Лукашэнка: дыктатар на лаве падсудных

Аляксандар Лукашэнка

Зьявіліся новыя сьведчаньні сыстэматычных катаваньняў у турмах КДБ Беларусі, калі напярэдадні брытанская юрыдычная фірма абвясьціла, што рыхтуецца ініцыяваць прыватнае судовае расьследаваньне адносна прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, піша сёньняшняя "The Independent".

Сьледчыя, якія займаюцца праблемамі парушэньня правоў чалавека, правялі інтэрвію з сотнямі актывістаў, арыштаваных пасьля сьнежаньскіх выбараў у Беларусі. Яны выявілі, што катаваньні, зьбіцьцё і антыгуманныя умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня – звычайная практыка ў краіне, якая па-ранейшаму называе свае сакрэтныя службы абрэвіятурай “КГБ”, адзначае Джэром Тэйлар у сваім артыкуле “Лукашэнка: дыктатар на лаве падсудных”.

З 205 апытаных 148 былі зьбітыя у турмах

Як найменей 689 чалавек былі арыштаваныя 19 сьнежня, калі Лукашэнка загадаў атрадам міліцыі асаблівага прызначэньня падавіць прадэмакратычныя пратэсты ў цэнтры Менску. Пасьля гэтага яшчэ сотні чалавек былі кінутыя за краты, і многія апазыцыйныя палітыкі, журналісты і грамадзкія актывісты апынуліся пад пагрозай зьняволеньня да 15 гадоў паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых акцыяў, нагадвае аўтар.

Беларускія і міжнародныя праваабаронцы апыталі 205 затрыманых зь ліку тых, каго ўлады ўжо вызвалілі, прысудзіўшы да штрафаў альбо невялікіх тэрмінаў пасьля пасьпешлівых судоў без адвакатаў. З 205 чалавек 148 паведамілі, што іх зьбівалі ў часе папярэдняга затрыманьня, пры гэтым 57 заявілі, што іх білі дубінкамі.

“У многіх выпадках супрацоўнікі спэцслужбаў білі і прыніжалі людзей, затрыманых пасьля акцыяў пратэсту, і часамі трымалі на марозе, пазбаўлялі вады, ежы і элемэнтарных выгодаў, а пасьля пасьпешліва арганізаваныя суды вынесьлі ім прысуды без усялякага намёку на належным чынам праведзены судовы працэс”, – кажа Ганна Сэварц’ян, дырэктар Human Rights Watch па Расеі, якая апублікавала гэтыя дадзеныя.

H2О Law супраць Лукашэнкі

Сьвятлана, 19-гадовая удзельніца дэманстрацый, апісала, як трое міліцыянтаў накінулася на яе пасьля таго, як яна папрасіла адваката і пасьля адмовілася падпісаць пратакол. “Адзін з міліцыянтаў трымаў мае рукі за сьпінай, а двое другіх пачалі зьбіваць мяне дубінкамі, – распавяла Сьвятлана. – Іншыя вязьні пачалі крычаць, і тады мяне адвялі ў іншы пакой, запоўнілі там пратакол і нават не паказалі мне яго, сказаўшы: “Ты ўсё адно яго не падпішаш, але гэта і неістотна”.

Джэром Тэйлар у артыкуле прыводзіць канкрэтныя прыклады катаваньняў у беларускіх турмах і паведамляе, што адна з вядучых праваабарночых кампаній, H20 Law, якая першая выкарыстала брытанскую юрыдычную сыстэму для перасьледу фінансавых актываў “Сапраўднай ІРА”, заявіла аб тым, што плянуе пачаць і прыватны перасьлед, і ўчыніць грамадзянскі пазоў спадару Лукашэнку.

Кампанія H2О Law прадстаўляе рух “Free Belarus Now” (“Неадкладна вызваліце Беларусь”) – групу энтузіястаў, заснаваную сем’ямі арыштаваных апазыцыйных палітыкаў і журналістаў.

“Мы упэўненыя, што маем ўсё неабходнае, каб прад’явіць як прыватнае абвінавачаньне, так і грамадзянскі пазоў Аляксандру Лукашэнку”, – заявіў Джэйсан Мак’ю, партнэр-заснавальнік H2О Law.

Ордэр на арышт Лукашэнкі

Юрысты спадзяюцца, што прыватнае абвінавачаньне прывядзе да выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі. “Гэта 56-гадовы экс-кіраўнік саўгасу, які усталяваў рэжым квазісавецкай дзяржавы ў краіне зь 10-мільённым насельніцтвам, дзе забароненыя незалежныя СМІ і 80 % усёй прамысловасьці знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем”, – тлумачыць аўтар, адзначаючы, што ордэр на аршыт можа быць выдадзены і для паплечнікаў Лукашэнкі.

Беларускі кіраўнік і яго атачэньне ўжо трапілі пад забарону на ўезд у краіны ЭЗ, але ордэр на арышт распаўсюджваецца і на тыя краіны па-за межамі ЭЗ, зь якім Вялікая Брытанія мае дамову аб экстрадыцыі.

Першы выпадак суду над кіраўніком сувэрэннай дзяржавы

H2О Law мае намер перасьледаваць Лукашэнку ад імя ягоных ахвяраў і таксама плянуе захады супраць яго фінансавых актываў у Вялікай Брытаніі і ва ўсім сьвеце.

Кампанію H2О Law спачатку запрасілі для таго, каб зьвярнуць увагу ААН і Міжнароднага суду ў Гаазе на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Але абвінавачаньні ў катаваньнях, асабліва пасьля заявы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, далі магчымасьць пайсьці далей.

Калі H20 Law будзе дзейнічаць, як заплянавана, гэта будзе першы выпадак, калі юрысты-праваабаронцы прыцягнуць да суду кіраўніка сувэрэннай дзяржавы.
Паводле міжнароднага заканадаўства, катаваньні – адзін зь нешматлікіх відаў злачынства, паводле абвінавачаньня ў якім можна патрабаваць зьняць імунітэт сувэрэна.

“Калі абвінавачаньне ўключае віну ў катаваньнях, патэнцыйна гэта дазволіць суду выкарыстаць агульную юрысдыкцыю, і ён таксама можа ануляваць сувэрэнны імунітэт, на які можа прэтэндаваць Лукашэнка”, – кажа Мэцью Джуры, адвакат H2О Law, які правёў увесь апошні месяц у размовах з уцекачамі зь Беларусі, якія ратуюцца ў Эўропе.

H2О Law выкарыстоўвала амэрыканскія суды для перасьледу Муамара Кадафі за тое, што ён забясьпечыў выбухоўкай ваеўнікоў “Сапраўднага ІРА”. Два гады таму кампанія дамаглася посьпеху ў справе з патрабаваньнем кампэнсацыі ў 1,6 мільёнаў фунтаў ад “Сапраўднага ІРА” за выбух у горадзе Ома. Той выбух у Паўночнай Ірляндыі адбыўся 15 жніўня 1988 году і быў арганізаваны чальцамі арганізацыі “Сапраўднае Ірляндзкае рэспубліканскае войска” (“Сапраўднае ІРА”). У выніку выбуху аўтамабіля тады загінулі 29 чалавек і каля 220 чалавек былі параненыя.

***

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі, камэнтуючы артыкул The Independent, заявіў: "Пэрспэктывы ў гэтай задумы – нулявыя. Гэта на самай справе ня больш, чым піяр-акцыя спадароў юрыстаў. Гэта толькі спосаб хоць неяк зьвярнуць на сябе ўвагу, карыстаючыся вядомасьцю беларускага лідэра і палітычнай вастрынёй сытуацыі. Я думаю, што і самі арганізатары выдатна разумеюць, што гэта пусты рэклямны пшык. А вось The Independent, не разабраўшыся ў сутнасьці пытаньня, папросту купілася на танны трук. Іміджу сур’ёзнага выданьня падобнае, на мой погляд, проста шкодзіць ".