Што такое «Дваранства Кіраўшчыны»?

Жылічы, Кіраўскі раён.

У 1825-м годзе нябедны шляхціц, удзельнік вайны з Напалеонам Ігнат Булгак наважыўся ўвекавечыць сваё імя. Пабудаваць такую рэзыдэнцыю, роўных якой у Беларусі не было. Будоўля цягнулася больш за чвэрць стагодзьдзя. Але задума была выкананая настолькі бліскуча, што і сёньня ўражвае. Як маштабамі, так і тым, наколькі яна захавалася ў часе.




Самае дзіўнае, што на трасе Бабруйск — Крычаў я не заўважыў турыстычнага ўказальніка на Жылічы. Зрэшты, калі судзіць па колькасьці ўказальнікаў, дык самы галоўная адметнасьць нашай краіны — гэта «Лінія Сталіна». Але Жылічы вартыя таго, каб падарыць ім які ўікэнд. І галоўная разынка — ня парк, які атачае палац. Нават ня сам палац у стылі клясыцызму. А тое, чаго я не адчуваў у Беларусі нідзе. Ні ў Гомельскім палацы Румянцава, ні ў замку Радзівілаў у Нясьвіжы. Дзіўнае пачуцьцё, быццам гаспадары толькі нядаўна выехалі з рэзыдэнцыі.



А ўся справа ў некранутай часам столі, некаторых сьценах і калёнах, упрыгожаных барэльефамі. За саветамі тут быў саўгас-тэхнікум, у вайну — нямецкі шпіталь. Сёньня палова палаца, дзякуючы кіраўніцтву Кіраўскага раёну, рэстаўруецца. У другой дзейнічае музэй. Супрацоўніца музэю Ірына Шляхтава заўжды гатовая правесьці экскурсію для рэдкага наведніка.



— Вось тут ставіліся мяккія канапы, і прызначалася памяшканьне для вузкага кола.


— Гэта курыльня?


Не. Гэта калі людзі захацелі пагаварыць, выпіць…


— Выпіць!


Чаю.


— Але якая ўнікальная столь. Проста дываны нейкія.




У Жыліцкім палацы глядзець трэба толькі ўверх. Бо тут не засталося шыкоўнай мэблі. Са сьценаў зьніклі карціны Тыцыяна і Рыбэры. Даўно няма антычных скульптур, камінных гадзіньнікаў і слуцкіх паясоў. Усё гэтае багацьце зьнікла ў бяскрайніх прасторах Расеі. Ад былой раскошы засталіся толькі столь і барэльефы. Але нават толькі яны, выкананыя ў гіпсе і расфарбаваныя золатам, даюць поўнае ўяўленьне пра тое, што было ўнізе.




Сярод пакояў і галерэй мне вельмі спадабаўся невялічкі пакой для музыкаў на трэцім паверсе. Схаваны ад вачэй сьценамі і з адтулінамі для гуку. Каб музыка напаўняла ніжнія залі, але не аглушала. Зрэшты, таямнічыя гукі з палаца ніколі не зьнікалі.




— Тут адносна спакойна. Але бываюць гукі падчас экскурсій. Бывала, што ў падвальных памяшканьнях чулі гукі з мэталічным адценьнем. Ужо пасьля мясцовыя жыхары расказалі, што калі тут быў тэхнікум, дзясяткі гадоў назад, гукі, як мяўкае кацяня, тут чулі. І рэстаўратары, якія сюды прыяжджалі, яны запрашалі працаўнікоў музэю, на гарышчы яны правялі электрычнае сьвятло. Калі сьвятло ўключанае — цішыня. Але калі яно выключаецца, па кутах пачынаецца нейкае бразгаценьне. Мужчыны гаварылі, што «мы не застаемся пасьля шасьці гадзін». Зь літаратуры я ведаю, што гэта шумавыя духі. Гэта такія ж прывіды, якія не зьяўляюцца перад вачыма людзей. А праяўляюць сябе гукамі. Гэта нячысьцікі.


— Вы ў гэта верыце?


Мы гэта чулі не адзін раз. Таму можна прымяніць слова ня «веру», а «ведаю». У нас ёсьць памяшканьне на другім паверсе, дзе чулі гукі тэніснага мячыка. Альбо грукат, як быццам нешта адарвалася ад столі і рухнула. І бяжыш глянуць. Усё чысьценька. Ні пыліначкі.


З вакна відаць супрацьлеглае крыло палаца, ужо адрэстаўраванае. З навюткай бляхай, са сьвежай тынкоўкай.


— Вонкавыя сьцены засталіся. А міжпаверхавыя перакрыцьці былі зьнесеныя. Таму што ўсё было ў аварыйным стане, як сказалі.


Але ў чым я ўпэўнены — там прывіды ніколі не паселяцца. У новых сьценах. А тут яны жывуць.


— Хацелася б, канечне, каб засталося больш аўтэнтыкі.




Блукаючы вакол палаца, я натрапіў на купку мясцовай моладзі. Двое хлапцоў і дзяўчына расьпівалі піва ў бакавым порціку. Загаварылі пра мясцовае жыцьцё.


— На фэрме пацаны працуюць за паўмільёна. Віламі грузяць сянаж і паўмільёна атрымліваюць. А шостай раніцы ўстаць, атрымаць камбікорм, кароў выгнаць, пасьля кароў загнаць, прывязаць — і паўмільёна. І падзецца няма куды. Сем’і, крэдыты. Два тыдні чалавек пажыве, заплаціць за сьвятло, за газ, купіць дровы — і ўсё.


А як людзі слухаюць усю гэтую… 500 баксаў сярэдняя зарплата… Сільная і працьвятаюшчая?..


— У гэта даўно ня вераць. Можа, хто ў Менску атрымлівае, да яго набліжаныя. А калгасьнік — 500–600 тысяч. І яшчэ. Зарплату атрымліваць — брыгадзір налічвае, напрыклад, 800 тысяч. Агафонаў Канстанцін Міхайлавіч. Людзі для яго — быдла. Ён ня лічыцца зь людзьмі. Ён прыходзіць, глядзіць — замнога, зь яго і трыста хопіць. Сам выкрэсьлівае зарплату. Старшыня.


Дык гэта ж крымінальнае…


— Дык гэта які ўжо год. І ніхто нічога не гаворыць.


І ні ў кога не ўзьнікае думкі напісаць у Дзяржкантроль?


— Усе баяцца. Камуністычныя часы. Мы жывем пры камунізьме.


Як бачым, Беларусь недалёка адышла ад часоў прыгону. Калі новы пан, які называецца сёньня дырэктар СВК, можа асабіста, па сваім настроі, скараціць зарплату больш чым удвая. Але ня варта абвінавачваць у такой сытуацыі толькі «пана». Калі «парабак» гатовы прымаць такія правілы жыцьця.


Самая старая жыхарка Жылічаў Галіна Шнурава жыве ў самым старым і самым прыгожым жыліцкім доме. Чырвоная цэгла, фігурныя карнізы. Гэты былы флігель для работнікаў і блізка нельга параўнаць зь сёньняшнімі аграгарадошнымі дамкамі. Ці прастаяць апошнія хаця б сто гадоў? Пытаньне рытарычнае.




— Баба Галя, а вы самі жыліцкая?


Жыліцкая. У гэтым доме нарадзілася, у гэтым і памру.


— Вы нарадзіліся ў гэтым доме? А чаму ён такі прыгожы?


Маёнтак памешчыка Булгака. А памешчыка ня стала, дык зрабілі людзям жыць.


Старая Галіна памятае і тыя часы, калі ў палацы быў нямецкі шпіталь. А непасрэдна каля яе дома немцы вырашалі габрэйскае пытаньне мястэчка Жылічаў.


— Іх дротам абгарадзілі. І так зьдзекаваліся немцы, аж шкада было.


— А што рабілі?


Білі. Жывымі закопвалі. Зямля трэслася ўся. Залезем, туды ж не пускаюць. Роў капалі і ў роў закапвалі. Маладзенькіх. Мамка раніцай наварыць бульбы ў шалупках. І ня толькі мама. Кідаць. Нас немцы білі за гэта. А яны ж хочуць есьці. На гарышча ўзьлезем і глядзім. Як іх па дзесяць, па дваццаць чалавек жывых кідаюць у гэты роў. І закопваюць. Гэта на ўсё жыцьцё запомнілася.


— А навошта вы гэта глядзелі?


Цікава было. Дзеці ж.


— А вы разумелі, што адбываецца?


Шкадавалі. Лезьлі глядзець. Бульбачку насілі. Хлеба сухар кінем.


Як самы сьветлы пэрыяд свайго жыцьця старая ўзгадвае будаўніцтва чыгункі ў далёкім Казахстане.


— А калі жылося нармальна?


За ўсё жыцьцё — у Казахстане. Вузкакалейку будавалі.


— Гэта вы былі на цаліне?


На цаліне. У 53-м годзе, як Сталін памёр. Выйшла там замуж. Вось гэтае жыцьцё толькі і засталося ў памяці.


— Цаліна.


Цаліна. Чыгунку рабілі. 90 кілямэтраў трэба было правесьці. Кармілі добра. І бульба, і яблыкі сушаныя. Дамоў не было. Жылі ў вагонах.


— Не хацелася застацца?


Я ўжо была цяжарная.


— А колькі ў вас дзяцей?


Чацьвёра. Дзяўчынка ў мяне адна ў раддоме памерла. А сын во (скрозь сьлёзы) загінуў у Гарачым Ключы. На Кубані. Ён міліцыянтам быў. Там загінуў.


Я, сам таго ня хочучы, разьвярэдзіў старую рану бабы Галі. Партрэт маладога міліцыянта пазіраў на нас са сьцяны.




Але вернемся ў палац. Каб даведацца ў спадарыні Шляхтавай, што ж будзе тут пасьля рэстаўрацыі.


— А што думаецца тут зрабіць пасьля рэстаўрацыі?


Музэйны комплекс. І амаль трэць палаца — музычная школа. І некалькі пакояў пад бібліятэку. А так — музэйны комплекс. А на трэцім паверсе экспазыцыя з паказам жыцьця сялян.


— А экспазыцыя з паказам жыцьця шляхты ці будзе?


Вось на гэтым паверсе. Дваранства Кіраўшчыны 19-га стагодзьдзя.


— Гучыць жахліва. А гэта ўжо афіцыйна прапісана? «Дваранства Кіраўшчыны»?


У некаторых паперах. Але афіцыйная дакумэнтацыя яшчэ ня складзеная па залях.




Як вам такі калгасны крэатыў? «Дваранства Кіраўшчыны». Гэта, вядома, не «дваранства сталіншчыны», але ўсё роўна чаруе вуха. Зрэшты, можа, пакуль скончыцца тая рэстаўрацыя, Беларусь разьвітаецца нарэшце і з Кіравым, і са Сталіным.



http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&oe=UTF8&num=200&start=400&msa=0&msid=209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28&ll=53.455349,29.432373&spn=1.14483,2.894897&z=8&iwloc=lyrftr:msid:209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28,0004a277dd22c5b5b7176,,,0,-31&output=embed
View Падарожжы Свабоды in a larger map