МЗС Беларусі: Пазыцыя ЭБРР становіцца усё больш палітызаванай

  • БелаПАН
Пазыцыя Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця адносна Беларусі становіцца "усё больш палітызаванай і супярэчлівай". Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, камэнтуючы зьмены ў краінавай стратэгіі банка адносна Беларусі.

"З аднаго боку, банк заяўляе аб сваёй гатоўнасьці садзейнічаць павышэньню стандартаў жыцьця беларускіх грамадзян, з другога – адмаўляецца ўдзельнічаць ў праектах разьвіцьця транспартнай і энэргетычнай інфраструктуры, ад якой наўпрост і залежыць узровень гэтых стандартаў. Банк дэкляруе сваю гатоўнасьць умацоўваць экалягічныя стандарты і прыродаахоўную практыку і адначасова адмаўляецца ўдзельнічаць у плянах ураду па разьвіцьці "зялёнай энэргетыкі". Атрымліваецца, што падыходы ЭБРР, хутчэй, тармозяць разьвіцьцё рынкавых інстытутаў і прыватнага сэктару ў Беларусі, а не стымулююць іх ", - сказаў Савіных.

Відавочна, падкрэсьліў ён, што гэта адбываецца "пад ціскам асноўных акцыянэраў, якія умешваюцца ў праграмную дзейнасьць гэтай фінансавай установы". "На жаль, сэлектыўная і палітызаваная лёгіка заўсёды заводзіць у тупік. Тым ня менш мы разьлічваем, што з часам нам удасца вярнуцца да лёгікі, заснаванай на здаровым сэнсе", - сказаў Савіных.

25 траўня стала вядома аб пераглядзе ЭБРР прынятай у сьнежні 2009 году краінавай стратэгіі па Беларусі і адмове ад заплянаваных праектаў у дзяржаўным энэргетычным сэктары.

"У сувязі з неспрыяльным разьвіцьцём палітычнай сытуацыі ў Беларусі пасьля выбараў у сьнежні 2010 году і далейшай заклапочанасьцю міжнароднай супольнасьці з нагоды стаўленьня [уладаў] да палітычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і незалежным СМІ рада дырэктараў ЕБРР вырашыла перагледзець апэрацыйны падыход банку да Беларусі ў межах існуючай стратэгіі ", - адзначаецца ў паведамленьні банку.