В.Класкоўская: «Мяне цягалі за валасы, білі, а пасьля пасадзілі ў клетку»

Вольга Класкоўская, фота з фэйсбуку Вольгі Класкоўскай

Сёньня раніцай зь Ленінскага РУУС выпусьцілі Вольгу Класкоўскую - сястру палітвязьня Аляксандра Класкоўскага. Яна расказала Радыё Свабода падрабязнасьці начных падзеяў.

Класкоўская: Гэта адбылося сёньня ўначы. Два міліцыянты праводзілі затрыманьне. Яны не прадставіліся, я ня бачыла ніякіх пасьведчаньняў. Яны пазванілі ў дзьверы, скруцілі мяне... Яны прыйшлі ўначы пасьля дванаццаці. Можа, я ня вельмі слушна зрабіла, што адчыніла дзьверы, але з іншага боку я проста згадала гісторыю з братам, калі чатыры месяцы таму ў гэтай самай кватэры яму пазванілі ў дзьверы супрацоўнікі КДБ, ён дзьверы не адчыніў, і іх проста вынесьлі вельмі хутка... Не хацелася дом на вушы ставіць, да таго ж у кватэры знаходзілася мая дачка. Дык каб пазьбегнуць непатрэбных стрэсавых акалічнасьцяў, я вырашыла адчыніць дзьверы сама.

Яны адразу назвалі маё імя і імя па бацьку - "Вольга Аляксандраўна? Эта наш ізьвесны журналіст зьдзесь?", зь іроніяй. Надзелі на мяне кайданкі, а калі я пачала проста пытацца "За што? Што здарылася?", абсалютна ніякіх тлумачэньняў не пачула, а толькі шквал лаянкі, я ня буду гэта пераказваць. Проста нейкі жах. Пасьля мяне вывелі з дому, і побач ужо стаяла міліцэйская машына. Мяне туды ў кайданках пасадзілі, усьлед выбегла мая маці, пачала абурацца, плакаць. Але яе груба адштурхнулі і далі зразумець, што гэта не яе справа.

Мяне завезьлі ў Ленінскі РУУС. У той машыне я перажыла ня вельмі прыемныя хвіліны, бо па-першае цалкам заблякаваныя рукі, а па-другое там суцэльная цемра, і ня ведаеш - куды вязуць, што з табой будзе празь пяць, дзесяць хвілін.

У РУУСе мне таксама нічога не тлумачылі, а цягалі за валасы, білі, а пасьля пасадзілі ў клетку.

Знаткевіч: І ўвесь гэты час вам так і не сказалі, у якасьці каго і па якой справе вас выклікаюць?

Класкоўская: Ведаеце, я ня памятаю, у які гэта было канкрэтна момант, але яны зьдзекліва сказалі: "За драку сь міліцыяй". Ну але гэта сьмеху варта. Па-першае, навошта мне гэтая бойка патрэбная, а па-другое - як я магла са сваім ростам 1.60 зьбіць некалькі міліцыянтаў, а галоўнае - навошта? Для нашай сям'і ўжо і так хапае гора, каб яшчэ шукаць дадаткова непатрэбныя прыгоды.

У Ленінскім РУУСе я выпадкова сустрэла хлапцоў-міліцыянтаў, якія праходзілі службу з Сашам. Яны падышлі, спыталіся: "Ты Сашава сястра?» Я сказала: «Так». Адзін хлопец са спачуваньнем пытаецца: "Чаму ты босая? Дай мне хуценька кантакты некага з родных, я зьвяжуся, каб табе хаця б абутак нейкі прынесьлі".

Знаткевіч: Вам, калі выводзілі з хаты, не далі нават абуцца?


Класкоўская: Не, я цэлую ноч босая была. Плюс яшчэ вопратку мне таксама парвалі. Можна сказаць, што ўсю гэтую ноч я была амаль аголеная. Пасьля мяне перавезьлі ў нейкі пастарунак на вуліцы Леніна, і там вельмі шчыраваў адзін прапаршчык - за валасы зацягнуў мяне ў мужчынскую камэру і кінуў да нейкіх там бамжоў ці рэцыдывістаў. Ён увесь час абражаў, пэрыядычна падыходзіў, глядзеў, што адбываецца ў камэры. Нават вады не далі папіць. Адзіная чалавечнасьць - хлопцы, якія ведалі Сашу, нават цыгарэтай мяне пачаставалі, паспачувалі. Распыталі падрабязна пра Аляксандра, калі будзе суд.

Пасьля гэты прапаршчык, які прадставіўся Сяргеем, вывеў мяне з камэры, і я ўбачыла на яго стале стос папераў - такое ўражаньне, што яны ўжо загадзя былі падрыхтаваныя - і кажа: "Гэта пратакол, падпісвай". Я кажу: "Я ня буду падпісваць. Па-першае - што гэта ўвогуле? У чым мяне абвінавачваюць?" Абвінавачваюць у бойках зь міліцыяй і ў паклёпе на прэзыдэнта.

Якраз падчас гэтай размовы пад'ехала на таксоўцы мая маці з дачкой, зайшла ў гэты пастарунак, пачала таксама з гэтым прапаршчыкам размаўляць. А ён кажа: "Вы знаеце, ана нашэва прэзідзента аскарбляет!" А маці кажа: "Вашага, але, прабачце, ня нашага"...

Яшчэ што мяне кранула ў гэтай сытуацыі, акрамя фізычных і маральных пакутаў - гэта тое, што ўвесь час пагражалі, што я ня ўбачу дзіця. І пры самім затрыманьні, і ва ўсіх гэтых пастарунках - палохалі, што нашлюць на мяне розныя камісіі па справах непаўналетніх.

Ну, на сёньняшні момант я пакуль стараюся прыйсьці ў сябе. Што будзе далей, я ня ведаю і стараюся не драматызаваць, але ў маральным пляне я падрыхтаваная, што зноў могуць у любы момант пазваніць у дзьверы...

Знаткевіч: А ці было зразумела з гэтага пратаколу, у чым заключаўся ваш "паклёп на прэзыдэнта"?

Класкоўская: Я шчыра кажучы гэты пратакол нават не прачытала. Я толькі бачыла стос папераў. Так што гэта было са словаў таго прапаршчыка, невядома, ці так ёсьць насамрэч. Проста я ўжо была ў такім стане, асабліва калі маму з дачкой убачыла, што ўжо хутчэй хацела вырвацца з таго месца і нават не паглядзела ў тыя паперы.

Знаткевіч: І ніхто з тых міліцыянтаў, якія вас дапытвалі, якія з вас зьдзекваліся, не назваў свайго прозьвішча?

Класкоўская: Толькі адзін назваў сваё прозьвішча - той, які сядзеў у дзяжурнай частцы ў другім пастарунку - але я не запомніла...

Знаткевіч: Ці вы здымалі пашкоджаньні? Ці зьбіраецеся падаваць скаргу на гэтыя дзеяньні міліцыі?

Класкоўская: Літаральна зараз я пляную выклікаць хуткую дапамогу, бо хачу, каб мне зрабілі здымак галавы, бо адчуваю боль у патыліцы. І каб яны таксама зафіксавалі ўсе гэтыя пашкоджаньні - афіцыйна, на паперы. Мая дачка зрабіла шэраг фатаздымкаў, але трэба, каб пацьверджаньні мелі юрыдычны бок. Што да тлумачэньняў, то канешне было б вельмі цікава даведацца, чаму ўсё гэта адбылося, на якой падставе мяне білі, зьдзекаваліся, і ўвогуле што адбываецца.

Нават калі мяне ў чымсьці падазраюць але маюць нейкі свой погляд на гэтую сытуацыю - але ж хто даў права цягаць за валасы, зьбіваць і зьдзекавацца? Мне здаецца, што нават у нашых беларускіх законах гэта нідзе не прапісана, што міліцыя мае права сябе так паводзіць.

Знаткевіч: А хтосьці з гэтых міліцыянтаў неяк згадваў вашага брата? Ці зьвязана гэта неяк зь ягонай справай?

Класкоўская: Так, узгадвалі брата. Але я была ў такім шокавым стан, што шмат нюансаў і драбніцаў дакладна ня памятаю. Мяне так уразіла, што яны ўсё пра мяне адразу ведалі - біяграфічныя зьвесткі, чым займаюся, што я журналістка, што ў мяне дзіця – усё гэта наводзіць на пэўныя думкі