Станіслаў Шушкевіч: «Сын не карыстаецца маім прозьвішчам»

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці?


У сталінскія часы Станіслаў Шушкевіч, якога часта называюць першым кіраўніком незалежнай Беларусі, лічыўся сынам ворага народу. Ягоны бацька — вядомы беларускі пісьменьнік Станіслаў Пятровіч Шушкевіч — быў рэпрэсаваны амаль на 20 гадоў. Сам Станіслаў Станіслававіч, якому ў савецкі час удалося зрабіць выдатную навуковую кар’еру, а пасьля стаць палітыкам высокага рангу, пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі апынуўся ў апале і ў Беларусі пазбаўлены сродкаў да існаваньня. Былыя і цяперашнія пакаленьні сям’і Шушкевічаў сёньня ў нашай праграме.

Імя Станіслаў у гэтай сям’і пераходзіць з пакаленьня ў пакаленьне. Сам спадар Шушкевіч ня можа прыгадаць, ці назвалі яго так у гонар бацькі. Але ягоная жонка Ірына сына называла па сваёй волі:

Ірына Шушкевіч: «У гонар дзядулі. Ён быў вельмі добры, прыемны, вельмі мне падабаўся».

Радыё Свабода: «А Станіславу Станіслававічу не зайздросна, што ня ў гонар яго?»

Станіслаў Шушкевіч: «Не, ну што вы!»

Ірына Шушкевіч: «Можа і зайздросна, але ён пра гэта нікому ня кажа».

Станіслаў (унук) і Станіслаў (дзед). 1985


Стася, унучка Станіслава Шушкевіча: «Гэтае імя нясе на сабе такую гісторыю, якая зьвязана зь сям’ёй. І таксама падабаецца вельмі. Мае бацькі мне казалі, што калі яны на мяне паглядзелі, то ніяк інакш мяне назваць не было як».

Сталінская ўлада распарадзілася лёсам малога Станіслава Шушкевіча так, што бацька прысутнічаў у ягоным жыцьці празь ліставаньне. Напэўна, у тыя ж часы заклалася разуменьне таго, што свае сапраўдныя перакананьні можна давяраць толькі блізкім і родным, а ад дзяржавы за гэта можна атрымаць жорсткае пакараньне:

Шушкевіч: «Я пісаў бацьку лісты ў Сыбір і добра ведаў, што ён у Сыбіры, пісаў яму на беларускай мове і атрымліваў адказы на беларускай мове. Ён пісаў нават вершы, пэўныя радкі я нават памятаю:

У далёкую глуш ты прыслаў мне пісьмо,
Яно доўга шукала мяне і блукала.
На ім штэмпэляў шмат, і чужая рука
Твой канвэрцік…


Ну, неяк… разарвала. Ня памятаю.

І я пісаў яму, гэта была такая перапіска, якая была абсалютна апалітычнай, бо я, па-першае, быў дзіцем малым, а па-другое, маці гаварыла, што можна пісаць, чаго нельга, што даходзіла да бацькі, што не. Я ня вельмі разумеў, што гэта такое, бо гэта была нейкая дзіцячая гульня.

А ўжо я добра ўсьвядоміў, што з маім бацькам, гэта ўжо пасьля вайны, таму што ён першы раз вярнуўся ў 48 годзе і пачаў настаўнічаць у Данілавічах, тут у Дзяржынскім раёне, але яго ізноў накіравалі ў Сыбір, і вызвалілі яго зноў у 1956 годзе, і ён вярнуўся ў Мінск.

Станіслаў Шушкевіч (на самым версе зьлева) зь Сямёнам Будзённым. Артэк. 1946


Станіслаў Шушкевіч распавядае, што вядомы і добры паэт Аркадзь Куляшоў выключыў ягоную маці, пісьменьніцу Алену Раманоўскую, з камсамолу — за тое, што ў анкеце яна не адраклася ад здрадніка-мужа. Гэты ўрок добра запомніўся, і толькі асьцярожнасьць і клопат маці дазволілі яму паступіць ва ўнівэрсытэт. Наперад у анкетах яны сталі пазначаць, што бацька зь сям’ёю не жыве і дзе ён знаходзіцца, ім невядома.

Пасьведчаньне сяброўкі Саюзу савецкіх пісьменьнікаў Алены Раманоўскай (маці Станіслава Шушкевіча) за подпісам Максіма Горкага.


Шушкевіч: «Мяне ва ўнівэрсытэт не прымалі. Я закончыў з мэдалём, а мяне не бяруць, таму што біяграфія не падабаецца».

Радыё Свабода: «А мэдаль усё ж такі ўдалося атрымаць?»

Шушкевіч: «У школе — ніякай дыскрымінацыі, ніякага дрэннага стаўленьня ня толькі да мяне, але і да каго б там ні было. Гэта было такое патаемнае ўзаемаразуменьне. Чалавечнасьці было вельмі-вельмі многа. Я зараз гляджу і думаю, што, можа, таму, што не было ніякай падтрымкі ніадкуль, мы былі вельмі салідарныя паміж сабой».

Станіслаў Шушкевіч (сядзіць другі зьлева) грае ў аркестры фізфаку БДУ. 1952


Пільнасьць сёньняшніх беларускіх школ значна вырасла за апошнія паўстагодьдзя.

Стася: «Самі ведаеце, што гэта можа быць ня вельмі добра. Вельмі многа было такіх момантаў, калі было страшна і цяжка вельмі: а калі пра гэта даведаюцца, што тады рабіць, бо могуць жа і на працы пасунуць, і са школы выгнаць. Заўсёды, калі ідуць дэманстрацыі ці нешта такое, ва ўсіх школах пачынаюцца рэзка нейкія мерапрыемствы: адразу робяць дыскатэкі, канцэрты, толькі каб людзі не ішлі кудысьці. Ці нават кажуць: калі мы даведаемся, што вы там былі, то ўсё — выганяем. Да мяне заўсёды падыходзілі і казалі: нікуды не ідзі, бо на цябе ўся ўвага, бо цябе будуць шукаць у першую чаргу».

Пачуцьцё гонару за блізкіх і продкаў, а таксама асаблівая «генэтычная» чуйнасьць да гістарычнай абстаноўкі ўласьцівыя Шушкевічам, як любой сапраўды інтэлігентнай беларускай сям’і.

Шушкевіч: «Было непрыемна, таму што я павінен быў рабіць выгляд, што я ня ведаю, што з маім бацькам, і калі гаварыць пра пачуцьцё ўласнага гонару, прыйшлося сябе стрымліваць. У мяне былі ўсе падставы ганарыцца бацькам, а абстаноўка была такая, што я павінен быў вось так сябе паводзіць.

Калі ён прыехаў з Сыбіры, да яго прыяжджалі сябры, зь якімі ён працаваў у геалягічнай экспэдыцыі — крэпкія, моцныя сыбіракі. Яны вельмі многа пілі гарэлкі, але гэта на іх слаба ўзьдзейнічала. А бацька мой вельмі рэдка выпіваў, але калі выпіваў 50 грамаў гарэлкі, то быў ужо вельмі добра п’яны, і тады сьпяваў беларускія песьні, распавядаў пра ўсё, што хочаш. І калі я пабачыў, зь якой павагай яны ставяцца да бацькі, я падумаў, што я ім павінен ганарыцца. Як толькі магу.

У яго тут была іншая сям’я — многа дзяцей, і мы ўсе лічым сябе братамі і сёстрамі, сябруем, сустракаемся разам».

Для бацькоў Станіслава Шушкевіча вера ў сьветлую камуністычную ідэю заставалася моцнай і непахіснай нягледзячы на тое, як выпрабоўвалі іх людзі, што ўвасаблялі сабою гэтую ідэю. Так, Станіслаў Пятровіч Шушкевіч уступіў у камуністычную партыю праз 8 год пасьля таго, як вярнуўся з высылкі. І толькі пры канцы 80-х, за пару гадоў да сваёй сьмерці, стаў думаць, што загана палягае ў самой ідэалёгіі. Пералом у самім Станіславу Шушкевічу адбыўся нашмат раней.

Шушкевіч: «У мяне вялікі быў пералом. Я як прафэсар фізыкі па абмене чытаў лекцыі ў савецкі час. І калі я быў у Ягелонскім унівэрсытэце ў Кракаве, я выслухаў 5 пропаведзяў Караля Вайтылы, які пасьля стаў Янам Паўлам Другім. І вось яны ў мяне ўрэзаліся — убачыўшы яго, 13 чэрвеня, як сёньня памятаю. Ён гаварыў пра тое, што такое Ягелонскі ўнівэрсытэт (а я ў ім працую, я выкладаю фізыку, чытаю курс ядзернай электронікі). „Гэтыя нікчэмнасьці партыйныя, якія не разумеюць, як паўстаў унівэрсытэт, з кім ён кантактаваў, што галоўнымі факультэтамі быў тэалягічны, факультэт права. І калі Оксфард зьвяртаецца да ўнівэрсытэту, ён зьвяртаецца не да гэтых прымітываў партыйных…“ Ведаеце, я думаў: чаму яго ня садзяць у турму?!»

Станіслаў Шушкевіч і першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Мікалай Сьлюнкоў. (Апошні справа — Пётар Краўчанка, сакратар МЕнскага гаркаму КПБ і будучы першы міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь.) БДУ, катэдра ядзернай фізыкі. 1985


Безумоўнай заслугай папярэдніх пакаленьняў можна лічыць і тое, што сучасная моладзь ужо ў меншай ступені асьлепленая бяздушнай ідэалёгіяй сёньняшняй беларускай улады. Але іх безумоўная параза — страта гэтага пакаленьня:

Стася: «Я нарадзілася ў 94 годзе, таму з 90-х гадоў мала чаго памятаю. Памятаю, што бацькі заўсёды бралі мяне на нейкія дэманстрацыі.

Я ў такіх абставінах знаходжуся, што амаль усе маладыя людзі не падтрымліваюць тое, што адбываецца ў нашай краіне зараз. Усё ж я вельмі радая, што прысутнічаюць новыя думкі, якія не навеяныя палітычным рэжымам. Гэта думкі асобных людзей, якія самі для сябе вырашылі, што для іх лепш, якія могуць параўнаць абставіны ў сваёй краіне з абставінамі ў іншых краінах.

Вельмі многа маладых людзей выяжджаюць за граніцу недзе. Яны разумеюць, што ў Беларусі ёсьць будучыня і гэтая будучыня за намі, але ж, на жаль, калі мы трапляем за мяжу, то вельмі многія хочуць адсюль зьехаць».

Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч. 1992 г.


Радыё Свабода: «Станіслаў Станіслававіч, чым займаюцца вашыя дзеці?»

Шушкевіч: «Дачка ў мяне дарослая, закончыла кансэрваторыю. Спачатку, як бывае ў дзяцінстве, была вундэркіндам, а пасьля ўсё прайшло, стала нармальнай хатняй гаспадыняй. І ўнучку гадуе. А ўнучка ў яе ўжо беларуска яшчэ большая, чым я».

Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын. Віскулі, сьнежань 1991 г.


Радыё Свабода: «А ў сына якія праблемы з-за таго, што ў яго такое прозьвішча?»

Шушкевіч: «Ну вы заўважце, калі мой сын прыйдзе некуды наймацца, нават калі ён будзе лепей за іншых гэта рабіць, то зь яго прозьвішчам у нашых умовах гэта цяжка. Таму ён выбраў такі спосаб дзейнасьці. Ён займаецца, скажам, эканомікай, ён ня хоча мець дадатковыя перашкоды».

Радыё Свабода: «Станіслава, у якіх краінах вы былі?

Стася: «Я была ў Амэрыцы, у Англіі, Грэцыі, Баўгарыі, Турцыі, Украіне, Расіі, Польшчы. Мне вельмі спадабалася ў Англіі, таму што ўсё, што робіцца ў краіне, яно робіцца для людзей. І ўсё, што робяць палітыкі, усё, што з гэтым зьвязана, гэта тое, што людзі самі вырашылі, тое, што яны насамрэч выбралі.

Я не кажу, што ў Беларусі ўсё робіцца ня так, як мы жадаем, але ж ёсьць рэчы, якія патрэбна зьмяніць».

Ірына Шушкевіч. Сэул. 2007

Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету БССР, чалавек, разам зь якім ці ў барацьбе зь якім рабілася найноўшая гісторыя Беларусі, асабісты вораг сёньняшняй беларускай улады, палітык, якога гістарычны лёс паставіў на месца беларускага Гарбачова, і дзеці якога ў роднай краіне асьцерагаюцца карыстацца прозьвішчам Шушкевіч, але тым ня менш ганарацца ім.

Стася: «Самая добрая рэч, якую, я лічу, мой дзед зрабіў для Беаларусі, гэта тое, што ў Беларусі зараз няма атамнай зброі. Бо калі б зараз у Беларусі была атамная зброя, я лічу, што гэта было б вельмі дрэнна, бо ёсьць людзі, якія б хацелі пагражаць гэтай зброяй астатняму сьвету».

Шушкевіч: «Швэды апублікавалі такі дакумэнт — яшчэ толькі камэнтар аб ім прайшоў рускамоўны. 20 гадоў таму гэтыя дакумэнты былі засакрэчаныя, і цяпер толькі надрукавалі. Ну, нэктар на душу. Па ацэнках усіх іх інстытутаў, дасьледчыкаў, пагроза грамадзянскай вайны была вельмі вялікая ў Савецкім Саюзе. І Белавескае пагадненьне і паводзіны, якое яно навязала ўсім, фактычна прадухілілі гэтую грамадзянскую вайну, якая насьпела, і вось нечакана гэта было вырашана. У Югаславіі ж гэта адбылося. Але я ніколі ня думаў, што Белавескім пагадненьнем мы ліквідуем гэтую пагрозу. Я яго падпісваў, скажу вам проста, зь вялікім задавальненьнем перш за ўсё таму, што ўпершыню за дзвесьце фактычна гадоў з 1794 году Расія прызнае незалежнасьць Беларусі. Мы ствараем — Содружество Независимых Государств».

Радыё Свабода: «Што пагражае вашым дзецям у Беларусі? Чаму яны ня вельмі хочуць прызнавацца ў тым, што маюць такое прозьвішча?»

Шушкевіч: «Прызнавацца ці не… Яны нібыта не хаваюць. Але тое, што здарылася 19 сьнежня, дае адказ на вашае пытаньне. Людзі, якія нічога кепскага не зрабілі, апынуліся за кратамі, і цяпер ім выносяць яшчэ і нейкія прысуды. І дзеці нашыя нічога кепскага ня робяць, але, маючы такое прозьвішча, яны могуць апынуцца вінаватымі, ні ў чым ня быўшы вінаватымі».

Your browser doesn’t support HTML5

Ірына і Станіслаў Шушкевічы