Плюс – мінус

Алесь Міхалевіч усіх ператварыў у кансьпіролягаў. Прынамсі, сярод камэнтатараў на сайце “Свабоды” аматары змоваў займаюць упэўненае другое месца пасьля тых, хто павіншаваў палітыка з учынкам.

ПОДЗЬВІГ МІХЕЛЬСОНА


Пры гэтым усе без выключэньня рэплікі кампраматчыкаў ня маюць вагі, бо ня маюць сьцьвярджальнае мэты. Навошта яны пішуцца?

Гісторыя робіцца ўчынкамі, а ня словамі. Пра што й нагадаў Міхалевіч, які публічна адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ і захоўваць іхныя “таямніцы”. Шукаю што-небудзь блізкае зь нядаўняга, каб параўнаць, і не знаходжу. Былі толькі словы. Таму й не рабілася гісторыя.

Яно й цяпер словаў хапае. Пра тое, што агент ці не агент Міхалевіч (калісьці сябры далі яму мянушку Міхельсон) зрабіў гэта наўмысна! А ня трэба нічога рабіць, асабліва наўмысна, каб не нашкодзіць тым, хто сядзіць. І пад вокнамі Някляева ня трэба дэманстраваць, каб яму не нашкодзіць. І ўвогуле...

Калі няма ўчынкаў, а толькі словы, тады словы ходзяць па колу, наскокваюць адно на адно, і ўся палітыка ператвараецца ў грызьню. Згадайце, апошнім часам хто толькі з кім у дэмакратычным лягеры не перасварыўся публічна. Проста пандэмія сабачага грыпу. І канца ёй не відаць. А тут зрабіўся ўчынак, і стала відаць цана ўсяму таму сабачаньню. І стала відаць, што толькі маральныя ўчынкі прывядуць да жаданых перамен. Прынамсі, бязь іх ня будзе нічога.

На маю думку, найбольш узважаны камэнтар пра ўсё гэта пакінуў нехта “Мненіе”:

“Тыя кавалкі “пакаяльнай запіскі”, якія абнародавала КДБ, асабіста ў мяне ня выклікалі ніякіх эмоцыяў – Алесь у ёй напісаў усё тое, што, уласна, ён казаў у этэры на дэбатах. У фільме (які здымаюць мастацтвазнаўцы ў цывільным. – С.Д.) таксама асабліва глядзець ня будзе на што – і так вядома, што Міхалевіч не экстрэміст, ня хам, не “завадар” людзей на Плошчу, а канструктыўны інтэлігент. І тым больш каштоўная яго адкрытасьць і тое, што чалавек не пабаяўся і не зламаўся”.

Сапраўды, “абламаць” КДБ чалавеку зь мяккімі манерамі, у акулярах і з такой мянушкай, як любіць бясконца паўтараць адзін пэрсанаж, “дорогого стоіт”.

Між іншым, прозьвішча вайскоўца, які пасадзіў у клетку мазаічнага Ямельку Пугачова і спыніў ягонае ірацыянальнае бясчынства, было Міхельсон.

КАДАФІ І МУДАФІ


Дзе кансьпіралёгія ператвараецца ў карысную гульню, дык гэта ў літаратуразнаўстве.

Вось фраза, якую я пачуў у ваколіцах легендарнага Крэва, дзе надоечы пажылы вясковы чалавек гэткім чынам адкамэнтаваў тэлевізійныя навіны (расейскія, БТ пра Лівію амаль не гаворыць): “У іх Кадафі, у нас Мудафі”.

Літаратуразнаўчыя загадкі часам разгадваюцца на такім вось інтуітыўна-асацыятыўным роўні. Памятаю, калі цяперашні аўтакурфюрст прыйшоў да ўлады, нехта ананім напісаў паэму “Лука Мудзішчаў прэзыдэнт”. Прафэсійная работа. Памятаю канцоўку: “Наш прэзыдэнт Лука Мудзішчаў садзіцца ў чорны членавоз”. Бліскуча. Але імя аўтара так і не праявілася за гэтыя ўжо чорт ведае колькі гадоў. І вось тут раптам з глыбінь народных, на інтуітыўна-асацыятыўным роўні чалавек з Крэва гаворыць: “У нас Мудафі”.

А самы спрэчны (для мяне асабіста) камэнтар гэтых дзён належыць Галіне, якая адгукнулася на інтэрвію аднаго пэрсанажа газэце “Washington post”:

“І яшчэ знаходзяцца такія журналісты, у якіх ёсьць жаданьне выслухоўваць усякае трызьненьне беларускага дыктатара. Учыніце яму журналісцкі БАЙКОТ”.

Байкот Галіна прапануе далучыць да дзейных санкцыяў. Пытаньне: браць ці ня браць інтэрвію?

Браць, але з пазнакамі – дзе пэрсанаж кажа няпраўду. Напэўна, “Washington post” так і робіць. Але ў Штатах ды Эўропах і без інтэрвію пра нашу рэальнасьць напішуць тое, што пабачаць і што падумаюць. Шкодны эфэкт хлусьні распаўсюджваецца толькі на гледача БТ. Мала таго, што ён атрымлівае порцыю харызматычнага падману, сам факт інтэрвію такой газэце – прапагандысцкая ўдача ўлады. Гэта ж вам ня “Голос Петрозаводска” і нават не “Литовский курьер”.

Значыць, ня браць. Далучаюся да Галінінага байкоту.

Праўда, і самы “мінусовы” камэнтар таксама належыць Галіне, па ўсім відаць, той самай.

НЯХАМ ХАМУ НЯ ХАМ


Аўтарка заклікае Кастуся Севярынца:

“Не трымайце ў сабе адмоўныя эмоцыі – гэта шкодзіць здароўю, а яго трэба берагчы. Выкідайце зь сябе ўсе адмоўныя эмоцыі ў дачыненьні да дыктатара-Лукашэнкі. Няхай ён атрымае тое, чаго заслугоўвае. У гэтым выпадку ХАМУ варта адказваць ПА-ХАМСКУ”.

Тут рэч нават ня ў добрым выхаваньні (хоць і ў ім таксама). У самым шырокім сэнсе ўсе нашы змаганьні з рэжымам заўсёды вядуць да правальнага выніку з-за нашай жа неадэкватнай дыспазыцыі. Каб годна адказваць дыктатару, патрэбная альбо вялікая матэрыяльная сіла, альбо вялікая сіла духу і ўнутранае культуры. У першым выпадку вы апынаецеся зь няпрыяцелем на роўных, у другім вы – Гулівэр у краі ліліпутаў. Ёсьць яшчэ трэці варыянт – Гулівэр сярод веліканаў.

Галіна называе свайго пэрсанажа “д’яблам уцелаўлёным”. Варта мець на ўвазе, што д’ябал – гэта ўвасоблены ірацыяналізм. І калі мы пачынаем гаварыць зь ім “ягонай мовай”, мы зьбіваемся на ірацыянальныя думкі й дзеяньні. І чарговы раз з буйным лікам прайграем.