Прэзыдэнт швэдзкага Клюбу публіцыстаў: У Беларусі павінны быць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя

  • БелаПАН

Стакгольм

У Беларусі павінны быць вызвалены ўсе палітзьняволеныя, заявіла ў інтэрвію агенцтву БелаПАН прэзыдэнт швэдзкага Клюбу публіцыстаў Ульрыка Кнутсан.

"Я з болем сачу за падзеямі ў Беларусі, — сказала Кнутсан. — Асабліва цяжка ўсьведамляць, што ў беларускіх турмах працягвае знаходзіцца такая колькасьць палітычных актывістаў. Непрымальна, што пад перасьледы трапілі таксама і беларускія незалежныя журналісты. У галаве не зьмяшчаецца прысуд Аляксандру Атрошчанкаву, сытуацыя з Ірынай Халіп, Натальляй Радзінай. Гэтыя мужныя людзі пацярпелі з-за сумленнага выкананьня сваіх прафэсійных абавязкаў. А астатнія ўдзельнікі мірнай дэманстрацыі пацярпелі з-за выказваньня свайго меркаваньня, якое яны мелі права выказаць".

Суразмоўца ўпэўненая, што ў дэмакратычнай краіне выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі і сваёй думкі ніяк ня могуць лічыцца крыміналам. Паводле слоў Ульрыкі Кнутсан, масавыя рэпрэсіі скіраваны на фарміраваньне атмасфэры страху ў грамадзтве, здушэньне любой альтэрнатывы, актыўнасьці — палітычнай і творчай.

"Такія вось судовыя працэсы паказваюць увесь антыдэмакратычны характар беларускага рэжыму. Эўрапейскі саюз неадкладна павінен рэагаваць на гэтыя жудасныя парушэньні правоў чалавека. Усе палітычныя зьняволеныя павінны быць вызваленыя", — падсумавала Кнутсан.