"Выключэньне Пыльчанкі гранічна нэгатыўнае для незалежнай адвакатуры"

Аляксандар Пыльчанка. Фота БелТА

Міністэрства юстыцыі выключыла са складу кваліфікацыйнай камісіі па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці ў Беларусі старшыню менскай калегіі адвакатаў Аляксандра Пыльчанку. Праваабаронцы заяўляюць, што ціск на адвакатаў працягваецца.

У Міністэрстве юстыцыі пакуль не падаюць прычын, чаму Аляксандар Пыльчанка выведзены са складу кваліфікацыйнай камісіі, і не камэнтуюць гэтае рашэньне. Прадстаўніца міністэрства Людміла Мазан сказала, што гэта зроблена на падставе загаду, які падпісаў міністар юстыцыі. Яна паабяцала, што падрабязнасьці зьявяцца пазьней на афіцыйным сайце, і выказала зьдзіўленьне, што "працоўны момант" выклікае такую ўвагу:

"Магчыма, гэта зьвязана з пэўнымі падзеямі, усё гэта ўвязваецца ў вузел, і ўсё. А насамрэч гэта ўсяго толькі працоўны момант. З улікам такога павальнага інтарэсу да шараговага працоўнага моманту мы разьмесьцім інфармацыю хутка на сайце. Гэта ўсяго толькі кваліфікацыйная камісія. Што такое? У чым праблема?"

У размове з карэспандэнтам "Свабоды" Аляксандар Пыльчанка сказаў, што пакуль нічога ня ведае і таму ўстрымліваецца ад камэнтароў адносна рашэньня Мін'юсту. Ён кажа, што выключэньне з кваліфікацыйнай камісіі — для яго пакуль пытаньне другараднае.

17 лютага кваліфікацыйная камісія і калегія Мін'юсту разгледзелі вынікі праверкі дзейнасьці адвакатаў Менскай гарадзкой калегіі. У выніку былі пазбаўленыя ліцэнзій чатыры адвакаты — Уладзімер Тоўсьцік і Тамара Гараева, якія абаранялі жонку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп, а таксама былы адвакат экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча Алег Агееў і ягоная маці Тацяна Агеева.

У выніку Аляксандар Пыльчанка назваў сытуацыю крытычнай і заявіў, што яна пагражае незалежнасьці адвакатуры. Бо прыцягненьне адваката да адказнасьці — гэта прэрагатыва калегіі адвакатаў. Тым больш што ніякіх парушэньняў ня знойдзена ў выніку праверкі, да прыкладу, адносна Ўладзімера Тоўсьціка і Тамары Гараевай. Паводле спадара Пыльчанкі, на экстраным сходзе адвакатаў плянуецца абмеркаваць сытуацыю. Ён таксама лічыць непрымальным, каб дзяржаўны орган распрацоўваў правілы прафэсійнай этыкі адвакатаў.

Праваабаронца Гары Паганяйла сказаў, што выхад з кваліфікацыйнай камісіі старшыні менскай калегіі, якая прадстаўляе каля 400 адвакатаў, "гранічна нэгатыўны для незалежнай адвакатуры, калі такая яшчэ ёсьць".

Гары Паганяйла
"Я думаю, гэта працяг таго ціску, які чыніцца на адвакатаў. Пыльчанка ініцыяваў датэрміновы нечарговы агульны сход калегіі адвакатаў, каб выпрацаваць нейкія захады супрацьдзеяньня ціску, які чыніцца на адвакатаў, і, у прыватнасьці, адвакатаў яго калегіі. Гэтыя расправы, вядома ж, робяць надзвычай нэгатыўны ўплыў на астатніх. І ў якасьці агульнай прэвэнцыі, і нагнятаньня страху, незадаволенасьці палітыкай Міністэрства юстыцыі і ў цэлым уладаў".

Паводле спадара Паганяйлы, у гэтай сытуацыі адвакаты найперш могуць выказаць салідарнасьць са сваімі калегамі, якіх пазбавілі ліцэнзій.

"Яны могуць прад'явіць пэўныя прэтэнзіі Мін'юсту як ліцэнзійнаму органу, які ажыцьцяўляе агульнае кіраўніцтва адвакатурай. Яны могуць прад'явіць прэтэнзіі ўладам у цэлым за разбурэньне незалежнасьці інстытута адвакатуры. Яны могуць зьвярнуцца да міжнароднай супольнасьці з мэтай падтрымкі іх барацьбы з такімі праявамі ў краіне. Яны могуць многае, калі хочуць і маюць на гэта прафэсійную і грамадзянскую мужнасьць".



У выніку падзей 19 сьнежня пазбаўлена ліцэнзіі гарадзенская адвакатка Валянціна Бусько. Таксама адхілены ад адвакацкай дзейнасьці Міхаіл Воўчак, адвакат старшага сьледчага Генпракуратуры Сьвятланы Байковай.