Шымборская па-беларуску і юбілей кнігарні "Ў"

ПАВАЛ КАСЬЦЮКЕВІЧ: «КНІГІ ПА-БЕЛАРУСКУ МАЮЦЬ НАЙБОЛЬШЫ ПОПЫТ»


Павал Касьцюкевіч
Сталічная кнігарня «Ў» адзначыла свой першы юбілей. За год, які незаўважна прамінуў зь дня адкрыцьця кнігарні, яна пасьпела ўвядоміцца ў менскіх інтэлектуальных колах, прыняўшы ў сваіх сьценах дзясяткі самых розных культурніцкіх імпрэзаў. Іх арганізацыяй, а значыць — папулярызацыяй беларускай літаратуры, і займаецца арт-дырэктар кнігарні Павал Касьцюкевіч.

Міхась Скобла: «Павал, усяго за год ваша кнігарня стала знакамітай. На якія крокі вам даводзіцца ісьці, каб прывабліваць да сябе новых наведнікаў?»

Павал Касьцюкевіч: «Нас ведаюць пакуль што ў вузкім коле — тыя, хто трэба. Але мы заўсёды глядзім на недапрацоўкі, на недаробкі. Хацелася б, каб пра нас ведалі шырэй. Пакуль што гэта людзі, якія ходзяць да нас у кнігарню на розныя імпрэзы. І мы сёньня працуем над тым, каб пра нас даведалася як мага больш людзей, тых людзей, якія маглі б адгарнуць беларускую кніжку і пачытаць яе, а ня толькі тыя, якія ўжо любяць беларускую кнігу. Мы робім усякія акцыі, правакацыі. Нядаўна „Наша ніва“ паведаміла, што Ігар Логвінаў зьяжджае ў Армэнію… Насамрэч зьяжджаў па кантракце галкіпэр „Шахцёра“, бабруйскага, мне здаецца. Вось мы зрабілі такую абвестку, і гэта значна павысіла наведвальнасьць нашага ЖЖ».

Скобла: «Вы больш так не палохайце сваіх кліентаў… Як вы камплектуеце сваю кнігарню? З кім больш працуеце — зь недзяржаўнымі ці дзяржаўнымі выдавецтвамі? Ці кантактуеце наўпрост з аўтарамі?»

Касьцюкевіч: «Па-рознаму. І зь дзяржаўнымі, і зь недзяржаўнымі, і наўпрост з аўтарам ці зь ягоным агентам — мы не абмяжоўваемся толькі нейкімі пэўнымі выдавецтвамі ці толькі кніжкамі ўласнага выдавецтва „Логвінаў“. Мы, вядома ж, заўсёды будзем рады, калі да нас прынясуць і „дзяржаўную“ кніжку, абы яна падыходзіла пад нашу канцэпцыю, канцэпцыю беларускай кніжкі, канцэпцыю цікавай кніжкі. Галоўнае — каб была якасьць».

Скобла: «А судзьдзі хто? Хто вырашае, што гэтая кніжка якасная, а гэтая — ня вельмі?»

Касьцюкевіч: «Вызначае Ігар Логвінаў, вызначаю я, вызначаюць прадаўцы. Яны падказваюць, якія продажы той ці іншай кнігі, у іх таксама ёсьць свой густ. Вызначаюць людзі, у нас жа публічнае месца, пастаянна прыходзяць літаратары, пастаянна гуртуюцца і пастаянна раяць».

Скобла: «Вы заінтрыгавалі нашых слухачоў словамі „літаратурны агент“. Няўжо прыйшлі часы, калі і ў Беларусі пісьменьнікі займелі сваіх літаратурных агентаў?»

Касьцюкевіч: «Ведаеце, у нас людзі ня любяць называцца пэўнымі імёнамі, але калі ты з чалавекам працуеш, то бачыш — гэта літаратурны агент. Праўда, ён сам просіць, каб ты яго не называў такім чынам. Але па-сутнасьці ён такім зьяўляецца».

Скобла: «А якія кнігі карыстаюцца ў вашай кнігарні найбольшым попытам?»
80% у нас — беларускія кніжкі, 70% — кнігі па-беларуску.

Касьцюкевіч: «Кнігі па-беларуску маюць найбольшы попыт. 80% у нас — беларускія кніжкі, 70% — кнігі па-беларуску. Мы нядаўна зрабілі топ-ліст паводле нашых продажаў. Першае месца за 2010 год заняў Мікаэль Ніэмі, што цікава, наш сучасьнік і не беларус. Гэта швэдзкі фін, які распавядае пра свае дзіцячыя прыгоды. Найлепш купляюць гэтую кніжку. Шмат людзей прыходзяць і купляюць толькі інтэлектуальныя кніжкі, напрыклад, кніжку Вольгі Бабковай „І страхі, і цуды“, што таксама ня можа ня цешыць».

Скобла: «Аднойчы ў Францыі я зайшоў у кнігарню і зьдзівіўся: паўсюль на падлозе сядзелі маладыя людзі і чыталі. Заміналі нават прайсьці да патрэбнай паліцы. А ці няма і ў вас такой практыкі? Калі чалавек ня мае магчымасьці купіць кнігу, ці можа ён яе пачытаць проста ў кнігарні?»

Касьцюкевіч: «Можа. Мы дзеля гэтага зрабілі ў кнігарні кілімавае пакрыцьцё. Але сёньня мы разумеем, што ўсё ж трэба зважаць на клімат і мэнталітэт беларусаў. Нашы людзі ў кнігарні больш скаваныя, больш сарамлівыя, хаця ў нас ёсьць усе магчымасьці сесьці на падлогу, ды і крэслы мы паставілі. Так што ў нас умовы — як у замежных эўрапейскіх краінах. Мы, вядома ж, перасьледуем і камэрцыйныя мэты, але мы хочам таксама, каб людзі прыходзілі і сядзелі, менавіта каб быў эфэкт прысутнасьці, каб людзі разумелі, што гэта абжытае месца».

Скобла: «Іван Бунін у дзёньніках пісаў, што адзін з самых шчасьлівых пэрыядаў у сваім жыцьці ён перажыў тады, калі жыў у Палтаве і меў там свой невялічкі кніжны гандаль. На шыльдзе так і было напісана — „Кнігарня Буніна“. А як вы пачуваецеся на пасадзе арт-дырэктара кнігарні?»

Касьцюкевіч: «Я думаю, лепей, чым Бунін, таму што ўсе падаткі плаціць уладальнік кнігарні Ігар Логвінаў, а я ўсё ж спажываю плён. Мне дастаюцца сустрэчы зь літаратарамі, правядзеньне літаратурных вечарынаў, ад якіх маю збольшага прыемнасьці, ну, часам, галаўны боль».

Скобла: «Асабліва любіць вашу кнігарню літаратурная моладзь, хоць вашы імпрэзы — для ўсіх узростаў і на розныя тэмы. Прыкладам, адна з апошніх кніг „Бібліятэкі Свабоды“ — „Беларуская Атлянтыда“ Вячаслава Ракіцкага — прэзэнтавалася таксама ў вас. А што трэба, каб пісьменьнік змог зладзіць сустрэчу з чытачамі ў вашай кнігарні?»

Касьцюкевіч: «Патэлефанаваць у кнігарню або непасрэдна мне, і мы дамовімся. Я ўсіх шчыра запрашаю, заходзьце да нас у кнігарню «Ў», яна знаходзіцца непадалёк ад плошчы Перамогі па адрасе: праспэкт Незалежнасьці, 37а, гэта ў дварах за домам пад шыльдай «Подзьвіг народу».

КНІГАРНЯ СВАБОДЫ


ХРЫСЬЦІНА ЛЯЛЬКО: «ДОБРЫ ПЕРАКЛАД — ГЭТА ЗАХАВАНЫ ЦУД»


Хрысьціна Лялько
У 1996 годзе вэрдыкт Нобэлеўскага камітэту гучаў нязвыкла: прэмія прысуджалася польскай паэтцы Віславе Шымборскай «за паэзію, якая зь іранічнай дакладнасьцю раскрывае законы біялёгіі і гісторыі ў чалавечым быцьці». Ці ўдалося гэтую няпростую паэзію адэкватна перастварыць па-беларуску? У выдавецтве «Про Хрысто» нядаўна выйшла ў сьвет кніга нобэлеўскай ляўрэаткі «Дзьвюхкроп’е» ў перакладзе на беларускую Ніны Мацяш. Дырэктар выдавецтва Хрысьціна Лялько — госьця «Дому літаратара».

Міхась Скобла: «Спадарыня Хрысьціна, ужо больш за два гады няма з намі Ніны Мацяш, а кнігі яе працягваюць выходзіць. Як гэтыя пераклады з Віславы Шымборскай трапілі ў ваша выдавецтва?»

Хрысьціна Лялько: «Гэты пераклад трапіў у наша выдавецтва незадоўга да Нінінага адыходу ў вечнасьць. Гэта была восень 2008 году. Мы прачыталі пераклад, ён здаўся нам таленавітым. Вершы Віславы Шымборскай загучалі вельмі натуральна па-беларуску, і нам захацелася выдаць гэтую кніжачку. Але, як гэта ў нас бывае з нашаю бядотаю, не было за што спачатку. Пакуль шукаліся грошы, на жаль, Ніна адышла з гэтага сьвету. І вось толькі на другія ўгодкі па ёй кніжка зьявілася».

Скобла: «Гэта ўжо трэці зборнік Шымборскай па-беларуску. Першы — „Сьвет варты вяртаньня“ — выйшаў у 1991 годзе, другі — „Хвіля“ — у 2005-м. Ня кожнаму замежнаму клясыку так пашанцавала з выданьнямі ў Беларусі. Чым Шымборская сёньня цікавая беларускаму чытачу?»

Лялько: «Мне здаецца, паэзія Веславы Шымборскай — ня толькі на сёньняшні час, яна на ўсе часы. Бывае такая паэзія, на шчасьце, у нашым сьвеце, якая зразумелая і актуальная ў любым часе. Шымборская закранае ў сваёй паэзіі самыя галоўныя, экзыстэнцыйныя пытаньні чалавечага быцьця. Гаворыць яна пра чалавека ў пэрспэктыве яго існасьці, у яе вершах ёсьць глыбінная, магічная сувязь паміж хаатычнасьцю штодзённых здарэньняў, выпадкаў і філязофскай, часам тэалягічнай, рэфлексіяй над жыцьцём чалавека ў людзкой супольнасьці, над яго адзінотаю, якая часам здаецца проста касьмічнаю. Ёсьць адчуваньне драматызму чалавечага існаваньня, тое, што блізкае кожнаму з нас, тое, што кожнага з нас кранае. Складаная мэтафарычнасьць яе паэтычнага мысьленьня нечакана спалучаецца са звыклым, здавалася б, апісаньнем, канстатацыяй, але ў гэтай канстатацыі закадаваныя глыбокія, мэтафізычныя пытаньні нашай экзыстэнцыі. Мне згадваецца прачытанае дзесьці ў крытыкаў Віславы Шымборскай, дасьледчыкаў яе творчасьці. Сваю трэцюю пасьля Нобэлеўскай прэміі кнігу пані Віслава назвала „Tutaj“ — „Тут“, але першапачаткова хацела назваць яе „Szczegóły“ — „Падрабязнасьці“. Паэтка патлумачыла, чаму адмовілася ад назвы „Падрабязнасьці“. Яна ўявіла, як нейкая пані Ікс гаворыць пану Ігрэку: „Ведаеш, я трымаю ў руках падрабязнасьці Віславы Шымборскай“. Здавалася б, у творчасьці такой глыбіннай і стрыманай паэткі ня месца іроніі. Але ў яе вельмі шмат тонкай іроніі — гэта таксама прываблівае ў паэзіі Шымборскай».

Скобла: «Вы выдатна ведаеце польскую мову, самі перакладаеце прозу і паэзію. Як вы ацэньваеце пераклады Ніны Мацяш?»

Лялько: «Калі ісьці ад агульнай думкі, што дрэнны пераклад — гэта зьнішчаны, змарнаваны цуд, то добры пераклад — гэта захаваны, беражліва перададзены чытачам цуд іншамоўнай паэзіі. Мне здаецца, што Ніна Мацяш здолела перадаць нам гэты цуд.
Ніна Мацяш здолела перадаць усе нюансы, усю тонкасьць, усе паўтаны паэзіі польскай паэткі.
Перакладчыца напісала ў сваёй прадмоўцы да гэтай кніжачкі, што паэзія Віславы Шымборскай стварае эфэкт калейдаскопа. У гэтым калейдаскопе відаць уся экзыстэнцыя чалавека. І Ніна Мацяш здолела перадаць усе нюансы, усю тонкасьць, усе паўтаны паэзіі польскай паэткі. Мы гартаем кнігу і адчуваем, што чытаем менавіта паэзію Шымборскай. У гэтым — цуд перастварэньня, цуд перакладу, які стварыла і здолела перадаць нам Ніна Мацяш. Заканчваючы сваю прадмоўку, яна напісала, што „Дзьвюхкроп’е“ — гэта абяцаньне працягу. І гэтая кніжка сталася для нас працягам дыялёгу ня толькі з Шымборскай, але і з самой перакладчыцай, незабыўнай Нінай Мацяш».

Скобла: «Многія нашы выдаўцы вельмі рэдка выдаючы замежных аўтараў, спасылаюцца на праблемы з аўтарскім правам. А як гэтую праблему ўдалося палагодзіць вам?»

Лялько: «Шымборская — не шэраговая паэтка, гэта ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Да таго ж, пані Віслава — чалавек даволі закрыты. Яна вельмі рэдка дае інтэрвію, вельмі рэдка зьяўляецца на публіцы, рэдка выступае. Гэта ўжо пасьля 1996 году, калі атрымала прэмію, яна стала больш сустракацца з чытачамі. Гэта ўжо — змушанасьць. Жыве паэтка ў Кракаве. Нам было складана выйсьці на пані Віславу, каб атрымаць дазвол на выданьне, але незадоўга да сваёй сьмерці, літаральна ў апошнім сваім лісьце, Ніна Мацяш падказала мне, праз каго гэта можна зрабіць. У Ніны былі кантакты з паэткай, і менавіта зь яе дабраславеньня Ніна перакладала яе вершы. Мы пайшлі па сьцяжынках, падказаных Нінаю, і дайшлі да пані Віславы, якая ласкава згадзілася даць права на выданьне».

Скобла: «Сёньня дзяржаўныя сталічныя кнігарні ня вельмі ахвотна бяруць на рэалізацыю беларускую паэзію. Дзе можна будзе набыць беларускі зборнік Шымборскай?»

Лялько: «Найперш хочацца скіраваць чытачоў у нашу кнігарню „Духоўная кніга“ (Максіма Багдановіча, 25). Я думаю, што мы таксама зьвяжамся зь сябрамі Ніны Мацяш на Берасьцейшчыне, і яны ахвотна возьмуць гэтую кніжачку для распаўсюду ў сваім рэгіёне — у Белаазёрску, у Берасьці. Думаю, Нініна сяброўка Данута Бічэль зможа ўзяць частку накладу — для Гарадзеншчыны. Наклад, дарэчы, невялікі — 500 асобнікаў. Думаю, што ня будзе праблемы з распаўсюдам, бо, яшчэ раз паўтаруся, высокі ўзровень паэзіі Віславы Шымборскай і высокі ўзровень перакладу Ніны Мацяш прывабяць чытачоў да гэтай кнігі».