Лявон Вольскі: «У Беларусі сытуацыя агульнанацыянальных Навінак»

Your browser doesn’t support HTML5

"Белы сьпіс"

Ёсьць выканаўцы, якія маюць настолькі шмат ідэяў, што тыя немажліва ўвасобіць у межах аднаго гурта. Таму ў іх пэрыядычна паўстаюць шматлікія сайд-праекты і разнастайныя творчыя хаўрусы зь іншымі музыкамі.

Яскравы прыклад такой шматграннай асобы ў беларускай музыцы — госьць чарговай праграмы «Белы сьпіс Свабоды». З гадоў 15 яго імя асацыявалася выключна з гуртом «Мроя», а потым N.R.M. Але ад канца 90-х гэты выканаўца паралельна заняўся іншымі праектамі. Дастаткова тут згадаць «Народны альбом», таямнічы праект Zet і «Крамбамбулю». Усё, што ён рабіў, заўжды мела вялікі розгалас. Апошнія тры дыскі «Куплеты і прыпевы», «Такога няма нідзе» і «Белая яблыня грому» сьпявак выдаў пад сваім імем.

Вітаю госьця сённяшняй праграмы Лявона Вольскага!

— Чаму ўрэшце рэшт вы вырашылі працаваць пад уласным імем, а не пад шыльдай пэўнай каманды з пэўнай назвай?

— Так атрымліваецца, што зараз пэрыяд сольнай творчасьці, прычым хачу заўважыць, што яна мае дэкаратыўна-прыкладны характар. Вы пералічылі тры праекты, і ўсе яны досыць спэцыфічныя. Першы — кабарэ ў нямецка-польскім сэнсе гэтага слова, ня блытаць з расейскім шансонам. Другі — пазытыўныя песьні ў стылі 60-х гадоў, а трэці — наогул не на мае словы. Будзем лічыць, я так прынамсі лічу, што гэта разгон перад нармальнай сольнай творчасьцю.

— А музы́кі, якія з вамі цяпер, не крыўдуюць на тое, што яны працуюць не на каманду, а пэрсанальна на Лявона Вольскага?

— Акром як на маё імя, яны яшчэ працуюць у адной беларускай камандзе з грувасткай назвай на літару «К.», таму чаго ім крыўдаваць — не разумею (сьмяецца). Па-другое, калі ўрэшце аформіцца альбом пры дапамозе гэтых музыкаў з маімі тэкстамі і з маёй музыкай, тады, можа быць, трэба неяк назвацца. Не выключаю такой магчымасьці. У прынцыпе, я заўжды быў чалавек каманды. Бо пачынаў у 15 год з рок-гурта, дзе ўсе разам афармлялі думкі, пісалі тэксты, таму я доўгі час баяўся адзін з гітарай выходзіць да слухачоў, бо мне падавалася — можа быць толькі так. А потым гэтыя стэрэатыпы растварыліся ў паветры.

— Паспрабую акрэсьліць сваё ўспрыманьне вашай цяперашняй творчасьці. З аднаго боку, вы пішаце жыцьцесьцьвярджальныя баляды — «Усё будзе добра», «Дай мне надзею», «Вера, надзея, любоў». З другога боку, робіце кплівыя «Куплеты і прыпевы» і жартаўлівы праект «Саўка і Грышка». А вось звыклых раней песень пратэставай тэматыкі вы ўжо доўгі час не ствараеце. Стаміліся ад гэтага? Вам лягчэй іранізаваць?


— Як ні дзіўна, не даходзяць рукі да гэтага, бо ёсьць больш запатрабаваныя праекты на пэўны момант. Як зь «Белай яблыняй» было, якая доўгі час ляжала на паліцы, перад тым як мы яе дасталі, аформілі і выдалі. Тое самае з маімі песьнямі сур’ёзнымі. «Вера, надзея, любоў» чакала свайго часу тры гады. Можа быць, мне не хацелася так сур’ёзна заяўляюць пра сваю творчасьць, каб не замінаць мэйнстрыму N.R.M.
Можа быць, мне не хацелася так сур’ёзна заяўляюць пра сваю творчасьць, каб не замінаць мэйнстрыму N.R.M.
А то было б глупа, каб я быў франтмэнам у «Незалежнай рэспубліцы» і выдаў сольны альбом, дзе было б амаль тое самае, прынамсі па тэксьце. І так атрымліваецца, што я сам з сабой канкурую ў розных праектах, а тут было б зусім...

— Як вы паставіліся да таго, што N.R.M. далі нядаўна сольны канцэрт у Полацку бяз вашага ўдзелу?

— Я не камэнтую гэтую сытуацыю, яна досыць характэрная для цяперашняй Беларусі...

— У чым

— Досыць абсурдова ўсё ў цяперашняй Беларусі. Сытуацыя такіх агульнанацыянальных Навінах атрымліваецца. Адно што скажу: мяне ніхто не папярэджваў, што кудысьці едзе. І раней ніхто ня клікаў на сход па вырашэньні далейшага лёсу гурта. Тут невытлумачальна, таму я не магу падабраць словы і не хачу пароць гарачку, каб выглядаць неадэкватным.

— Ваша рэакцыя на забарону канцэрту «Крамбамбулі» ў Менску была адрознай ад рэакцыі іншых музыкаў. Кульлінковіч казаў пра забарону на прафесію, Вайцюшкевіч пра правінцыйнасьць мысьленьня чыноўнікаў і вяртаньне ў сярэднявечча, а вы падзякавалі ўпраўленьню культуры за дадатковы піар. Чаму вырашылі абраць такую тактыку?

— Забарона канцэрту «Крамбамбулі» абсалютна ніяк нікуды ня ўпісваецца. Гэта тая ж сытуацыя агульнанацыянальных Навінак. Таму, безумоўна, трэба было падзякаваць Міністэрству культуры, упраўленьню культуры Менгарвыканкаму за тое, што нас сусьветна піяраць. Які ж яшчэ лепшы піяр можа быць для замежных гастроляў. Калі я ў складзе N.R.M. граў у Нямеччыне, людзі прыходзілі проста, як у заапарк, паглядзець на гэтых страшных палявых камандзіраў, як яны бэнзапілой на сцэне ўсё будуць крышыць, а траплялі на звычайны рок-канцэрт. Шмат хто, напэўна, расчароўваўся.

— Тым ня менш, на тым тыдні вашы сольныя канцэрты адбыліся ў Горадні і Берасьці. Знаходзіце нейкае лагічнае тлумачэньне гэтаму?

— Мяне ж асабіста няма ў сьпісах, а чынавенства ж дзейнічае строга ў адпаведнасьці зь сьпісам. Ведаеце, пэўна, ня надта хочацца ім гэтым займацца, бо выконваць такія распараджэньні — поўны абсурд, таму яны з задавальненьнем абыходзяць там, дзе можна абысьці. Раю ўсім, Сашу Кульлінковічу ў тым ліку, не пераймацца і асабліва не прасякацца гэтай сытуацыяй. Бо ўвесь час так будзе: то забароняць, то размарозяць. Яшчэ пасьля вядомага паходу да вядомага чыноўніка, які зараз таксама ўсё налева і направа забараняе і зачыняе, я адразу сказаў, што ня трэба ад гэтага чакаць бясспрэчнага плёну, бо ў любы момант усё можа зьмяніцца ў гэтай дзяржаве. Як і стала цяпер, калі ўлады зрабіліся іншымі пасьля пэўных падзей.

— Дык вы прапануеце прыняць як ёсьць і жыць з гэтым ці ўсё ж спрабаваць неяк зьмяняць гэтую сытуацыю?

— Трэба калекцыянаваць забароны, трэба прабіваць і анансаваць канцэрты. Як толькі канцэрт правесьці не даюць — варта патрабаваць тлумачэньняў. У некаторых варыянтах гэта можна вырашыць юрыдычна. Карацей, у нас ёсць мэханізмы.

— То бок не прападзеце?

— Не, гэта не 2005 год. Ну няхай канцэрту няма — новую песьню заўжды можна павесіць у нэт, як мы зрабілі зь «Верай, надзеяй». І кліп зрабілі, які вельмі шмат людзей паглядзелі.

— Прыканцы праграмы вам, Лявон, як кожнаму госьцю «Белага сьпісу Свабоды» прапаную зайграць ужывую. Якую песьню выканаеце?

— Паколькі мы зараз езьдзім з праграмай «Белая яблыня грому», то выбраў песьню адтуль. І наогул пасьля зімовых падзеяў яна вельмі арганічна гучыць. Гэта песьня на словы Пімена Панчанкі «Мала сказаць ненавіджу». А наперад прачытаю верш.