Справа Брэўса і Гапонава развальваецца?

Сёньня ў ходзе працэсу па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня над расейскімі грамадзянамі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам абвешчаны перапынак да 1 сакавіка. Перапынак папрасіў пракурор для таго, каб падрыхтаваць новае абвінавачаньне. Гэтае рашэньне і першы дзень працэсу ў цэлым «Свабодзе» камэнтуюць прадстаўнікі сем’яў абвінавачаных, праваабаронцаў і палітыкаў, якія прысутнічалі на судзе.

Маці Івана Гапонава Сабіра Атакішыева сёньня ўпершыню пасьля 19 сьнежня ўбачыла свайго сына:

«Ён выглядае бледным, усё-ткі ў закрытым памяшканьні столькі часу… А так я скажу, што духам ён ня ўпаў, трымаецца добра для той сытуацыі, у якой ён зараз знаходзіцца».

Спадарыня Атакішыева сёньня ўпершыню ў жыцьці пабывала на судовым працэсе, і гэты досьвед яе ўразіў:

«Па-першае, чутнасьць была жахлівая. Не было чуваць ні адвакатаў, ні судзьдзяў, ні сьведак… Сьведкі ж не змаглі даць нейкія канкрэтныя доказы па той справе, на якую іх запрасілі. Зь іх словаў можна было зразумець, што яны не разьбіраюцца ні ў чым гэтым».

Сабіра Атакішыева кажа, што ніхто ў залі ня змог пабачыць і відэаматэрыялы, якія паказвалі ў судзе. На яе думку, Івану Гапонаву і Арцёму Брэўсу цяпер зьбіраюцца памяняць артыкул абвінавачаньня, таму што ранейшае абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках не даказанае.

Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што доказная база ў сёньняшнім судзе была яшчэ слабейшая, чым у працэсе над Васілём Парфянковым, — толькі супярэчлівыя паказаньні двух сьведак і відэа, якое ў залі ніхто не пабачыў. Новае абвінавачаньне, відаць, будзе істотна адрозьнівацца ад раней прад’яўленага, кажа спадар Стэфановіч:

«Мяркую, што абвінавачаньне будзе перапрад’яўленае па іншым артыкуле Крымінальнага кодэксу. Магчыма, па „хуліганстве“ ці па 342-м артыкуле — „групавыя дзеяньні, які груба парушаюць грамадзкі парадак“. Гэта пакуль невядома. Не знайшло пацьверджаньня ў судзе, што Брэўс і Гапонаў удзельнічалі ў масавых пагромах, падпалах, збройным супраціве супрацоўнікам міліцыі ці яшчэ якіх дзеяньнях… Я лічу, што іх дзеяньні ўвогуле ня цягнуць на крымінальную адказнасьць, а на адміністратыўную, якую яны ўжо адбылі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Таму што з такім посьпехам можна асудзіць усіх, хто быў на плошчы Незалежнасьці, а гэта 15–20 тысяч чалавек».

Спадар Стэфановіч, такім чынам, мяркуе, што ў выніку пакараньне для Гапонава і Брэўса будзе мякчэйшае, чым, напрыклад, для Парфянкова, які атрымаў 4 гады калёніі строгага рэжыму.

Людміла Гразнова
Апазыцыйны палітык Людміла Гразнова мяркуе, што мякчэйшы падыход суду да Гапонава і Брэўса не зьвязаны з тым, што яны расейскія грамадзяне.

«Справа ня ў тым, што яны расейцы, а ў тым, што няма ніякіх доказаў. Няма доказаў з боку сьведкаў, няма доказаў і на відэа. Тут усё відавочна. Што да расейскай матывацыі, то тут відавочна, што гэта палітычная справа і што нашым уладам вельмі няёмка і зь юрыдычнага, і з палітычнага пункту гледжаньня, і таму яны будуць нешта мяняць».

Людміла Гразнова мяркуе, што Брэўс і Гапонаў павінны быць апраўданыя. Ніякіх доказаў іх віны ў судзе ня выяўлена, не даказана, што яны білі супрацоўнікаў спэцназу ці нешта пашкодзілі.

Расейская амбасада ў Менску пакуль адмаўляецца камэнтаваць гэты працэс — да моманту вынясеньня прысуду.