"Аўтарадыё" прайграла чарговы суд

  • БелаПАН
Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду сёньня 10 траўня адхіліла скаргу "Аўтарадыё" аб прызнаньні несапраўдным судовага рашэньня ад 29 сакавіка 2011 году. Тады Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле рашэньне аб спыненьні вяшчаньня гэтай радыёстанцыі.

Рашэньне было прынятае створанай Міністэрствам інфармацыі Рэспубліканскай камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні.

10 траўня ў судзе спрэчкі бакоў выклікала паняцьце "творчая канцэпцыя", аб неадпаведнасьці якой эфіру "Аўтарадыё" заяўляе Міністэрства інфармацыі. Галоўны рэдактар "Аўтарадыё" Юры Базан адзначыў, што паняцьце творчай канцэпцыі адсутнічае ў законе аб СМІ і ўтрымліваецца толькі ў палажэньні аб правядзеньні конкурсу на выдзяленьне радыёстанцыям частот.

"Магчыма, для правядзеньня конкурсу і неабходная нейкая творчая канцэпцыя, каб можна было параўноўваць, што, уласна, канкурсанты хочуць стварыць. Але ў нас яна выкарыстоўваецца цалкам для іншых рэчаў. Шчыра кажучы, я наогул ня ведаю, каб у Менску хтосьці атрымліваў частату па конкурсе, гэтага проста ніколі не было ", – заявіў Базан.

Паводле яго слоў, "Аўтарадыё" было вымушана падаць такую канцэпцыю ў Мінінфарм. "Не таму, што мы хацелі яе прадастаўляць. Пытаньне стаяла зусім інакш: не прынясеш канцэпцыю – не дамо права вяшчаньня", - падкрэсьліў галоўны рэдактар.

"Мне не хацелася б так думаць, але падобна, што наогул сытуацыя з "Аўтарадыё" выйшла за рамкі звычайнага разгляду ў рамках заканадаўства і перайшла ў плоскасьць чыста палітычную", – сказаў Базан.

"Аўтарадыё" мае намер абскардзіць рашэньне ВГС ў парадку нагляду.