Т.Процька: "Мітрапаліт Мелхісэдэк прамаўляў у царкве па-беларуску"

Тацьцяна Процька

Нядаўна ў Менску на будынку Інстытуту тэалёгіі БДУ была адкрытая і асьвечаная мэмарыяльная шыльда ў памяць мітрапаліта Мелхіседэка, які ачольваў праваслаўную царкву ў Беларусі ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. Многія дасьледчыкі лічаць Мелхісэдэка актыўным прыхільнікам Беларускай аўтакефальнай царквы, пацярпелым за свае перакананьні ў часы сталінскага тэрору. Ва ўрачыстасьці ўдзельнічала і гісторык Тацьцяна Процька.

Міхась Скобла
Міхась Скобла: “Спадарыня Тацьцяна, як падаецца, мітрапаліт Мелхісэдэк – асоба неадназначная. На пачатку 20-х гадоў ён спрабаваў супрацоўнічаць з бальшавікамі, але потым выступіў супраць праваслаўных дзеячоў-абнаўленцаў, якія цалкам падтрымалі савецкую ўладу… Па чыёй ініцыятыве была ўсталяваная памятная дошка?”

Тацьцяна Процька:
“Адразу два пытаньні… Першае – ці быў насамрэч Мелхісэдэк прыхільнікам савецкай улады? Гэта няпростае пытаньне, і адказ на яго мае быць зусім не такім, як прагучала у вашай прэамбуле. Ён ня быў прыхільнікам улады, бо гэта была ўлада бязбожная. Але праваслаўная царква заўсёды працуе з уладаю, якая ёсьць, бо лічыцца, што кожная ўлада дадзеная чалавеку ад Бога – якую ўладу заслужыў, такую і атрымаў. І каб легальна працаваць, Мелхісэдэк у пэўным сэнсе ішоў на нейкія кампрамісы з уладай. Цяпер пра дошку. Ініцыятыва была агульная. Мы з праваслаўным Брацтвам Віленскіх Пакутнікаў вырашылі, што трэба ўшанаваць гэтую важную дату ў жыцьці мітрапаліта Мелхісэдэка – 80-годзьдзе яго памяці. І зрабіць гэта дзеля таго, каб наша грамадзтва ведала, што былі сярод нас сапраўдныя асобы, адданыя людзям і Богу. Дарэчы, на цырымоніі царкоўны хор сьпяваў "Магутны Божа", а сама шыльда была ахінутая бел-чырвона-белай гірляндай з жывых кветак”.

Шыльда ў памяць мітрапаліта Мелхісэдэка на Інстытуце тэалёгіі БДУ

Скобла: “На час кіраваньня Мелхісэдэка прыпалі вельмі няпростыя часы. Адбыўся вельмі рашучы наступ бальшавікоў на царкву, за што патрыярх Ціхан анафэмстваваў савецкую ўладу. Але гэта ў Маскве. А як тады, у пачатку 20-х, ішлі справы царкоўныя ў Менску?”

Процька: “Калі патрыярх Ціхан анафэмстваваў, грамадзтва складалася зь вернікаў на 95%, ня тое, што сёньня. Ён анафэмстваваў уладу за яе бязбожнасьць, а адказам была канфіскацыя царкоўнай маёмасьці. Дзяржава хацела зьнішчыць арганізацыю, якая магла скласьці канкурэнцыю дзяржаўнаму ідэалягічнаму інстытуту. Наконт канфіскацыі Мелхісэдэк, тады ён яшчэ быў епіскапам, выказаўся адназначна – каштоўнасьці ў нашых душах, а ня ў храмах. І, каб захаваць людзей, сьвятароў, якія падпадалі пад рэпрэсіі і расстрэлы, ён выказаўся за здачу каштоўнасьцяў. Але на той час у беларускіх цэрквах і касьцёлах не было шмат золата. Перад Першай сусьветнай вайной амаль усе каштоўнасьці былі вывезеныя ў Расею, засталося вельмі мала. Але аддалі і тое, што засталося”.

Скобла: “У 1922 годзе была апублікаваная адозва да беларускіх вернікаў у справе беларусізацыі праваслаўнай царквы, сярод падпісантаў якое быў, дарэчы, Якуб Колас. І неўзабаве была абвешчаная аўтаномія беларускай царквы. Што азначаў гэты статус?”

Процька:
“Слова “аўтаномія” было ў тыя часы вельмі папулярным. Яно тычылася і дзяржаўнага ўладкаваньня – аўтаномія культурная, аўтаномія яшчэ нейкая. Наогул, гэта слова было тады на слыху. Што тычыцца аўтаномнай царквы, то мелася на ўвазе, што царква будзе незалежнай, але не аўтакефальнай. Аўтакефалія патрабуе спэцыяльных дазволаў і прызнаньняў з боку Канстанцінопальскага патрыярха, з боку Маці-царквы – Расейскай праваслаўнай, бо гэта ёсьць аддзяленьнем ад гэтай царквы. У 1922 годзе мелася на ўвазе, што Беларуская аўтаномная царква будзе зарэгістраваная і зможа легальна існаваць. Бо царква пад кіраўніцтвам патрыярха Ціхана не была зарэгістраваная, і таму дзяржава ставілася да яе іерархаў як да тых, хто працуе нелегальна”.

Чын асьвячэньня памятнай шыльды зьдзяйсьняе мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філярэт


Скобла: “Пасьля таго, як у Маскве бальшавікі раскалолі праваслаўных іерархаў на два лягеры – абнаўленцаў і ціханаўцаў, узьнікла часовае царкоўнае безуладзьдзе. Ці можна сказаць, што мітрапаліт Мелхісэдэк выкарыстаў яго для таго, каб унезалежніць беларускую царкву ад Масквы?”

Процька: “Я так не сказала б. Думаю, што мітрапаліт Мелхісэдэк клапаціўся перш-наперш, каб царква ўвогуле была, бо бальшавікі ставілі пытаньне аб канчатковым зьнішчэньні царквы. І трэба было нешта рабіць, каб царква ацалела. Падавалася, што менавіта легальнасьць дапаможа захаваць сам інстытут царквы, а пытаньне залежнасьці ад Расейскай праваслаўнай царквы не было актуальным. Але тут ня ўсё так проста. Вядома, што Мелхісэдэк быў добра знаёмы з Усеваладам Ігнатоўскім – адным з бацькоў беларусізацыі. І калі новая ўлада абмяркоўвала статут будучага Белдзяржунівэрсытэту, то лічылася, што там павінен быць тэалягічны факультэт. Мелхісэдэк ведаў пра гэта і меў надзею, што калі нацыянал-бальшавікі прыйдуць да ўлады ў Беларусі, то ў рэспубліцы знойдзецца месца і царкве. Ён разумеў, які ўплыў мае царква на духоўнае станаўленьне чалавека”.

Скобла: “Выкарыстаньне беларускай мовы ў праваслаўных храмах – даўняя і балючая праблема для беларускіх вернікаў. Ці спрыяў мітрапаліт Мелхісэдэк беларусізацыі сваёй царквы?”

Процька: “Тут трэба прыгадаць, што лідэры Беларускай Народнай Рэспублікі перад Рыскай дамовай зьвярнуліся да патрыярха Ціхана з просьбай спрыяць беларусізацыі царквы ў Беларусі. І патрыярх даў згоду, ён напісаў лісты ў епархіі. Відаць, Мелхісэдэк атрымаў такі ліст і меў мэмарандум, які быў накіраваны патрыярху. Таму ў беларускіх храмах пачала гучаць беларуская мова. Болей за тое, былі перакладзеныя на беларускую мову царкоўныя сьпевы, і людзі сьпявалі ў царкве па-беларуску. Я ведаю гэта дакладна, бо ёсьць рапарты аб дзейнасьці мітрапаліта, якія захоўваюцца ў Камітэце дзяржбясьпекі. Там у адным з рапартаў напісана, што мітрапаліт, каб “заахвоціць вясковых папоў”, пераклаў на беларускую мову набажэнскі сьпеўнік, і вернікі ім карыстаюцца”.

Скобла: “А ці ведаў сам мітрапаліт Мелхісэдэк беларускую мову?”

Процька: “Ён ведаў 12 моваў, у тым ліку і беларускую. Ён ведаў лаціну, грузінскую, асэтынскую, італьянскую, ангельскую, нямецкую, грэцкую мовы. У царкве ён прамаўляў пропаведзі па-беларуску”.

Скобла: “А ці меў мітрапаліт Мелхісэдэк дачыненьне да спробы абвяшчэньня Беларускай аўтакефальнай царквы ў 1927 годзе?”

Процька: “Пакуль што сярод гісторыкаў няма агульнай думкі наконт дачыненьня мітрапаліта да аўтакефаліі. Праўда, абвяшчэньне Беларускай
Справа ў тым, што ў час абвяшчэньня аўтакефаліі ў Менску мітрапаліт быў арыштаваны і сядзеў у Бутырцы ...

аўтаномнай царквы часам разглядаецца як першы крок да ўтварэньня аўтакефаліі. Справа ў тым, што ў час абвяшчэньня аўтакефаліі ў Менску мітрапаліт быў арыштаваны і сядзеў у Бутырцы. Я глядзела яго справу ў архіве ФСБ, там нават ня вызначана, за што яго арыштавалі. Толькі потым, калі яго выпусьцілі, было абвешчана, што мітрапаліт агітаваў супраць савецкай улады – стандартнае на той абвінавачваньне. Мелхісэдэка вызвалілі, калі тут усё скончылася. Вядома таксама, што аўтакефалію ў Беларусі абвесьцілі паплечнікі і сябры мітрапаліта. І ўвесь час гэтыя людзі зьвярталіся ў дзяржаўныя ўстановы, да старшыні ўраду Аляксандра Чарвякова асабіста, да маскоўскага кіраўніцтва, каб мітрапаліта вярнулі ў Беларусь, каб далі яму дазвол служыць. Але спэцслужбы, якія апекавалі царкву, не давалі дазволу. Яны небеспадстаўна лічылі, што менавіта дзякуючы дзейнасьці мітрапаліта Мелхісэдэка ў Беларусі царква ўзмацняе свае пазыцыі, а не наадварот. Пасьля вызваленьня ў 1927-м мітрапаліт тры гады працаваў у Краснаярску. Магу сказаць, што ў тыя часы, калі ён там служыў, мароз даходзіў да 64 градусаў. У 1931 годзе Мелхісэдэк прыехаў у Маскву і раптоўна памёр падчас службы ў Пакроўскім храме – у аблачэньні, падчас хіратаніі, высьвячэньня епіскапаў. Гэта была прыгожая сьмерць на Вялікдзень. На пахаваньне мітрапаліта прыйшло вельмі шмат людзей. Так не хавалі нават чырвоных правадыроў”.

Скобла: “Спробы дамагчыся аўтакефаліі рабіліся неаднойчы – у згаданым 1927, у гады Другой сусьветнай вайны. І толькі ў незалежнай Беларусі гэтая тэма закрытая і не абмяркоўваецца нідзе. Чаму так адбываецца?”

Процька: “У свой час патрыярх Ціхан на просьбы адносна аўтакефальнай царквы ў Польшчы адказаў: “Народ мае права на сваю аўтакефалію”. Праўда, Расейская праваслаўная царква так і не дала таго дазволу, хаця патрыярх Усяленскі прызнаў аўтакефальную царкву ў Польшчы, і яна там існуе. Грузіны і іншыя народы маюць сваю аўтакефальную царкву. І беларускі народ мае права на сваю аўтакефалію. Але беларусы ў сваім духоўным жыцьці вельмі стрыманыя, яны яшчэ ня так вераць, каб ім хацелася сваёй царквы. Бракуе веры на Беларусі пакуль што”.

Скобла: “Нядаўна па БТ быў паказаны мастацкі фільм “Цар” – пра Івана Жахлівага, дзе ролю мітрапаліта Піліпа бліскуча выканаў Алег Янкоўскі. У фільме ён увесь час заклікае цара спыніць кроў, рэпрэсіі, публічныя расправы. І чуе ад Жахлівага: “Як чалавек я грэшны, але як цар – я праведны”… Як вы лічыце, ці выконвае БПЦ тую ролю ў грамадзтве, якая вызначана вучэньнем Хрыста?”
Бо калі царква ня моліцца за тых, хто нявінна пакутуе, то хрысьціянства на гэтым можа лёгка скончыцца...


Процька: “Па-першае, царква заўсёды выконвае ролю, якая вызначана вучэньнем Хрыста. Мітрапаліт Мелхісэдэк у свой час маліўся за рэпрэсаваных, хоць гэта было вельмі небясьпечна, вучыў сваіх маладых паплечнікаў рабіць тое ж самае. Бо калі царква ня моліцца за тых, хто нявінна пакутуе, то хрысьціянства на гэтым можа лёгка скончыцца. На жаль, пасьля апошніх падзеяў ні каталіцкая, ні праваслаўная царква не адгукнуліся на звароты вернікаў да іерархаў з просьбай дапамагчы людзям, якія фактычна нявінна пацярпелі ад дзеяньняў улады. На жаль”.