Лукашэнка спадзяецца на кароткую памяць беларусаў

Аляксандар Лукашэнка, наведваючы сёньня на сваёй радзіме на Шклоўшчыне гаспадарку "Александрыйскае", паабяцаў, што Беларусь праз месяц-другі спакойна урэгулюе сытуацыю на валютным рынку. "Так, складана сёньня. Але вырулім", - запэўніў Лукашэнка.

Паказальна, што яшчэ ў канцы красавіка на "ўрэгуляваньне сытуацыі" Лукашэнка адводзіў усяго "пару дзён".

Цяпер жа, паводле кіраўніка краіны, Беларусь пойдзе сваім шляхам:

"Апошнім часам нам усё часьцей падкідваюць ідэі ў сувязі з гэтымі фінансавымі праблемамі – маўляў, патрэбныя рэформы. Нас тонка, акуратна, з падачы, канечне, адтуль, падштурхоўваюць да нейкіх рэформаў і крычаць, асабліва з гэтай пятай калёны, што патрэбныя неадкладныя рэформы. Якую яны нам прапануюць рэформу? Яны нам прапануюць рэформу на разбурэньне".

Лукашэнка сказаў, што такая рэформа краіне не патрэбная і паабяцаў свой шлях, які, праўда, зойме доўгі час:

«Нам рэформа патрэбна вось такая: калі гаспадаркі працуюць, атрымліваюць прадукцыю, у любым пункце плянэты попыт на яе ёсьць, тады тое, што трэба дзяржаве, — прадаў, а на астатняе — купляй па імпарце, што хочаш. І няма праблем з валютай. Вось такая патрэбна рэформа".

Нагадаем, што напярэдадні Расея адмовіла Беларусі ў выдзяленьні крэдыту са свайго бюджэту ў аб'ёме 1 мільярд даляраў. Міністар фінансаў Аляксей Кудрын, сярод іншага, адзначыў, што лічыць мэтазгодным зварот Беларусі ў Міжнародны валютны фонд або да асобных краін па крэдыты, бо грошай, якія могуць быць вылучаныя ЭўрАзЭС, будзе недастаткова. Акрамя крэдытнай падтрымкі, лічыць кіраўнік расейскага Мінфіну, Беларусь павінна прыватызаваць шэраг аб'ектаў, якія могуць зацікавіць замежных інвэстараў, і гэта дазволіла б атрымаць каля 2 мільярдаў даляраў ад прыватызацыі.

Кудрын нагадаў, што два гады таму Беларусь паставіла задачу стаць самай інвэстыцыйна прывабнай краінай, для чаго прапаноўвала прыватызаваць некаторыя дзяржаўныя прадпрыемствы.