Госьць "Белага сьпісу Свабоды" — лідэра гурту "Ляпіс Трубяцкой" Сяргей Міхалок.
Міхалок: Вітаю, Сяргей! Вітаю ўсіх людзей добрай волі, усіх радыёслухачоў.
Будкін: Сяргей, за час існаваньня "Ляпісаў" усе прызвычаіліся да вашых іранічных, двухсэнсоўных, напаўсур’ёзных выказваньняў. Але апошнім часам вы надзіва катэгарычны і рашучы. Дагэтуль няпроста звыкнуцца, што Міхалок канстатуе на поўным сур’ёзе, што ў Беларусі адбываецца культурны генацыд. Чаму вырашылі зьняць зь сябе маску блазнаў?
Міхалок: У сапраўднага сучаснага артыста павінна быць шмат масак. І чым іх болей, тым слухачу цікавей. Гэта ня значыць, што гэта нейкая крывадушнасьць. Мы абралі шлях іроніі, гумару, гратэску, буфанады. Год 10—15 таму нам падавалася куртуазна, цікава і весела разводзіць абывацеляў і мяшчанаў вобразам просьценькага хлапчука. Для нас гэта была цікавая культуралягічная гульня, але часы зьмяняюцца і колькасьць трэшу, агульнаплянэтарнага сьмецьця і зла б’е праз край у апошнія гады. Таму прысьпеў час казаць па-іншаму. Таму мы цяпер вось такія.
Будкін: А што паўплывала на зьмены ў вашай сьвядомасьці ў прынцыпе? Як адбыўся пераход ад "Когда яблони цветут, всем девчонкам нравится" да "Пагоня побач, будзем жыць"?
Міхалок: Я заўсёды пачуваўся няёмка, калі мы былі мэйнстрымавымі зоркамі. З 1996 году, калі нас пачалі ўзносіць, калі ў нас зьявіліся тысячы прыхільнікаў, асабліва пасьля альбому "Ты кінула", адчуваў сябе не ў сваёй талерцы. Мне нашмат больш даспадобы мой цяперашні статус. Калі мы і зоркі, то зоркі альтэрнатыўнай культуры. Мне гэта прыносіць радасьць, бо я не хачу быць супэрзоркай і не хачу ўсіх рэчаў, зьвязаных з патасам прафэсіі. Таму тое, што мы робім цяпер, блізкае да майго ісьціннага прызначэньня. Я раблю тое, што мне падабаецца.
Будкін: Вы казалі пра тую папулярнасьць, якая хлынула на вас пасьля альбома "Ты кінула", у Беларусі гэта нават трошкі раней здарылася. А як вы тады ўспрымалі падзеі, якія адбываліся ў краіне? Тыя шматтысячныя дэманстрацыі, стварэньне саюзу Беларусі і Расеі, зьнікненьні палітыкаў… Вас гэта ўсё неяк кранала?
Міхалок: Тады я не выказваў свае адносіны да рэчаіснасьці ў межах свайго артыстычнага вобразу. Гэта быў бы перакос, гэта выглядала б крывадушна. Лічу, што ў межах мастацкай канцэпцыі ўсё павінна быць лягічна. Пэрсанаж "Ляпіса Трубяцкога", што сьпяваў пра яблыні і Сочы, а ў сваіх інтэрвію вяшчаў бы анарха-пратэстныя лёзунгі — гэта мовэтон, так было б непрыгожа і глупа. Тое, што я раблю цяпер, укладаецца ў адзіную мастацкую канцэпцыю.
Будкін: То бок цяпер Міхалок-сьпявак зьліўся зь Міхалком-асобай, Міхалком-грамадзянінам?
Міхалок: Так, у мяне зьнікла шызафрэнія, бо вобраз "Ляпіса" быў далёкі ад майго ісьціннага "я". Ніколі не стамлюся казаць пра тое, што наш гурт нарадзіўся ў менскім андэграўндзе. Так, мы зрабілі мільён недаравальных учынкаў, але самае галоўнае, пра што мы кажам, — што чалавек у змозе зьмяніць сваё жыцьцё, не зважаючы на нейкія перашкоды, і стаць мацнейшым у гэтай барацьбе з самім сабой.
Будкін: Вашы словы імгненна расхопліваюць на цытаты. Прычым ня толькі з тэкстаў песень, але і з вашых выказваньняў, што сьведчыць пра тое, што вы можаце і здольныя ўплываць на пэўную частку беларускага грамадзтва. Ці гатовы ўзяць на сябе ролю маральнага аўтарытэта?
Міхалок: Я хачу ўзяць на сябе ролю амаральнага аўтарытэта. Мой жыцьцёвы шлях — гэта шлях Фэнікса: я неаднакроць паміраў і столькі ж разоў адраджаўся. Ролю мэсіі і аракула не хацеў бы браць на сябе. Усё ж у нашым выпадку ня варта забывацца на такое паняцьце, як самаіронія. Лёзунг наш па-ранейшаму гучыць так: "Castigat ridendo mores", то бок норавы лупцуем сьмехам. А яшчэ я лічу, што вышэйшая мудрасьць заўжды ўбраная ў адзеньне блазна. І ў гэтым пляне я адданы ўсё ж свайму сцэнічнаму і акторскаму амплюа: я па-ранейшаму блазан, штукар, гаер і забіяка. Не хачу глядзець на сьвет сур’ёзнымі і прасьветленымі вачыма. Кожны дзень я па-ранейшаму вырашаю для сябе безьліч новых пытаньняў і па-ранейшаму адчуваю сябе маленькім хлопчыкам у вялізарным сусьвеце. Таму, перад тым як браць на веру тое, што я кажу, людзям трэба прыслухацца да саміх сябе. Бо як для мяне, то галоўная задача мастака ў тым, каб ягоная творчасьць дапамагла чалавеку адкрыць яго ісьціннае "я". Таму мой досьвед і мае словы — гэта аніякія не аксіёмы, не талмуд, не жамчужыны новай філязофскай дактрыны.
Будкін: А тут няма супярэчнасьці паміж тым, што вы сказалі на пачатку размовы?
Міхалок: Канечне, не. Клаўнада застаецца, адзінае, што ў ёй проста паболела вострасацыяльных і філязофскіх момантаў. У любым разе я працую ў межах жанру. Канечне, у гэтым шмат і сур’ёзных думак, але гэта ня значыць, што я стану вельмі сур’ёзным чалавекам.
Будкін: Пры канцы прашу прадставіць адзін з вашых твораў, які прагучыць на заканчэньне праграмы "Белы сьпіс Свабоды".
Міхалок: Нядаўна на хакейным чэмпіянаце, калі наша зборная забівала свае нешматлікія галы, добразычліўцы з прымаючага боку ставілі песьню "Belarus Freedom". Мне падаецца сымбалічным, што на спаборніцтвах па відзе спорту, які стаў ледзьве ня нашай нацыянальнай ідэяй, гучыць песьня гурту, які знаходзіцца ў нейкіх чорных сьпісах. Гэта сьведчыць пра эклектыку, што пануе ў галовах нашых афіцыйных кіраўнікоў. Давайце гэты твор і паслухаем. Жадаю ўсім радасьці і добрага настрою. Не забывайцеся на тое, што меншасьць зусім ня значыць тое, што мы аўтсайдэры. Мы меншасьць, бо мы — авангард. І гэтым трэба ганарыцца!
"Ляпіс Трубяцкой" — афіцыйны кліп на "Belarus Freedom" (рэж.Максім Сіры)
http://www.youtube.com/embed/YPZaVhphyWM