На 1 сакавіка прызначаны 4 працэсы па «справе 19 сьнежня»

Дом правасудзьдзя, у якім месьціцца Фрунзенскі суд Менску.

Адразу 4 працэсы па справах адносна падзей 19 сьнежня адбудуцца ў менскіх раённых судах у першы дзень вясны.

Сёньня стала вядома, што прызначаны яшчэ два працэсы над удзельнікамі мітынгу пратэсту 19 сьнежня. Прычым суды адбудуцца 1 сакавіка, у дзень, на які ўжо прызначаны два падобныя працэсы.

Такім чынам, у Фрунзенскім судзе судзьдзя Тацяна Чаркас будзе разглядаць справу прэсавага сакратара штабу Саньнікава Аляксандра Атрошчанкава і там жа адбудзецца працэс над моладзевым актывістам з Баранавічаў Зьмітром Новікам.

Суд Маскоўскага раёну.
А ў Маскоўскім судзе адновіцца працэс над грамадзянамі Расеі Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым, якіх пачалі судзіць, 22 лютага. Справу разглядае судзьдзя Любоў Сімахіна, якая ужо трапіла ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу за тое, што выносіла адміністрацыйныя прысуды ўдзельнікам акцыі пратэсту.

Другі працэс у Маскоўскім судзе будзе весьці Алена Рудніцкая — над Дзьмітрыем Мядзьведзем. Малады чалавек адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту, але 6 студзеня быў зноў арыштаваны.

Атрошчанкаў, Мядзьведзь і Новік абвінавачаныя паводле крымінальнага артыкулу «ўдзел у масавых беспарадках». Па такім жа артыкуле пачыналі судзіць Арцёма Брэўса і Івана Гапонава, але працэс перапынілі, каб вылучыць новыя абвінавачаньні. Высьветлілася, што сьведчаньняў ад міліцыянтаў, якія затрымлівалі Брэўса і Гапонава аказалася недастаткова для пацьверджаньня абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых непарадках.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які назіраў за працэсам расейцаў, не выключае, што тое ж самае можа паўтарыцца і на працэсах над Атрошчанкавым, Мядзьведзем і Новікам, дзе таксама чакаюцца выступы сьведак-міліцыянтаў.

«Як у той „Пінскай шляхце“, якую мы ўсе памятаем: „Быў ты сьведкам ці ня быў, але штосьці засьведчыш, і добра“. Праваабаронцы ўбачылі такія сьведчаньні падчас масавых адміністрацыйных працэсаў над затрыманымі на плошчы 19 сьнежня. Але справа ж тут ідзе ўжо не пра 10 ці 15 сутак, а пра рэальныя гады зьняволеньня. Цяжка казаць, ці ўспрыме судзьдзя паказаньні такіх сьведак як праўдзівыя, але відавочна, што яны не праўдзівыя, і гэтыя супрацоўнікі міліцыі ня могуць быць рэальнымі сьведкамі».

23 лютага маці абвінавачанага па справе 19 сьнежня Дзьмітрыя Буланава Клаўдзія Якаўлеўна наведала лекара «Валадаркі», каб спытаць пра стан здароў сына. Днямі жанчына атрымала ад сына ліст пра тое, што ў яго абвастрылася хвароба суставаў і ён некалькі дзён ня мог падняцца з ложку.

«Я сёньня да лекара прыйшла. Ён кажа, што яму перадалі ўсе паперы, ён усё гэта чытаў. Пытаюся: магчыма, трэба нейкі лекі прызначыць? Яшчэ, кажу, я прасіла кансультацыю. Кажа: дзеля таго, каб прызначыць кансультацыю ў рэўматоляга, трэба зрабіць аналізы, а ў нас такой магчымасьці няма. Прашу: перавязіце яго туды, дзе ёсьць такая магчымасьць. Паціснуў плячыма і ўсё. Але пацьвердзіў, што Дзіма быў настолькі слабы, што 18 лютага нават ня мог падняцца з ложка».

У ізалятары на вуліцы Валадарскага Дзьмітры Буланаў знаходзіцца з 14 лютага. Да таго два дні быў у ізалятары на Акрэсьціна. Клаўдзія Буланава ведае, што ў камэры з сынам знаходзяцца яшчэ каля 30 чалавек, а разьлічаная камэра ўсяго на 10 вязьняў. «Сьпяць па чарзе, няма чым дыхаць, страшэнная вільгаць, сьцены мокрыя і халодныя, таму і хваробы», — кажа маці Дзьмітрыя Буланава.

Адвакат Уладзімер Тоўсьцік падаў у Маскоўскі суд скаргу на Мінюст. Тоўсьцік аспрэчвае рашэньне кваліфікацыйнай камісіі гэтага міністэрства пазбавіць яго адвакацкай ліцэнзіі на той падставе, што ён нібыта адмовіўся абараняць журналістку Ірыну Халіп, якая праходзіць па справе 19 сьнежня.

Адвакат кажа, што Халіп сама афіцыйна адмовілася ад ягоных паслугаў, а не наадварот, да таго ж на паседжаньне камісіі яго, Уладзімера Тоўсьціка, не запрасілі. Прычыны, зь якіх Ірына Халіп адмовілася ад паслугаў Уладзімера Тоўсьціка, ён не камэнтуе.

Дарэчы, сёньня стала вядома, што Ірыну Халіп азнаёмілі з пастановай пра падаўжэньне сьледзтва па яе справе да 20 траўня. Такую ж пастанову атрымаў і Ўладзімер Някляеў, паведаміла жонка палітыка Вольга:

«Да 20-га працягнулі сьледзтва. Прывезьлі пастанову і ўручылі пад росьпіс. Як пачуваецца? Як і раней. Ужо месяц дома трымаюць і нават на вуліцу выйсьці нельга».