Летні конкурс Свабоды: Вялікія словы па-беларуску

Дык ці можна па-беларуску сказаць нешта вялікае? Ня тое патрыятычнае, чым пранізаная ўся наша літаратура, а -- агульначалавечае?

Неяк рыхтавалі мы з калегам каляндар на наступны дзень. Пасьля сьпісу выдатных асобаў, якія ў гэты дзень нарадзіліся, калега дадае мудраслоўе кагосьці з гэтых вялікіх людзей. Я й пытаюся ў яго, чаму ён падае афарызмы толькі замежных герояў, і ніколі -- беларускіх? А няма, кажа калега, такой кнігі ці зборніка ці сайта афарызмаў выбітных беларусаў.

Няма. Здавалася б дробязь. Але ў выніку такога прабелу ў галаве аднаго лектара таварыства “Веды” і нарадзілася думка, што па-беларуску "нічога вялікага ня скажаш". І мабыць не ў адной гэтай галаве. Няма кніжкі афарызмаў вялікіх людзей Беларусі пра Каханьне, Сьмерць, Працу, Розум і ўсё такое іншае, з чаго й складаецца Жыцьцё.

Гэта, вядома, ня значыць, што беларусы такія лянівыя ды неразумныя, што іх вялікія людзі нічога вялікага не сказалі. Проста наступнікі не сабралі.

Вядома, ёсьць народная мудрасьць, яе багацьце ня вымераеш нічым і мноства кніг выдадзена з прыказкамі, прымаўкамі ды выслоўямі. Але народная творчасьць ананімная. А дзе афарызмы тых выдатных беларусаў, якія на гэтай мудрасьці вырасьлі?

Падумалі мы з калегамі, што лепей позна, чым ніколі. І вырашылі зьвярнуцца да слухачоў Свабоды і наведнікаў нашага сайта. Давайце разам за лета зьбярэм калекцыю афарызмаў выбітных людзей Беларусі. Дасылайце нам усё, пра што вам вядома, а мы апублікуем. Самыя актыўныя ўдзельнікі гэтага конкурсу атрымаюць у верасьні каштоўныя ўзнагароды.

Толькі, калі ласка, афарызмаў аднаго лектара таварыства “Веды” не дасылайце, бо яны ўжо выдадзеныя асобнымі кнігамі.

А пачнем вось з гэтага:

Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасьця на вышыню нашых магіл.
Кастусь Каліноўскі

Your browser doesn’t support HTML5

Новы конкурс: Сто афарызмаў Свабоды