У Рэчыцы вандалы апаганілі габрэйскія могілкі

  • БелаПАН
Пашкоджаны таксама помнік ахвярам Галакосту. Крымінальная справа па частцы 1 артыкулу 347 Крымінальнага кодэксу (зьдзек з трупа або магілы) распачата Рэчыцкім РАУС 6 чэрвеня.

У ноч з 26 на 27 траўня на гарадзкіх габрэйскіх могілках былі пашкоджаныя 14 надмагільных помнікаў і помнік ахвярам Галакосту.

Як паведамілі ў аддзяленьні дазнаньня Рэчыцкага райаддзелу міліцыі, заява аб учыненьні злачынства паступіла ад старшыні мясцовай юдэйскай абшчыны. Праваахоўнікі займаюцца пошукам зламысьнікаў.

Паводле папярэдняй вэрсіі, акт вандалізму маглі ўчыніць радыкальна настроеныя падлеткі. У міліцыі ёсьць інфармацыя, што група непаўналетніх зьбіралася і праводзіла час у раёне могілак. Устанаўліваецца дачыненьне падлеткаў да пашкоджаньня магіл.