Рэцэпт амбасадара Сурыкава: прыватызацыя

Цяперашняя фінансавая сытуацыя ў Беларусі расейскаму амбасадару Аляксандру Сурыкаву нагадвае становішча ў Расеі часоў дэфолту. Пра гэта ён гаварыў сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі. У Беларусі крызіс, на думку дыплямата, не такі моцны, які быў тады ў Расеі. Аднак Расея напрыканцы 90-х гадоў мела магчымасьць зьмякчыць наступствы крызісу за кошт сваіх сыравінных рэсурсаў.

Паўтарыць расейскі шлях выхаду з крызісу Беларусь ня можа — няма ні сваёй нафты, ні свайго газу. А пасьля адмены расейцамі мыта на сырую нафту не дае былой выгады перапрацоўка яе на беларускіх прадпрыемствах. Таму амбасадар Сурыкаў параіў беларускім уладам задзейнічаць "унутраныя рэзэрвы, найперш прыватызацыю":

"Што стымулюецца праз прыватызацыю? Непасрэдныя інвэстыцыі. Разьвіцьцё фондавага рынку, бо гэта дадатковы абарот акцыяў на рынку. Дзе выпраўляецца сытуацыя? Папаўняюцца золатавалютныя рэзэрвы, куды найперш ідуць грошы. Скарачаецца дэфіцыт плацёжнага балянсу, бо і туды ідзе частка грошай. Дзяржаве робіцца лягчэй сацыяльна падтрымліваць насельніцтва".

Расейскі дыплямат падкрэсьліў: ня варта палохацца самога слова "прыватызацыя", як калісьці было ў ягонай краіне:

"Хто будзе ў прыватызацыйных конкурсах удзельнічаць? Гэта ж заўжды
Хто будзе ў прыватызацыйных конкурсах удзельнічаць? Гэта ж заўжды залежыць ад заказчыка, то бок ад беларускага боку.

залежыць ад заказчыка, то бок ад беларускага боку. Каб прыватызацыя ня стала бандыцкай, нядобрай ці нейкай іншай. Заказчык дыктуе ўмовы на конкурсе — разумныя, талковыя ўмовы, каб усё, пра што я казаў, стымулявалася".

Амбасадар згадаў, што толькі ад прыватызацыі другой паловы "Белтрансгазу" ў Менск ад "Газпрома" паступяць два з паловай мільярды даляраў. Пацьвердзіў ён зацікаўленасьць расейцаў і ў "Беларуськаліі".

Але сёньня беларускаму кіраўніцтву трэба глядзець ужо далей, кажа незалежны беларускі эканаміст Міхась Залескі:

"Я думаю, самае галоўнае — тое, што рабіць з грашыма ад прыватызацыі.
Самае галоўнае — тое, што рабіць з грашыма ад прыватызацыі.

Калі карыстацца імі гэтаксама, як цяпер, то нам такая прыватызацыя дапаможа на адзін год. Прададуць "Беларуськалій", яшчэ нешта. На год хопіць, а далей што мы будзем прадаваць?

Любыя грошы — пазычаныя альбо атрыманыя ад прыватызацыі прадпрыемстваў — мы павінны скіраваць на новыя тэхналёгіі, новыя стандарты, новы мэнэджмэнт у тым, што застаецца ў нас. А я думаю, што атрыманыя грошы скарыстаюць на камсамольскае "давай-давай". І таму яны будуць прафуканыя".