Віталь Рымашэўскі: «Я буду яшчэ прэзыдэнтам гэтай краіны»

Віталь Рымашэўскі пасьля суду.



Экс-кандыдат на прэзыдэнта, адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які ўчора быў пакараны судом Фрунзенскага раёну Менску на два гады ўмоўнага зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня мінулага году, распавёў «Свабодзе» пра свае палітычныя пляны.

— Віталь, на мінулых выбарах ты быў кандыдатам на прэзыдэнта. Яшчэ будзеш?

— Калі людзі падтрымаюць маё вылучэньне, буду ня толькі кандыдатам, буду прэзыдэнтам гэтай краіны.

— Як ты ацэньваеш досьвед гэтай кампаніі, у тым ліку турэмны, судовы?

— Ведаеце, было складана. Падчас кампаніі, у СІЗО КДБ і пасьля вызваленьня, — гэта досьвед для мяне новы. І я толькі больш упэўнена адчуў свае сілы. Больш упэўнены стаў таксама ў сябрах, паплечніках.

— Шмат расчараваньняў?

— Расчараваньняў шмат, але яны чаканыя. І ўвогуле, я ўдзячны, што ў маім жыцьці ёсьць гэты час. Таму што можна пабачыць, хто сябра, а хто здраднік, прынамсі ў дачыненьні да мяне, на каго можна пакласьціся, а на каго наадварот. І таксама можна пабачыць сябе, свае недахопы і зрабіць адпаведныя высновы. У прынцыпе, калі расчараваньняў шмат, то яны чаканыя, але вельмі шмат і добрых такіх сюрпрызаў, тых добрых рэчаў, якіх я ад людзей не чакаў. Многія настолькі добра сябе праявілі палітычнай дзейнасьцю ў БХД, што гэта было вышэй за нашыя чаканьні. Я нават у гэтым каюся, што і ня думаў так добра пра людзей. Напрыклад, Дзяніс Садоўскі і многія іншыя,— гэта дабраславеньне для Хрысьціянскай дэмакратыі і для нашай краіны, што такія людзі ёсьць.

— Што зрабіць, каб тыя, каму не пашэнціла, як табе, трапіць пад 342 артыкул, якія атрымалі ня ўмоўнае пакараньне і зараз сядзяць у турме, — каб і яны выйшлі на волю?

— Што зрабіць? Палітычным лідэрам быць салідарнымі і сумленнымі, не загульвацца з гэтай уладай, пакуль ёсьць хоць адзін палітзьняволены. І калі будзем ставіць жорсткія патрабаваньні да ўлады — людзі выйдуць на свабоду. А простым актывістам трэба больш уплываць на палітычных лідэраў. Каб палітычныя рашэньні, якія прымаюцца, хаця б у апазыцыі, больш залежалі ад простых людзей, ад простых актывістаў. Калі гэта будзе — тады людзі выйдуць на свабоду раней. Я перакананы ў гэтым.

— Гэтыя рэпрэсіі зламалі беларускую апазыцыю?

— Ведаеце, кагосьці яны зламалі, кагосьці падпарадкавалі. А кагосьці зрабілі мацнейшымі і, я думаю, лепшымі. Я ня буду тут даваць ацэнкі людзям і партыям, рухам, арганізацыям… Усё пакажа час, і вы гэта пабачыце на свае вочы.

— Сябе да каго адносіце з гэтых трох катэгорый?

— Я сябе адношу да той катэгорыі, хто стаў іншым, я думаю, мацнейшым і чалавекам з большым досьведам. Я бачу свае памылкі, ведаю, што мне трэба выпраўляць. Я ўпэўнены ў сваіх сілах, таму што цяпер я дакладна ведаю прынамсі, дзе крыніца маіх сіл, без чаго немагчыма ісьці наперад.