Першы сьмех

  • Аляксандар Лукашук

Освальд, 1956 год

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Нічога не пачынаецца тады, калі пачынаецца, і пакуль аўтар ідзе ў ГУМ, адгорнем старонкі ненапісанай першай часткі гэтай кнігі, безь якой яна была б немагчымая, як матылёк бяз кукалкі, вопрадзень бяз вусеня, вусень бязь яйка.

Освальд нарадзіўся 18 кастрычніка 1939 году ў Новым Арлеане (бацька памёр за два месяцы да яго нараджэньня) і меў двух старэйшых братоў. У 1955-м пасьля канфліктаў у школе кідае вучобу, далучаецца да сацыялістычнай лігі. Ідзе на вайсковую службу ў марскую пяхоту, атрымлівае спэцыяльнасьць апэратара авіяцыйнай электронікі (радары). Служыць у Японіі, на Тайваню і Філіпінах. Здае тэст на прыцэльную стральбу ў катэгорыі снайпэр. Летам 1959-га дэмабілізуецца з базы ў Каліфорніі.

16 кастрычніка 1959 году ў пошуках сапраўднага марксізму празь Фінляндыю прыяжджае ў СССР зь пяцідзённай турыстычнай візай, пасяляецца ў маскоўскім гатэлі “Бэрлін” і заяўляе перакладчыцы Інтурысту, што ён – камуніст і хоча атрымаць савецкае грамадзянства. Праз два дні ў яго дзень народзінаў, які ён прабавіў зь перакладчыцай і пакінуў запіс у дзёньніку:

Падораная Освальду кніга Дастаеўскага "Ідыёт" захоўваецца ў матэрыялах сьледчай справы
Мой 20-ты дзень народзінаў, ідзём на выставу раніцай, а пасьля абеду -- у маўзалей Леніна-Сталіна. Яна ўручае мне падарунак – кнігу “Ідыёт” Дастаеўскага.

21 кастрычніка Освальд атрымлівае паведамленьне, што ў грамадзянстве адмоўлена, віза сканчаецца, і ён мусіць пакінуць краіну да 20:00. За гадзіну да сканчэньня тэрміну ў ваньне рэжа вены на левай руцэ. “Хуткая” адвозіць у шпіталь. На наступны дзень ён робіць дзёньнікавы запіс:

Я ў маленькай палаце. Са мной 12 хворых. Палата цёмная, сьняданак дрэнны. Пасьля працяглага двухгадзіннага назіраньня за іншымі хворымі я прыходжу да высновы, што я ў палаце для вар’ятаў, і гэта мяне вельмі бянтэжыць.

Пасьля выпіскі праз тыдзень яго перавозяць у гатэль “Мэтраполь”, у больш сьціплы нумар, пачынаюцца сустрэчы з прадстаўнікамі Інтурысту і АВІРу. У лісьце старэйшаму брату ён патлумачыць, чаму вырашыў застацца ў Савецкім Саюзе.

ЛГО -- Робэрту Освальду
26.11.59

Дарагі Робэрт,

Я задам табе пытаньне, Робэрт: дзеля чаго ты падтрымліваеш амэрыканскі ўрад? Які ідэал на першым пляне? Не кажы “свабода”, бо свабода гэта слова, якое ўсе народы выкарыстоўвалі ўвесь час.

Спытай у мяне, і я адкажу, што змагаюся за камунізм. Гэтыя словы наводзяць цябе на думку пра рабоў ці несправядлівасьць, -- гэта з-за амэрыканскай прапаганды. Ты кажаш пра выгаду і перавагі. Ты думаеш, я тут дзеля гэтага? Дзеля асабістых, матэрыяльных выгадаў? Шчасьце --не асабістая рэч, яго не складаюць маленькі дом, магчымасьць усё браць і атрымліваць...

Тут добрыя, цёплыя, жывыя людзі. Яны хочуць, каб усе народы жылі ў міры, але адначасна яны б хацелі бачыць свабоднымі эканамічна заняволеных людзей Захаду. Яны вераць у свае ідэалы і стаяць за свой урад і краіну да канца.

Ты кажаш, што не выракаўся мяне, добра, я рады, але я скажу табе пра мае ўмовы. Я хачу, каб ты зразумеў, што я зараз скажу, і я не кажу гэта лёгка ці не падумаўшы, бо я, як ты ведаеш, служыў у войску і ведаю, што такое вайна.

1. Калі будзе вайна, я заб’ю кожнага амэрыканца, які надзене вайсковую форму дзеля абароны амэрыканскага ўраду – любога амэрыканца.

2. Унутрана я ня маю ніякага дачыненьня да ЗША.

3. Я хачу і буду мець нармальнае, шчасьлівае і мірнае жыцьцё тут, у Савецкім Саюзе да канца свайго жыцьця.

4. Мая маці й ты не зьяўляецеся аб’ектамі маёй любові, а толькі прыкладамі рабочых у ЗША.

Не спрабуй узгадаць, якім я быў, бо толькі цяпер я паказваю табе, які я. Я ня маю горычы ці нянавісьці, я прыехаў сюды, толькі каб знайсьці свабоду. Кажу праўду, я адчуваю, што нарэшце я са сваім народам.

У Маскве цяпер ідзе сьнег і ўсё выглядае вельмі прыгожа. Я магу бачыць Крэмль і Красную плошчу, і я толькі што павячэраў mjaso і kartofel, мясам і бульбай. Бачыш, расейцы ня так ужо й адрозьніваюцца ад цябе і мяне.

Лі.


У лісьце Освальд вылучае некалькі словаў, адно зь іх – заб’ю кожнага амэрыканца. Кожны – гэта й брат. І ня толькі.

У апошні дзень году Освальд бярэ таксі, едзе ў амэрыканскую амбасаду, заяўляе пра адмову ад грамадзянства і здае пашпарт консулу Рычарду Снайдэру.*

У наступныя дні Освальд дае некалькі інтэрвію амэрыканскім журналістам, але потым адмаўляецца ад кантактаў, сядзіць адзін у нумары, вучыць расейскую мову і чакае рашэньня.

4 студзеня 1960 году яго выклікаюць у АВІР, выдаюць дакумэнт для асобаў без грамадзянства. Супрацоўнік паведамляе, што месцам жыхарства вызначаны Менск.

Освальд запісвае ў дзёньніку:

Я пытаюся: гэта ў Сібіры? Ён сьмяецца.

Гэты першы сьмех у гісторыі Освальда можна лічыць пачаткам гэтай гісторыі.**

------------------------
*Незадоўга перад тым Снайдэру давялося мець справу з падобным выпадкам: адразу пасьля службы ў войску амэрыканец Пэтрулі прыехаў у Маскву як турыст, зьявіўся ў амбасадзе, каб здаць пашпарт і заявіў, што адмаўляецца ад грамадзянства і застаецца ў СССР. Празь некалькі тыдняў назіраньняў савецкія ўлады запатрабавалі, каб амбасада вярнула яго ў ЗША: Пэтрулі быў псыхічна хворы.

**Амэрыканцы жылі і працавалі ў Менску і да Освальда. У 1922-23 гадах тут дзейнічаў офіс Амэрыканскай адміністрацыі дапамогі (АРА), дзе шэсьць амэрыканцаў займаліся аказаньнем гуманітарнай дапамогі (гл. маю кнігу “Прыгоды АРА ў Беларусі”, 2005). У 1946-47 гадах пятнаццаць амэрыканцаў працавалі ў місіі ЮНРРА, якая таксама займалася дапамогай. Амэрыканцы жылі ў сядзібе ў менскім парку Лошыца, Освальд мог бачыць помнік на Вайсковых могілках, дзе пахаваная адна супрацоўніца ЮНРРА Рут Уолер. (Гл. фільм “Забытая місія” на сайце Амбасады ЗША ў Менску).


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам