДР групе "Klaus Renft Combo". Усе трое памерлі ад вельмі рэдкай формы раку. Пасьля падзеньня мура ў катоўнях знайшлі радыяактыўныя прылады.

Што да мэдычнай дапамогі хворым зьняволеным, то шмат якія скаргі арыштантаў проста ігнараваліся, адзначае д-р Табіяс Вуншык.

Вуншык: Мэдычная дапамога палітзьняволеным была мізэрная і кепская. Каб зьняволенага агледзеў лекар, трэба было чакаць дні і нават тыдні. Нярэдка адпаведная мэдычная дапамога ўвогуле паступала запозна. Умовы ўтрыманьня хворых, а таксама мэдыкамэнтознае забесьпячэньне не вытрымлівалі аніякай крытыкі. Лекі набываліся за кошт сваякоў хворых. І гэта каштавала нямала".

Турма "Штазі" ў Баўтцэне

Самі мэдыкі турмы "Штазі", дадае экспэрт, па-рознаму ставіліся да сваіх пацыентаў. Некаторыя зьневажалі хворых палітвязьняў і бачылі ў іх выключна сымулянтаў. Некаторыя (іх была меншасьць) усё ж заставаліся вернымі клятве Гіпакрата — магчыма, таму, што ў мінулым самі былі палітвязьнямі. Гэтыя людзі добра ведалі спэцыфічныя хваробы турмы, выкліканыя як фізычнымі катаваньнямі (яны ўжываліся да 1970-х), так і псыхалягічнымі экспэрымэнтамі, якія прыйшлі ім на зьмену.

Як кажуць прадстаўнікі "Stasibehoerde", большасьць дакумэнтальных доказаў таго, як супрацоўнікі Штазі ператваралі ў сваіх вязьніцах здаровых людзей у безнадзейна хворых, была наўмысна зьнішчана ў 1989 годзе, калі разбурылі Бэрлінскі мур. З дапамогай сучаснай навукі, аднак, удалося знайсьці спосаб, каб аднавіць архівы. Знайшлася ў адным дакумэнце і згадка пра маёра Ўладзімера Пуціна, якому кіраўнік "Штазі" ў лютым 1988 году ўручыў бронзавы мэдаль "За службу ў Нацыянальным войску ГДР".

У адным са сваіх апошніх інтэрвію расейскім СМІ цяперашні расейскі прэм’ер заявіў, што часта і па-добраму ўзгадвае ГДР і супрацоўніцтва з калегамі са "Штазі".

Тым часам у колішніх ахвяраў гэтай усходненямецкай арганізацыі іншыя пачуцьці:

"Гэта жудасна, што цяпер знаёмыя мне рэчы адбываюцца ў Беларусі, практычна ў цэнтры Эўропы, — дзеліцца ўражаньнямі са "Свабодай" бэрлінскі псыхіятар, у мінулым сам вязень "Штазі" д-р Карл-Гайнц Бомбэрг. — Працягласьць і цяжар зьдзекаў у турме прыводзяць да праблемаў са здароўем. Гэта я заяўляю на падставе ўласнага практычнага досьведу".

Паводле адмыслоўцаў, сёньня досыць цяжка ацаніць, колькі грамадзянаў колішняй ГДР насамрэч займелі посттраўматычны сындром у выніку турэмнай псыхатраўмы. Праблемы са здароўем маюць цяпер ня толькі ахвяры "Штазі", але і іхнія каты, і інфарматары тайнай паліцыі. Некаторым зь іх дапамагае і доктар Бомбэрг.

Бомбэрг: "Так. Я лекую катаў, ня толькі ахвяраў. Зразумела, ня ўсіх, у мяне ёсьць свае прафэсійныя межы. Я з павагай стаўлюся да людзей, якія маюць патрэбу прызнацца. Зразумела, трэба ўбачыць самыя розныя нюансы, чаму менавіта яны хацелі гэта рабіць. Шлях для асэнсаваньня ўсяго мінулага досьведу, каб прымірыцца зь ім, вельмі доўгі. Нават празь дзесяцігодзьдзі злачынцы ў думках будуць вяртацца да сваіх ахвяраў, больш за тое, яны будуць пакутаваць ад навязьлівага жаданьня сустрэцца зь імі. Напрыклад, сярод маіх пацыентаў ёсьць так званыя стукачы, тыя, хто калісьці сачыў за так званымі палітычна ненадзейнымі і дакладаў пра іх. Гэтыя людзі адчуваюць пэўны дыскамфорт ад таго, што ня бачаць тых, за кім сачылі. Няспынная ўнутраная "жвачка" прыводзіць такога чалавека да, здавалася б, нечаканага: зьяўляецца патрэба папрасіць прабачэньня ў ахвяры. Адзін клясычны прыклад, пра які нават распавядалі ў тэлебачаньні: жанчына-настаўніца, якая сачыла за сваімі вучнямі, прагнула сустрэцца зь імі. Сустрэча нарэшце адбылася. Прагучала выбачэньне. Пачуцьцё віны, якое мела гэтая жанчына, стала крокам да прымірэньня як з колішнімі ахвярамі, так і з сабою".

Цытата:

“Тое, пра што публічна засьведчылі беларускія палітвязьні, — гэта, на шчасьце, ужо мінулае для ўсходніх немцаў”.


Слухаць перадачу можна тут:

Свабода ў турмах, 12 чэрвеня 2011 году, частка 1

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 12 чэрвеня 2011 году, частка 1



Свабода ў турмах, 12 чэрвеня 2011 году, частка 2

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 12 чэрвеня 2011 году, частка 2