Гэты чалавек у рок-н-роле яшчэ з брэжнеўскіх часоў. Жыў ён фізычна ў БССР, але душой быў недзе там, дзе сапраўды вольна дыхаў чалавек. Яго цудоўным чынам абмінулі савецкія музычныя ўплывы.
Пры канцы 1970-х ён ствараў першыя свае песьні пад уражаньнем ад пачутых "Sex Pistols". На пачатку 80-х ён увайшоў у склад гурту "Бонда" — беларускіх пабрацімаў герояў польскага андэграўнду "Lady Pank". Выявілася, што беларуская мова выдатна спалучаецца з гітарнымі рыфамі і ня страчвае сваёй мілагучнасьці ў панк-музыцы і блюз-року. Дзякуючы яго творчасьці стала магчымым сказаць — на Беларусі блюз жыве. За гэтыя больш чым 30 гадоў ён заслужыў усё тое, што можа мець таленавіты творца — посьпех, прызнаньне, вядомасьць, дабрабыт, урэшце. Але якраз апошняга з гэтага шэрагу і нестае, таму яго гурт "Крама" наскрабае грошы на запіс кожнай новай песьні. Мала-памалу гэта ўдаецца, і тады мы маем яшчэ адзін цудоўны альбом, які адразу ж займае пачэснае месца на паліцы з дыскамі…
Вітаю сёньняшняга госьця "Белага сьпісу Свабоды" — Ігара Варашкевіча.
Размовы з вамі і вакол вас адбываюцца ў танальнасьці: "Крама" — гэта героі рок-н-ролу, якія вартыя нашмат большага, чым маюць. Вы самі адчуваеце ўласную недарэалізаванасьць, недаацэненасьць сваёй творчасьці?
Варашкевіч: Безумоўна. За час, калі мы адчуваем на сабе рэпрэсіі з боку дзяржавы, а гэта апошнія 15 гадоў, можна было б зрабіць значна больш. Тым больш у мяне ў шуфлядзе ляжыць шмат песень, якія ўвогуле ніколі ня будуць запісаныя.
Будкін: Зь якой прычыны?
Варашкевіч: З розных прычынаў. У першую чаргу — заўсёды цяжка знайсьці грошы на запіс, нягледзячы на тое, што мы маем імя быццам бы легенды. Тым ня менш, на апошні альбом я шукаў грошы тры гады. І знайшоў ня так шмат, як хацелася.
Будкін: Сярод вашых прыхільнікаў заўжды былі людзі, якія займалі і займаюць высокія пасады на дзяржаўных тэлеканалах. Але такое адчуваньне, што самі вы не імкняцеся трапіць на тэлебачаньне…
Варашкевіч: Зараз я наагул туды не хачу ісьці пасьля падзеяў 19-га. Калі да гэтага яшчэ супрацоўнічалі, напрыклад, з СТВ, то зараз я наўрад ці згаджуся на ўдзел у якой-небудзь праграме.
Будкін: "Крама" ізноў трапіла ў сьпіс непажаданых гуртоў. Усе гэтыя негалосныя забароны яшчэ больш абмяжоўваць магчымасьці для самавыяўленьня. Ці бачыце які-небудзь выхад?
Варашкевіч: Вядома, забароны абмяжоўваюць. Прабачце, але чалавеку трэба зарабляць на ежу. Якім чынам? Дзе зарабіць? Я больш нідзе не працую. Месяц таму я вымушаны быў пакласьці сваю працоўную кніжку зь перапынкам у гадоў 15 у рэстаран "У Ратушы", каб хоць неяк уратавацца.
Будкін: А няўжо за савецкім часам было лягчэй?
Варашкевіч: Тады мы былі маладымі. Калі чалавек малады, вучыцца ў інстытуце, ён жыве па нейкіх іншых законах. Жылі нармальна, грошай неяк хапала. А зараз ёсьць сям’я, ёсьць хворая маці ў Баранавічах, і самому трэба жыць, дапамагаць родным. Я ж ня буду расказваць зараз пра кошты на прадукты ў крамах. Усё ж зразумела з гэтым.
Будкін: Як мінімум двойчы вы хацелі сысьці са сцэны — пры канцы 80-х з распадам "Бонды" і пры канцы 90-х у час крызісу ў "Краме". Але што ж вас трымае ў музыцы, калі яна анічога не прыносіць?
Варашкевіч: Пасьля "Бонды" я вымушаны быў сысьці, ехаць працаваць у Баранавічы. У "Краме" сапраўды быў крызіс пасьля 1996 году. Былі праблемы ў маім уласным жыцьці. А ўтрымлівае мяне вера і адданасьць той справе, якую я раблю. Мае песьні — гэта маё жыцьцё, імі я жыву. І калі мяне гэтага пазбавяць, то я ня буду ведаць, навошта мне жыць.
Будкін: "Краму" часта папракаюць у музычнай кансэрватыўнасьці і адсутнасьці руху. На што вы звычайна адказваеце, што трымаецеся рок-н-рольных канонаў і адыходзіць ад іх не зьбіраецеся. Няўжо не было ніколі жаданьня зрабіць тое, чаго ад вас ніхто не чакае?
Варашкевіч: Наконт кансэрватызму аніякіх праблемаў ня бачу. Ніхто ж не пытаецца ў AC/DC ці "The Rolling Stones", чаму яны ўсё жыцьцё сьпяваюць адны і тыя ж песьні. А ў нас чамусьці пытаюцца. А наконт новага, то яшчэ чатыры гады таму я запісаў 18 песень на розных мовах. Па-нямецку, па-чэску, па-вугорску, па-румынску, па-эстонску… І праект гэты плянавалася назваць "Los Bulbos". Адна зь песень з гэтага праекту зараз прагучыць. Яна ўвайшла ў новы альбом "Крамы". Астатнія стылістычна да "Крамы" не падыходзяць, бо там ёсьць і рэгі, і фанк, і ўсё што хочаш.
Будкін: Прадстаўце тады гэтую песьню, і паслухаем.
Варашкевіч: Песьня называецца "Дзякуй Богу, але ж мы ідзем дамоў". Яна гучала ўжо на нашых канцэртах. Рэдкіх нашых канцэртах (сьмяецца). Не лічу яе новай, але ж яна яшчэ не запісаная.