Партыю БНФ высяляюць з офісу

  • БелаПАН
Гаспадарчы суд Менску прыняў рашэньне выселіць Партыю БНФ, грамадзкае аб'яднаньне "БНФ "Адраджэньне", а таксама іх менскую гарадзкую і абласную структуры з офісу на праспэкце Машэрава, 8 у Менску. Партыя арандавала гэтае памяшканьне з 1992 году.

З пазовам аб высяленьні структур Партыі БНФ выступіла ЖРЭА Савецкага раёну Менску. У судзе яго прадстаўніца патлумачыла нежаданьне працягваць арэнду офісу неабходнасьцю яго далейшага выкарыстаньня "для ўласных патрэбаў". "Офіс ідэальна падыходзіць для разьмяшчэньня нашых уласных службаў", – сказала яна.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў аб намеры абскардзіць рашэньне гаспадарчага суду. На яго думку, верагоднасьць страты офісу вельмі вялікая. "Мы прапрацоўваем розныя варыянты выхаду з сытуацыі, аднак цяпер усё ж сканцэнтраваны на магчымасьці абараніць права на арэнду офісу ў судовым парадку", – сказаў Кастусёў.

Тэрмін арэнды памяшканьня па праспэкце Машэрава, 8, у якім знаходзяцца офісы Партыі БНФ, грамадзкага аб’яднаньня "БНФ" Адраджэньне ", а таксама некалькі іх арганізацыйных структур, завяршыўся 31 сакавіка.

3 траўня 100 дзеячоў навукі, культуры, мастацтва, праваабаронцаў, журналістаў падпісалі зварот да грамадзкасьці, старшыні Мінгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі і в.а. начальніка ЖРЭА Савецкага раёну Алега Самуйліка з заклікам абараніць офіс Партыі БНФ.

Пытаньне з офісам "выходзіць за рамкі спрэчкі гаспадарчых суб'ектаў", падкрэсьлівалася ў звароце. "З высяленьнем офісу ЖРЭА ліквідуе своеасаблівы востраў беларускасьці, на якім ішла актыўная грамадзкая і культурная дзейнасьць... , дзе фармуецца грамадзянская супольнасьць Беларусі", – падкрэсьлівалі аўтары звароту.

4 траўня гаспадарчы суд Менску адмовіў грамадзкаму аб’яднаньню "БНФ" Адраджэньне "і Партыі БНФ у пазове да ЖРЭА Савецкага раёну сталіцы адносна падаўжэньня арэнды офісу.