Экспэрт: «Народ перарос палітыкаў»

Рух "За Свабоду" прэзэнтуе "Народную праграму"

26 траўня рух "За свабоду" прэзэнтаваў "Народную праграму". Аўтары ініцыятывы лічаць, што стваральнікамі праграмы павінны стаць ня вузкія спэцыялісты, а само грамадзтва.

Намесьнік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч кажа, што "Народная праграма" будзе стварацца прынцыпова іншым шляхам, чым папярэднія дакумэнты такога кшталту. Стваральнікамі яе павінны стаць ня вузкія спэцыялісты, а – само грамадзтва:

"Мы абіраем трошкі іншы шлях — напісаньне праграмы зьнізу, ацэнкі яе зьнізу і зьвядзеньня ў выніку гатовых тэкстаў, гатовых прапаноў ужо на экспэртным узроўні".

Кантакты зь людзьмі ажыцьцяўляюцца праз інтэрнэт, на адмысловым сайце www.prahrama.by. Другая пляцоўка — круглыя сталы зь людзьмі, абазнанымі ў канкрэтных тэмах. Палітоляг Аляксандар Ягораў кажа, што пры выбары тэмаў экспэрты арыентаваліся на два моманты. Першы — актуальнасьць і важнасьць для Беларусі:

"Па-другое, тэмы, якія б закраналі нейкія сутнасныя рэчы ў людзей, якія б жадалі абмяркоўваць гэтую тэму, удзельнічаць у дыскусіі, і пэўным чынам такая тэма была б правакацыйнай. І таму мы вызначылі 18 тэмаў, якія падаліся нам важнымі: геапалітычны блёк, блёк сацыяльных пытаньняў, блёк інстытуцыйных рэформаў".
Мы вызначылі 18 тэмаў, якія падаліся нам важнымі: геапалітычны блёк, блёк сацыяльных пытаньняў, блёк інстытуцыйных рэформаў


Тэмы самыя розныя: будаўніцтва АЭС, прыватная ўласнасьць на зямлю, скарачэньне колькасьці чыноўнікаў, мэдыцына.

Вынікам "Народнай праграмы" павінен стаць дакумэнт, які маглі б выкарыстоўваць усе прадстаўнікі палітычнага жыцьця Беларусі, кажа палітоляг Дзяніс Мельянцоў:

"На падставе ўсяго гэтага, напрацаванага ў дыскусіях у онлайне і офлайне, сфармаваць такую народную праграму, сабраць усе самыя асноўныя, самыя цікавыя тэзісы ў адзіны дакумэнт, які быў бы пазытыўным, які быў бы скіраваны і на экспэртнае, і на грамадзкае бачаньне, якім чынам павінна разьвівацца краіна. І вось гэты канчатковы прадукт у выглядзе "Народнай праграмы" абсалютна вольны і адкрыты для выкарыстаньня любымі палітычнымі сіламі".

Як вынікі гэтых дыскусій могуць быць скарыстаныя? Палітоляг Юры Чавусаў тлумачыць:

"Павінна быць вялікая ўвага з боку палітыкаў да гэтай дыскусійнай пляцоўкі, таму што зараз у нас сур'ёзны гаспадарчы, эканамічны, фінансавы крызіс. Мне падаецца, што беларуская палітыка будзе адыходзіць ад лёзунгавых ідэалягічных пастулятаў у бок палітыкі, якая арыентаваная на адстойваньне грамадзкіх інтарэсаў асобных груп, клясаў. І якраз на падобнага кшталту дыскусійных пляцоўках зьмест грамадзкіх інтарэсаў будзе адлюстроўвацца".
Беларуская палітыка будзе адыходзіць ад ідэалягічных пастулятаў у бок палітыкі, арыентаванай на адстойваньне грамадзкіх інтарэсаў асобных груп


На думку эканаміста Сяргея Чалага, народ ужо перарос палітыкаў, і "Народная праграма" будзе стварацца менавіта з удзелам народу і для народу:

"Гэта спроба адказваць на тыя пытаньні, якія людзей цікавяць. Таму што за апошнія месяцы пра тое, што цікавіла людзей, ніводная палітычная сіла нічога не казала, уключна з уладай, якая зараз наагул маўчыць пра тое, што людзей больш за ўсё цікавіць".

Палітоляг Вацлаў Арэшка даў такую ацэнку новай ініцыятыве:

"З аднаго боку, добра, што апазыцыя пачала зьвяртацца да народу. Гэта вельмі важны працэс, таму што ў нас заўсёды неяк апазыцыя ішла сваім шляхам, і калі з народам размаўляла, атрымлівалася, што народу гэта ня надта і цікава бывала. А потым скардзіліся, што нешта не выходзіць дыялёг. Гэта, безумоўна, гаворыць пра важныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадзтве. Бо апазыцыя, не падтрыманая народам, — гэта даволі сьмешная зьява, якую мы часьцяком і бачым. З другога боку, ведаючы каманду, якая сёньня сабралася, у мяне ёсьць пэўны скептыцызм да таго, што народ будзе прымаць актыўны ўдзел у гэтай "Народнай праграме".