Дзьмітрыя Мядзьведзя вінавацяць у збройным супраціве

У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Судовае паседжаньне адкладзенае да 10 сакавіка ў зьвязку з выстаўленьнем дадатковых абвінавачаньняў.

У залю паседжаньняў сваякоў абвінавачанага, праваабаронцаў і журналістаў прапускалі толькі пасьля пільнага дагляду супрацоўнікамі спэцслужбаў і праз адмысловую рамку-мэталяшукальнік. Акрамя аховы падсуднага, некалькі міліцыянтаў у залі сачылі за тым, каб ніхто з прысутных нічога не здымаў на фота ці відэа. Судзьдзя Алена Рудніцкая напачатку паведаміла, што слуханьні пачынаюцца пры адсутнасьці двух сьведкаў-міліцыянтаў, якія выкліканы ў суд на пазьнейшы час. А літаральна празь некалькі хвілін абвясьціла пра перанос суду на 10 сакавіка ў зьвязку з тым, што пракурор выставіў новае абвінавачаньне. Адвакат Сяргей Лепеш ад камэнтароў наконт гэтага ўхіліўся:

"Паглядзім. Давайце пачакаем".

Дзьмітрыя Мядзьведзя па-ранейшаму вінавацяць паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Але зараз яму выстаўлена абвінавачаньне ў збройным супраціве супрацоўнікам дзяржаўных службаў, у выкарыстаньні мэталёвых прутоў і трубаў, пляшак з запальнай сумесьсю з мэтай гвалту над асобай. Нібыта ён учыніў гвалт і нанёс шкоду прыблізна дзесяці міліцыянтам. Пракурор таксама дадаў да матэрыялаў сьледзтва мэдычныя сьведчаньні і пратаколы допытаў гэтых міліцыянтаў. Жонка Дзьмітрыя Мядзьведзя Тацьцяна падчас зачытваньня новага абвінавачаньня плакала, а ў інтэрвію "Свабодзе" заявіла, што нічому агучанаму ня верыць:

"Хіба можна ў гэта паверыць? Гэта поўнае трызьненьне".

Карэспандэнтка: "Што вы думаеце пра гэта?"

"Я ня ведаю. Мне падаецца, што ніхто ні ў чым не разьбіраецца: няма чалавека — няма праблемы. Калі б хто-небудзь паглядзеў гэтыя справы, то, пэўна, гэтых людзей не было б у судах".

Як паведаміла Тацьцяна, яе муж Дзьмітрый Мядзьведзь — дырэктар прыватнай будаўнічай фірмы. Пасьля ягонага арышту партнэры адмовіліся ад супрацоўніцтва, і праца прадпрыемства зараз паралізаваная. Сама яна з сынам, якому адзін год, засталася практычна бяз сродкаў да існаваньня.

Your browser doesn’t support HTML5

Тацяна Мядзьведзь пра суд над мужам



Дадатковае абвінавачаньне Дзьмітрыю Мядзьведзю праваабаронца Ўладзімер Лабковіч, які прысутнічаў на судзе, пракамэнтаваў гэтак:

"Самае істотнае тое, што зь мінулых судовых працэсаў пракуратура зразумела, што зусім непрыгожа ісьці ў суд, калі няма ніякіх доказаў масавых беспарадкаў. Таму зараз мы бачым больш выкшталцонае абвінавачаньне, дзе ўжо ёсьць і пацярпелыя — быццам бы больш за дзесяць супрацоўнікаў міліцыі, якія ў сваю чаргу атрымалі права на грамадзянскія пазовы. Бачна нават з гэтага абвінаваўчага заключэньня, што адносна спадара Мядзьведзя няма ніякіх большых доказаў, чым мы тое бачылі ў іншых судах. Проста бачым больш юрыдычна пісьменнае абвінавачаньне там, дзе яго зусім не павінна быць".

Суд над Дзьмітрыем Мядзьведзем працягнецца ў чацьвер, 10 сакавіка.