«Нашу ніву» могуць закрыць празь месяц

Андрэй Скурко і адвакат Сяргей Зікрацкі ў часе судовага пасяджэньня

Вышэйшы гаспадарчы суд сёньня адхіліў пазоў газэты «Наша ніва» да Міністэрства інфармацыі. Рэдакцыя спрабавала абскардзіць папярэджаньне, вынесенае за асьвятленьне тэракту ў менскім мэтро. Цягам месяца газэта можа абскардзіць рашэньне судзьдзі Алены Маёравай. Мінінфармацыі дамагаецца закрыцьця незалежнага выданьня.

Рэдакцыя настойвала на тым, што матэрыял пра Марыну Шубіч, за які газэта атрымала трэцяе па ліку папярэджаньне, рыхтаваўся ў сьціслыя тэрміны, і калі выявілася, што ён непраўдзівы, газэта надрукавала абвяржэньне. Таму, на думку рэдакцыі, нейкай істотнай «шкоды грамадзкім інтарэсам», пра што кажа Мінінфармацыі, той матэрыял не нанёс.

Судзьдзя Алена Маёрава
Прадстаўнік міністэрства Галіна Пархімовіч не змагла давесьці, што ад той публікацыі сапраўды была нейкая шкода грамадзкім інтарэсам. Яна казала толькі пра свае ўласныя ўражаньні і нейкія ананімныя тэлефанаваньні чытачоў. Тлумачачы, што такое «парушэньне грамадзкіх інтарэсаў», Галіна Пархімовіч чамусьці спасылалася на мадэльныя законапраекты СНД.

«Зьвяртаю ўвагу суду, што публікацыя абвяржэньня ня служыць падставай для адмены вынесенага папярэджаньня. Паколькі факт парушэньня заканадаўства меў месца», — заявіла Пархімовіч.

Рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Скурко прапанаваў Мінінфармацыі аналягічна дзейнічаць і ў адносінах да дзяржаўных СМІ:
Публікацыя абвяржэньня ня служыць падставай для адмены вынесенага папярэджаньня

Скурко: «Усе мінулыя месяцы дзяржаўныя СМІ шырока пісалі пра эканамічную сытуацыю ў краіне. У прыватнасьці, з вартых даверу дзяржаўных крыніц была інфармацыя пра тое, што ў краіне ня будзе вялікай разавай дэвальвацыі. Дэвальвацыя адбылася. Больш чым на 50 працэнтаў. Страты людзей склалі каля мільярда даляраў. Шкода грамадзкім інтарэсам відавочная, падрыў даверу да дзяржаўных органаў таксама відавочны. Ці думае Мінінфармацыі рэагаваць на гэта?».

Пархімовіч: «Я папрашу суд не адказваць на пытаньні, якія не зьяўляюцца прадметам сёньняшняга разбору».

Да такіх нібыта не датычных да сёньняшняга працэсу пытаньняў прадстаўніца Мінінфармацыі аднесла і тое, што іх папярэджаньне сталася падставай для пазову аб ліквідацыі газэты.

І сёньня судзьдзя Алена Маёрава фактычна дала зялёнае сьвятло гэтаму працэсу. Хвілін за 10 яна вынесла рашэньне пакінуць у сіле папярэджаньне Міністэрства інфармацыі «Нашай ніве». Цягам месяца рэдакцыя можа абскардзіць яе рашэньне ў касацыйнай калегіі ВГС. Андрэй Скурко заявіў «Свабодзе», што рэдакцыя скарыстае такую магчымасьць:

«Мы ня лічым гэтае рашэньне законным і правільным. Парушэньне нашае было мінімальнае, нават калі яно было. Трэба разумець, што трэцяе папярэджаньне цягне за сабою аднаўленьне справы аб ліквідацыі газэты. Мы за газэту будзем змагацца далей».

Жана Літвіна
Андрэй Скурко імкненьне закрыць «Нашу ніву» і «Народную волю» лічыць палітычна матываваным. На яго думку, гэта знак канца лібэралізацыі, сыгнал пра гэта, які афіцыйны Менск адрасуе беларускай і міжнароднай супольнасьці.

Магчымае закрыцьцё «Нашай нівы» прынясе нашмат большую шкоду грамадзкім інтарэсам, чым тая публікацыя, якая выклікала папярэджаньне, перакананая старшыня БАЖ Жана Літвіна:

«Але пасьля сёньняшняга такога хуткага разбору і вынясеньня рашэньня ясна адно: прынятае палітычнае рашэньне, ёсьць заданьне ад кіраўніка дзяржавы. Калі ўзгадаць апошнія яго публічныя выказваньні, калі была прадэманстравана поўная нецярпімасьць да мас-мэдыяў, то абсалютна зразумела, што далей усе органы дзяржаўнага кіраваньня падпарадкаваныя выкананьню гэтага палітычнага рашэньня».
Мая галава працуе над тым, каб заўтрашні нумар газэты быў у падпісчыка

Тым часам вытворчасьць па пазове Міністэрства інфармацыі аб спыненьні выпуску «Народнай волі» таксама прыпынена ў сувязі з тым, што газэта падала шэраг сустрэчных пазоваў. Паводле рэдактара газэты Ёсіфа Сярэдзіча, 2 чэрвеня Вышэйшы гаспадарчы суд мае разгледзець пазоў газэты ў сувязі зь неправамерным вызначэньнем судзьдзі, які прымаў да разгляду пазоў Мінінфармацыі аб ліквідацыі выданьня:

«Калі нам удасца абскардзіць, то наагул усё гэта разваліцца. А потым яшчэ некалькі нашых пазоваў будуць разглядацца пасьля 9-га чысла і пазьней».

Спадар Сярэдзіч глядзіць на будучыя судовыя працэсы аптымістычна:

«Толькі аптымістычна. Проста трэба працаваць. Чаму мая галава зараз павінна быць забітая тым, што нехта можа спыніць выданьне газэты? Мая галава працуе над тым, каб заўтрашні нумар газэты быў у падпісчыка».