Эўрапарлямэнт — за адрасныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Сёньня ў Страсбуры дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту абмеркавалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Прынятая рэзалюцыя, у якой Эўрапарлямэнт заклікае кіраўніцтва Зьвязу пашырыць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, улучна з увядзеньнем адрасных эканамічных санкцыяў.

Напярэдадні вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан заявіла, што дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі зрабілі непазьбежнымі санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі. Эштан падкрэсьліла, што Эўразьвяз не павінен абмяжоўвацца заявамі, а «дзейнічаць супраць рэжыму, уключна з самім прэзыдэнтам Лукашэнкам, супраць тых, хто нясе адказнасьць за паліцэйскую жорсткасьць». Аначасна, зь яе гледжаньня, «трэба ўзмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасьці і кантакты паміж людзьмі».