Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.
Першакрыніцамі за савецкім часам называлі працы клясыкаў марксізму-ленінізму (фактычна замест дуэту было трыё ці нават квартэт, але Энгельс на свой “ізм” не дацягнуў, а Сталін на пачатку 60-х з канцэртнай брыгады ўжо выпаў). Першакрыніцай менскага пэрыяду Освальда зьяўляецца, канечне, справа агентурнай распрацоўкі КДБ – гэты орган дыктатуры вёў свой летапіс жыцьця, часам кастраваны, нярэдка ў стылі фэнтазі, але па-канцылярску падрабязны.
Освальдам у Менску я пачаў цікавіцца яшчэ за часамі СССР, але ніколі, нягледзячы на статус сябра камісіі Вярхоўнага Савету па правах ахвяраў палітрэпрэсіяў, нават ня бачыў яго архіўную справу, і калі б асабіста ня ведаў аднаго чалавека, які трымаў яе ў руках, мог бы падумаць – а ці ёсьць яна ўвогуле?
Чалавек, які ня толькі бачыў, але гартаў справу Освальда -- дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык.
Неяк у 1992-м да мяне ў Менск пазванілі амэрыканскія тэлежурналісты, якія зьбіраліся здымаць дакумэнтальны фільм пра Освальда – набліжалася 30-я гадавіна забойства Кенэдзі, ім трэба была дапамога са здымкамі на заводзе, з архіўнай справай КДБ. Я пераадрасаваў просьбу Сяргею Навумчыку – ён быў ня толькі ўплывовым каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі, але і сакратаром камісіі па справах сродкаў масавай інфармацыі, галоснасьці і правоў чалавека.
І яшчэ ён быў журналістам – таму ахвотна ўзяўся дапамагчы і зацікавіўся справай сам. Ён успамінае:*
У 1992 годзе я атрымаў просьбу амэрыканскіх журналістаў паспрыяць доступу да справы Освальда ў беларускім КДБ. Я напісаў ліст старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіславу Шушкевічу з просьбай даць доступ да “справы Освальда” і мне. Я разумеў, што калі Шушкевіч дасьць прамое ўказаньне кіраўніцтву КДБ, у мяне будуць рэальныя шанцы атрымаць доступ. Празь некалькі дзён памочнік старшыні ВС паказаў мне рэзалюцыю на маім звароце: “Э.Шыркоўскаму – С.Шушкевіч”. І – усё. Маўляў, хай старшыня КДБ вырашае.
У той час КДБ напрасткі падпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету і яго старшыні – іншага начальства над камітэтам у незалежнай Беларусі не было. Апроч таго, паводле заканадаўства, дэпутаты мелі доступ ва ўсе дзяржаўныя ворганы і да ўсіх дакумэнтаў. Ведамасныя інструкцыі КДБ абмяжоўвалі кола асобаў, дапушчаных да сакрэтаў. Але закон мусіў быць вышэй.
Ня ўсё было так проста, канечне. У перапынку сэсіі Вярхоўнага Савету да Навумчыка падышоў таксама дэпутат, намесьнік старшыні КДБ генэрал Генадзь Лавіцкі і агарошыў навіной: вось ты, Сяргей, пішаш просьбы да Шушкевіча, а ў Менску поўным ходам працуе амэрыканскі пісьменьнік Мэйлер, прыходзіць у клюб Дзяржынскага і яму даюць дакумэнты са справы Освальда, водзяць да яго менскіх знаёмцаў Освальда.
Дэпутат навіну ўспрыняў спакойна, бо лічыў, што хто-хто, а амэрыканцы маюць маральнае права атрымаць інфармацыю пра таго, хто прызнаны забойцам іх прэзыдэнта. Але ён таксама лічыў, што і беларускія дасьледнікі мелі права атрымаць такую інфармацыю:
Пасьля “ніякай” рэзалюцыі Шушкевіча заставалася чакаць рашэньня генэрал-палкоўніка Шыркоўскага, апошняга кіраўніка КДБ у БССР і першага старшыні гэтай установы ў незалежнай Беларусі.
Даць пэўную (зразумела, ня ўсю) інфармацыю са справы Освальда беларускаму дасьледніку, ды яшчэ з дэмакратычным іміджам, ды яшчэ таму, хто, як бы там ні было, паводле заканадаўства мае на гэта права, – значыла зьняць магчымыя папрокі ў бок КДБ за гісторыю з Мэйлерам. Ну і, магчыма, не апошнюю ролю адыгрываў мой статус каардынатара парлямэнцкай апазыцыі БНФ – праца такога дэпутата ў архіве КДБ найлепшым чынам сьведчыла пра ступень дэмакратызацыі “ворганаў” (і рабіла праблематычнай крытыку дэпутата ў бок КДБ хаця б на час гэтай працы).
У выніку Шыркоўскі станоўча паставіўся да маёй просьбы, і недзе ўвесну 1993-га ў кабінэце начальніка архіўнага ўпраўленьня Аляксандра Вераса мне паказалі тое, што называецца “Справай Освальда”.
Тут важна адзначыць – да Сяргея Навумчыка ніхто з цывільных дасьледнікаў, айчынных ці замежных, ніколі не трымаў у руках і не гартаў “Справу агентурнай распрацоўкі № 34451”.
Гэта – першае поўнае яе апісаньне:
На цялежцы (падобнай да тых, што выкарыстоўваюць у аэрапортах ці супэрмаркетах), прывезьлі пульхныя тамы і паклалі іх на стол.
Тамоў было сем. Апошні, сёмы, цалкам складаўся зь ліставаньня наконт выдачы матэрыялаў справы дасьледнікам, а самым апошнім падшытым дакумэнтам быў мой ліст да Шушкевіча на дэпутацкім блянку зь ягонай рэзалюцыяй. Быў том, які пачынаўся выцінкай з газэты (здаецца, “Известия”) з партрэтам Кенэдзі ў жалобнай рамцы; былі й выцінкі зь іншых газэтаў. Мне паказалі запыт па ўрадавай сувязі (ВЧ) у КДБ БССР пра Освальда, зроблены адразу пасьля забойства Кенэдзі і адказ-даведку, ізноў жа па ВЧ, старшыні КДБ Пятрова. І там жа – машынапіс артыкула за подпісам АПН (“Дык што ж рабіў Освальд у Савецкім Саюзе?”) з праўкамі ад рукі.
Асобны том складалі матэрыялы, зьвязаныя з выездам Освальда і Марыны Прусаковай з СССР – ліставаньне з АВІРам, нейкія даведкі.
Яшчэ адзін том утрымліваў матэрыялы, вынятыя з розных савецкіх (пераважна, менскіх) установаў, якія мелі дачыненьне да Освальда – так, я заўважыў ягоную мэдычную картку.
Але, канечне, найбольш цікавымі былі тамы “апэратыўнай распрацоўкі” Освальда – данясеньні прыстаўленых да яго агентаў (памятаю фразу “и быстрым шагом пошёл”), стэнаграмы размоваў – і ня толькі тэлефонных (імгненнага позірку на нейкі тэкст хапіла, каб зразумець, што кватэра Освальда ў Менску праслухоўвалася. Я заўважыў расшыфраваную ў форме дыялёгу “Ён-Яна-Ён-Яна” размову).
На некаторых аркушах у машынапісным тэксьце былі прочыркі, у якія былі ўпісаныя словы чарнільнай ручкай.
Былі нават тэксты нататак, вынятых са сьметніцы.
Асобны том складаўся з капэртаў, у якіх былі магнітафонныя стужкі і фотанэгатывы (35-мілімэтроўкі, нарэзаныя па 4-5 кадраў). Так, у адной капэрце ляжалі нэгатывы зь вясельля Освальда – як мне патлумачылі, зробленыя схаванай камэрай. Магнітафонныя стужкі былі пераважна без бабінаў.
Былі і лісты – Освальду і ад Освальда, зь Менску і з Амэрыкі. Я заўважыў капэрту, зь якой была адарваная “зь мясам” паштовая марка – трэба думаць, нехта з тагачасных супрацоўнікаў КДБ захапляўся філятэліяй, адарваў амэрыканскую марачку ў калекцыю.
Філятэлістычныя жарсьці аказаліся больш моцнымі за дзяржаўную бясьпеку. Ну, а калі б там былі мікракропкі ці які спэцыяльны код, як часам паказваюць у кіно? Куды толькі ўся хвалёная пільнасьць падзелася.
Аказалася – нікуды не падзелася.
-----------------------------------------
*Спэцыяльна для гэтай кнігі Сяргей Навумчык аднавіў хаду падзеяў – у яго захавалася шмат сваіх нататак таго часу, дакумэнтаў, аўдыёзапісаў.
Працяг заўтра.
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:
Палёт матылькаУ ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў