Памёр Рыд Таліпаў — тэатральны інтэлектуал і экспэрымэнтатар

Рыд Таліпаў

Слова на разьвітаньне


Рыд Таліпаў у гісторыі беларускага тэатру застанецца перадусім як адзін з арганізатараў студыйнага, альтэрнатыўнага тэатральнага руху пры канцы 1980-х гадоў і як пачынальнік інтэлектуальнага тэатру ў Беларусі.

Вецер пераменаў, які пранёсься тады над грамадзтвам, уцягнуў у свой вір і маладых беларускіх рэжысэраў. Рыд Таліпаў, Мікола Трухан, Віталь Баркоўскі, Вітас Грыгалюнас, Вячаслаў Іназемцаў, не азіраючыся на кансэрватыўных крытыкаў і міністэрскіх чыноўнікаў, рабілі свой тэатар, тэатар свайго часу. Хай толькі на некалькі гадоў, але яны ўзарвалі ім замшэлае мастацкае жыцьцё Беларусі. А іх тэатры сталі культавымі.

З афіцыйным, сацыялістычна-рэалістычным мастацтвам Рыд Сяргеевіч, як яго маладыя акторы з падкрэсьленай павагай называлі, палемізаваў стыльнымі, эстэтычна вытанчанымі пастаноўкамі інтэлектуальнай заходняй драмы. У сваім тэатры ў сутарэньні на плошчы Перамогі ў Менску Таліпаў адкрыў для беларусаў абсурдысцкую ці парадаксальную драматургію палякаў Славаміра Мрожака і Тадэвуша Ружэвіча. «Стрыптыз» і «Картатэка» былі самымі сьмелымі на той час тэатральнымі экспэрымэнтамі на беларускай сцэне. Гэта была рэвалюцыя ў пошуках формы і гэта быў старт айчыннага тэатру ў прастору абсурдысцкай, інтэлектуальнай эўрапейскай драмы.

У Рыда Таліпава мне заўсёды імпанавала сур’ёзнае, пераборлівае стаўленьне да драматургіі. Ён аддаваў перавагу ўсясьветнай клясыцы, не забудуцца ягоныя экспэрымэнты, прыкладам, з камэдыямі Антона Чэхава. З павагай ставіўся рэжысэр і да беларускай драматургіі. Застаюцца ў памяці ягоныя пастаноўкі п’ес Сяргея Кавалёва. Але Таліпаў адмаўляўся ставіць мясцовых графаманаў. Прынцыпова паўтараў, што «нельга кідаць на сцэну ўсё», бо «сцэна — ня сьметніца». І да 85-годзьдзя Беларускага тэатру імя Якуба Коласа ён працаваў над клясычнай камэдыяй Кандрата Крапівы «Брама неўміручасьці». Гэты спэктакль мы ўжо, на жаль, не пабачым.