«Усе папярэднія пляны прыватызацыі не выконваліся»

Барыс Жаліба

Урад сваёй пастановай зацьвердзіў новы трохгадовы плян прыватызацыі на 2011-2013 гады. Якія прадпрыемствы мяркуецца прыватызаваць, а якія — толькі пераўтварыць у акцыянэрныя таварыствы? Чаму папярэдні плян прыватызацыі быў выкананыя толькі на 10 працэнтаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

Цыганкоў: Наколькі маштабнымі вам уяўляюцца гэтыя пляны прыватызацыі? Ці можа такая прыватызацыя дасьць істотнае папаўненьне ў бюджэт?

Жаліба: Пляны, магчыма, і маштабныя. Але рэч у тым, што яны ніколі не выконваліся. Калі гэта прадпрыемства сярэдняй рукі, то ўжо быў няўдалы досьвед — яны былі выстаўлены на продаж, але пакупнікоў не было. Хто купіць, у каго ёсьць сёньня грошы? Я думаю, што калі нейкі попыт будзе, то на самыя знакамітыя, буйныя прадпрыемствы.

Бо нашыя прадпрыемствы сярэдняй рукі, якія фігуруюць у гэтых плянах, ня вельмі прыцягальныя, маючы на ўвазе іхні фінансавы стан, прыбытак, рэнтабэльнасьць і гэтак далей. Таму я ня думаю, што ўрад будзе ў стане выканаць свае пляны.
Калі нейкі попыт будзе, то на самыя знакамітыя, буйныя прадпрыемствы.


Цыганкоў: Што тычыцца самых вялізных прадпрыемстваў, то яны ўключаныя толькі ў плян ператварэньня рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянэрныя таварыствы на 2011-2013 гады, куды ўключана 134 прадпрыемства. У тым ліку даччыныя прадпрыемствы «Беларуснафты», РУП «Сьветлагорскае вытворчае аб’яднаньне» Хімвалакно«, лікёра-гарэлачныя прадпрыемствы, РУП «Нацыянальная авіякампанія «Белавія», РУП «Менскі трактарны завод», РУП » Беларускі мэталюргічны завод. Чаму ўрад ня можа паскорыць ход прыватызацыі гэтых прадпрыемстваў? Ці ня думаеце вы, што надзвычайная сытуацыя ў эканоміцы можа гэтыя працэсы паскорыць?

Жаліба: Я з вамі згодны, зараз валюта вельмі патрэбна, а як вядома, частка даходаў ад прыватызацыі накіроўваецца ў бюджэт. Сёньняшні стан павінен змусіць наш урад паскорыць гэтыя працэсы. Але як гэта будзе ў рэальнасьці, я ня ведаю. Я тут не аптыміст.

Цыганкоў: Трохгадовы плян прыватызацыі ў Беларусі на 2008-2010 гады быў выкананы толькі на 10%: за мінулыя 3 гады плянавалася прадаць 155 прадпрыемстваў, па факце прынятае рашэньне аб продажы акцый толькі 16. У чым тут галоўная праблема? Псыхалягічная, кадравая ці проста не было такой вострай неабходнасьці?

Жаліба: Тут комплекс прычын. І кіраўніцтва непадрыхтаванае, і бюракратызацыя вельмі моцная. Па-другое, калі размова ідзе пра буйныя прадпрыемствы, то ўлада выстаўляла шэраг сацыяльных умоваў, якія павінен выканаць патэнцыйны пакупнік. І гэта адштурхоўвала пакупнікоў. І цэны былі надта высокімі. Я думаю, што трэба зьменшыць сацыяльныя ўмовы, зрабіць працэс прыватызацыі больш простым і ісьці насустрач пакупнікам.