На допыце будзе прысутнічаць адвакат і прадстаўнік амбасады Расеі ў Беларусі.
Ноч праваабаронца правёў у пастарунку.
Паводле супрацоўнікаў міліцыі, Юраву афіцыйна забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі.
Андрэя Юрава адвезьлі ў РУУС Савецкага раёна Менска вечарам 16 сакавіка. Калегі праваабаронцы асьцерагаюцца, што ўлады Беларусі могуць дэпартаваць праваабаронцу.
Амбасада Расеі накіравала ноту Ў МЗС Беларусі
16 сакавіка на кватэры ў Менску, дзе знаходзіўся Андрэй Юраў зьявіліся супрацоўнікі міліцыі Савецкага РУУС.
Дыялёг Андрэя Юрова зь міліцыянтамі праходзіў на лесьвічнай пляцоўцы, паколькі не было ордэра для доступу ў памяшканьне. Міліцыянты паведамілі, што Андрэй Юраў нібыта знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь, і даставілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол.
Адзін з супрацоўнікаў РУУС паведаміў, што ў дачыненні да Юрава можа быць заведзеная крымінальная справа за нібыта незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы асобай, якой раней быў забаронены ўезд у краіну.
Паміж Расеяй і Беларуссю адсутнічае мяжа. Пашпартны кантроль у аэрапорце існуе, аднак ніякіх паведамленьняў пра непажаданасьць знаходжаньня праваабаронцы ў Беларусі з боку кантрольных органаў пры пералёце не паступіла.
У расейскага праваабаронцы канфіскаваныя асабістыя рэчы і мабільны тэлефон.
Сябра Каардынацыйнага рады міжнароднага моладзевага праваабарончага руху (удзельнік Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі) Вікторыя Громава адзначыла:
"Спадзяемся, што ўладам Рэспублікі Беларусь хопіць разважлівасьці не ўчыняць дзеяньняў, якія наўпрост парушаюць іх міжнародныя абавязацельствы".
Андрэй Юраў, кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі, які прыехаў у Менск 14 сакавіка, знаходзіўся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь як праваабаронца, выконваючы праваабарончыя функцыі па даручэньні Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, паведамілі ў Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
Раней ўезд на тэрыторыю Беларусі быў забаронены памочніку прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі Максіму Кіцюку.