Вера Церлюкевіч: «Што ж ты зрабіў, сынок?»

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» кожны чацьвер у эфіры і на сайце Радыё Свабода.
Архіў Ларысы Курс


Красавік 1991 году застанецца ў найноўшай гісторыі Беларусі месяцам шматтысячных рабочых страйкаў. Вуліцы і плошчы Менску запаўняліся людзьмі, якія патрабавалі годных умоваў жыцьця і працы. Гэтыя падзеі важныя ня толькі тым, які ўплыў яны зрабілі на палітычнае разьвіцьцё ўсёй краіны, але і тым, што глыбокія ўнутраныя зьмены адбыліся з асобнымі людзьмі, якія на ўласным досьведзе пераканаліся, што ад іх наўпрост залежыць лёс Бацькаўшчыны. Такім чалавекам была і Вера Церлюкевіч.

Сяргей Антончык, адзін зь лідэраў працоўнага руху 90-х: «Гэта быў магутны шок. Мне здаецца, што намэнклятура, тыя, хто памятаюць гэтыя страйкі, яны не адышлі дагэтуль. Тое, што кажа цяперашні прэзыдэнт, — ён баіцца гэтых масавых акцый, таму што пранёс гэты страх вось праз колькі гадоў. Будучы старшынёю саўгаса і бачачы, як тысячы, сотні тысяч людзей выходзілі і як красамоўна выступалі простыя рабочыя. Такім чалавекам, які шукаў праўду, была Вера. Я памятаю яе выступ. Усе чакалі яе выступ, аплядзіравалі, людзі вельмі радаваліся, таму што яны бачылі свайго чалавека, які выходзіць і кажа проста, без усялякіх высілкаў. Якраз такія людзі, як Вера, яны заўжды былі шчырымі, адкрытымі, і яны былі часткай гэтых людзей».

Сяргей Антончык, 1991.

Вера Церлюкевіч 15 гадоў адпрацавала на Трактарным заводзе, рабіла на вежавым кране. Па ўспамінах усіх, хто ведаў гэтую жанчыну, галоўнай прыкметай яе характару была адсутнасьць страху і вера ў справядлівасьць сваіх патрабаваньняў — бо яна бараніла правы іншых бяспраўных.

Сьвятлана Курс
Сьвятлана Курс, журналістка: «Да 91-га году яна толькі хадзіла па мітынгах, прыглядалася на гэта ўсё. Сама яна была з Краснапольскага раёну, з Высокага Барку. Хадзіла яна, хадзіла на гэтыя мітынгі, потым стала сябрам Маскоўскай рады БНФ, дзе я зь ёю і пазнаёмілася. І ў 91-м годзе, паколькі яна заўсёды змагалася за справядлівасьць — ведаеш, ёсьць такія людзі, якія, хоць і ня іхная гэта справа, але пойдуць адстаяць правы нейкай пакрыўджанай удавіцы, рабочага і г.д. У 91-м годзе яе выбралі старшынёй забастовачнага камітэту цэху, і яна хадзіла, змагалася за чыесьці заробкі, крыўды, у прафсаюз уваходзіла. І ў 91-м годзе яна была адной з тых, хто падбіваў людзей выйсьці на вуліцы. Увогуле, Вера ніколі нічога не баялася. Калі баялася, то вельмі пасьпяхова ў сабе гэта забівала. Яна была вельмі адчайны чалавек з самай маладосьці. Яна распавядала, што ніколі не шукала лёгкіх шляхоў. Казала: была вельмі сьмелая і застаюся вельмі сьмелаю. І гэта заўсёды па ёй было відаць.

Яшчэ яна была ўпартая і не любіла прайграваць. Была яна нягнуткая і змагалася за справядлівасьць. І пры тым пры ўсім гэта быў вельмі добры чалавек».

Рабочы страйк на плошчы Леніна. 1991

Вера Церлюкевіч запомнілася сваім актыўным удзелам у апазыцыйных мітынгах 90-х.

Журналістка Любоў Лунёва доўгія гады сябравала зь Верай Максімаўнай: «У 96-м годзе, калі Валерыя Буйвала з заламанымі рукамі ўжо садзілі ў міліцэйскі варанок, яна вырвала яго з рук міліцыянтаў. Усе памятаюць анэкдатычную гісторыю, калі ў 1997 годзе яна выхапіла з рук амонаўца дубінку. Той хадзіў за ёй і ўгаворваў: «Ну, Вера Максімаўна, ну аддайце». А яна яму потым кажа: «Ладна. Бяры ўжо. Але калі толькі ўбачу, што ты зноў замахнуўся на жанчыну ці на падлетка, то зноў забяру і потым ведаеш куды яе табе засуну?!».

Такой жа сьмелай і адданай яна была ў сваёй працы на карысьць Беларускага народнага фронту, пра што ўспамінае сяброўка КХП БНФ , паплечніца і прыяцелька Веры Максімаўны Галіна Дзягілева:

«Я добра памятаю, як у 1999 годзе для сп-ні Веры не стаяла пытаньне „з кім“. Яна цьвёрда верыла, што Беларусь — за Зянонам Пазьняком. Яна была перакананая ў гэтым і магла любога пераканаць. Для яе найперш была Беларусь. Яна вельмі была ўражаная, што іншыя, як яна лічыла, мудрэйшыя людзі кіраваліся асабістымі амбіцыямі. Гэтая звычайная жанчына ўсё ж такі была незвычайная. Ад яе сыходзіла такая моцная станоўчая энэргетыка, што перадавалася іншым. Яна зараджала ўсіх, каму здаралася быць побач, адданай любоўю да Беларусі».

Сябры Маскоўскай рады БНФ адзначаюць вясельле Зянона Пазьняка і Галіны Вашчанкі. 1995 г. Вера Церлюкевіч сядзіць у першым шэрагу ў цэнтры.

Your browser doesn’t support HTML5

Галіна Дзягілева пра Веру Церлюкевіч



Здавалася, міліцэйскае кіраўніцтва лічыць, што Вера Максімаўна сама сабою можа пагражаць грамадзкаму спакою.

Любоў Лунёва: «Яна была на ўсіх акцыях апазыцыі. Яе ведала ў твар усё міліцэйскае кіраўніцтва. Жанчына рабіла ў ліцейным цэху, кранаўшчыцай на будоўлі і на шмат якіх цяжкіх працах. У яе быў гучны пазнавальны голас. Аднойчы яна была на акцыі з надзетым на галаву кардонным корабам. Як толькі яна крыкнула: «Далоў вусатага!», да яе падбеглі міліцыянты і сказалі: «Вера Максімаўна, спыніце акцыю, інакш мы вас затрымаем і складзем пратакол за абразу Лукашэнкі». Усе зарагаталі, а яна пытаецца потым у мяне: «Слухай, а як гэта яны здагадаліся, што гэта была я?».

Your browser doesn’t support HTML5

Вера Церлюкевіч



Асабістае жыцьцё Веры Церлюкевіч цалкам было аддадзенае двум сынам, сьлядоў якіх, на жаль, адшукаць не ўдалося.

Сьвятлана Курс: «На шыі ў яе былі сыны. Пра другога сына нічога не распавядала, а пра першага яна мне ўжо напрыканцы жыцьця казала: «Ён зараз ходзіць пад справай па дробнай крыміналцы, і мне сказалі наўпрост, што калі я не прыціхну зараз, то яму дадуць па поўнай». А гэта, кажа, мая галоўная жыцьцёвая параза, што я ня здолела сыноў падняць. Гэта яна мне ўжо казала незадоўга да нашага апошняга расстаньня.

Але Вера Максімаўна ўсё адно верыла, што лепшае зьвязанае з пакаленьнямі дзяцей і ўнукаў.

Любоў Лунёва: «Вера вельмі добра арыентавалася ў палітыцы, цікавілася эканомікай. Гэта пры тым, што яна ня мела вышэйшай адукацыі. Памятаю, як мы зьбіралі подпісы за вызваленьне Паўла Шарамета і Зьмітра Завадзкага. Яна зьвярнулася да мужчыны, як потым высьветлілася, выкладчыка міліцэйскай акадэміі, а ён кажа: «Проста так не пасадзяць. Ня трэба было закон парушаць». Яна як выбухнула: «Гэта ж трэба быць такім непісьменным чалавекам у такім узросьце! А яшчэ ж такі партфэль прыгожы… Вось ня думала. Спытайцеся ва ўнукаў сваіх. Можа, яны вам нешта патлумачаць».

Сьвятлана Курс: «Гэта быў чалавек з такой нерастрачанай любоўю. Як яна ставілася, напрыклад, да дачкі пісьменьніцы-архівісткі Вольгі Бабковай — Ганкі. Мы так жартавалі з гэтай малой Ганкай, бо было відаць, што нібыта да яе ў госьці дачка прыйшла — гэтая Вера ажно сьвяцілася.

Ганна Бабкова, якая дзяўчынкай жыла ў суседнім доме, стала для Веры Церлюкевіч амаль што ўнучкай.

Ганна Бабкова
: «Яна атрымоўвала свой мізэрны заробак і бегла набываць незвычайныя прысмакі на той час. Замест крупы бегла нейкую смачную вэнджаную мойву, чакалядныя бабкі набывала і частавала мяне зь вялікай радасьцю.

Я ня памятаю, дзе мы пазнаёміліся, бо я была вельмі маленькая. Жыла яна ў суседнім двары. Столькі размаўлялі, былі разам, хадзілі кудысьці.

Яна была вельмі руплівая ў сваёй працы, вельмі адданая таму, чым яна займалася. І мала хто ведаў, што і вельмі адзінокая, на жаль.

Зараз, будучы ўжо дарослым чалавекам і стараючыся прааналізаваць, разумею, што душа ў спадарыні Веры была вельмі безабаронная, бясхітрасная, непрыстасаваная, як кажуць, да жыцьця».

Ганна Бабкова, Вера Церлюкевіч і Павал Севярынец на адным зь мітынгаў. Канец 90-х.

Па-мацярынску яна часам ставілася і да простых амапаўцаў, зь якімі часта сутыкалася на мітынгах, выхоўвала.

Любоў Лунёва: «Памятаю, як у судзе нейкі чарговы сьведка-міліцыянт, малады хлопец, даваў непраўдзівыя паказаньні. Усе чакалі, што яна ў калідоры, калі чакалі суду над наступным затрыманым, папросту заб’е таго міліцыянта. А яна раптам кажа яму такім пяшчотным голасам: «Што ж ты зрабіў, сынок. А мамка твая ведае, чым табе даводзіцца займацца тут? Гэта ж такі цяжкі грэх. Вось ты агаварыў свайго аднагодку-студэнта, а ўяўляеш, як яму цяпер? Ня ў тым сэнсе, што ён будзе на падлозе ў турме 10 сутак валяцца, а ў тым, як яму цяпер верыць уладзе, у справядлівасьць. Бедны ты, бедны хлопец».

Вера Максімаўна была з тых людзей, якія дарэшты аддаюць сябе іншым.

Сьвятлана Курс: «У яе не засталося нічога. Яна казала, што „ў мяне ўсё ззаду адрэзанае, няма на чым і пакласьціся“. У яе не было вёскі, якую зраўнялі зь зямлёю, як вядома. У яе засталіся толькі ўспаміны, таму што і могілкі, і вёска былі зароўненыя, пахаваныя. Адпаведна, ёй не было куды вяртацца. У яе не было мужчыны — сталага такога, зь якім можна дзяліць жыцьцё.

Як зараз памятаю яе маленькую хатку — такі савецкі сэрвант лякаваны, гэтыя старыя канапы. Усё гэта чысьценькае-чысьценькае, бедненькае-бедненькае».

Прыроджанае пачуцьцё справядлівасьці ня здраджвала спадарыні Веры да канца жыцьця. За год да сьмерці яна пачала суд з праўладным ідэолягам Аляксандрам Зімоўскім:

Любоў Лунёва: «Калі пасьля Маршу Свабоды Зімоўскі назваў дэманстрантаў адмарозкамі, Вера Церлюкевіч была адзіным чалавекам, які падаў на яго ў суд за абразу. На судзе стала вядома, што Зімоўскі мае толькі сярэднюю адукацыю. Тады яна сказала: «Гэта ж трэба! Нават я маю сярэднюю спэцыяльную, а гэты ўвогуле толькі ў школе адвучыўся. І вось ён дае ацэнку ўсяму народу. Абражае людзей, якія маюць вучоныя ступені. І жыве сабе! І ўладу задавальняюць такія людзі. Хто мог падумаць, што такое можа здарыцца? Нават за савецкім часам гэта было немагчыма».

Вера Церлюкевіч на адной з акцый апазыцыі. Архіў Ларысы Курс

Сьвятлана Курс: «Шкада, што Зімоўскі з Лукашэнкам квітнеюць пышным цьветам, а такі чалавек сышоў…».

Вера Максімаўна Церлюкевіч памерла 31 сьнежня 2000 году.

Любоў Лунёва: «У апошні год свайго жыцьця Вера Церлюкевіч на маё пытаньне, чаму яна так схуднела, адказала: „Бачыш, як я памаладзела. Вось, ведаеш, нармальна харчуюся, а фігура становіцца толькі лепшая“. Я тады параіла ёй пайсьці і тэрмінова праверыць здароўе. Тым больш што яна казала, што адчувае сябе добра, толькі страўнік часам баліць. Яе паклалі ў 4 клінічны шпіталь, зрабілі апэрацыю — і высьветлілася, што ўжо позна. Калі я яе наведвала, яна казала: „Нешта я ўсё лячуся-лячуся, а лепш сябе не адчуваю. Хутчэй бы выйсьці адсюль, дома я папраўлюся дакладна“. Але са шпіталя яна ўжо ня выйшла. Памерла там ад раку.

Людзей на пахаваньні было шмат. І журналісты, і палітыкі, і ўдзельнікі розных акцый… Людзі сабраліся каля пад’езду яе дома, і іх было як на дэманстрацыі. Міліцыянты таксама прысутнічалі. Яны не адбіралі сьцягоў і толькі моўчкі слухалі выступы людзей…».

Ганна Бабкова кажа, што са сьмерцю Веры Максімаўны страціла сапраўды блізкага чалавека:

«Сышла яна вельмі хутка, літаральна за месяц. Пра такі сыход людзі кажуць, што чалавек згарэў, але мне не падабаецца гэты выраз. Думаю, уся справа ў тым, што яна заўсёды кудысьці сьпяшалася. Так яна ў маёй памяці і застаецца маленькай худзенькай жанчынай у доўгім шэрым паліто, якая ідзе наперад, а ўперадзе — невядомасьць».