У нядзелю 20 лютага ў Старых Васілішках на доме, дзе нарадзіўся Чэслаў Немэн адкрылі памятную шыльду. Шыльду зрабілі на грошы Шчучынскага райвыканкаму. А нядаўна ў гэтым самым доме пачаў дзейнічаць клюб-музэй. У мінулую сераду. 16 лютага, Чэславу Нэману (сапраўднае імя Чэслаў Юліюш Выдрыцкі) споўнілася б 72 гады.
фотарэпартаж
Сьцюдзёная раніца, завея, а над домам у Старых Васілішках, дзе некалі нарадзіўся сьпявае Чэслава Немэна, сьцелецца дымок.
Хата, у якой вырас Чэслаў Немэн (Выдрыцкі) доўгі час стаяла пустой, пачала нават зацякаць, побач згарэў стары вялікі сьвіран.
Дырэктар клюбу-музэю Ўладзімер Сінюта, былы старшыня Васілішкаўскага сельсавету, распавядае, што ідэя стварыць музэй прыйшла ад менскіх аматараў мастацтва Немэна.
Сінюта: “Я лічу, што найбольшы ўклад у адкрыцьцё музэя ўнесла мінчанка Вера Савіна, якая зьяўляецца аўтаркай фільма пра Чэслава Немэна”.
Спадар Сінюта распавядае, што ў музэі няшмат рэчаў, якія належалі сям’і Выдрыцкіх, зь яго слоў пераважна зьбіралі этнаграфічныя экспанаты па бліжэйшых вёсках.
А спадарыня Вера, якая жыве насупраць і памятае Чэслава з самага маленства, узгадвае, як у Выдрыцкіх у тыя часы было ў хаце: паказвае, дзе стаяла піяніна…
Спадарыня Вера: “У іх харошы вісеў адзін абраз – “Сэрца пана Езуса”, гадзіньнік стаяў вялікі ў мармуровай аправе, а лямпа, што павешаная, то з такою некалі хадзілі толькі ў хлеў, а ў іх стаяла вялікая газавая лямпа (бо электрычнасьці яшчэ не было) у белай аправе”.
"Ён вельмі хацеў ад усіх адрозьнівацца”
Госьць з Польшчы, Тадэвуш Скілінскі, аўтар біяграфіі Чэслава Немэна. Яны доўгія гады сябравалі. Скілінскі ўсхваляваны і кажа, што вельмі задаволены тым, што ў гонар такога вялікага сьпевака ў ягонай хаце адчынілі пакуль хоць і сьціплы музэйчык.
У доме поўна людзей: на адкрыцьцё памятнай шыльды прыехалі з Горадні І Меншчыны, госьці з Польшчы, гучаць песьні Чэслава Немэна.
Сьціпла ў сенцах стаяць вясковыя жанчыны. Пытаюся – ці памятаюць яны таго Чэсіка Выдрыцкага?
Спадарыня: “Памятаю, што быў у кажушку такім вясковым, кароценькім, і нават парваным з дзірачка і залатаны. Ён вельмі хацеў ад усіх адрозьнівацца”.
А другая спадарыня ўзгадвае, як ад’яжджала сям’я Выдрыцкіх: машына рушыла з падворка, а Чэслаў вярнуўся:
Спадарыня: “А на гары, на паддашку ў іх быў маленькі пакойчык і ён туды пабег. Вяртаецца і ў руках трымае здымак і паказвае нам – намаляваная Марыся Кляўзунік. Забыў, то вярнуўся, во якое каханьне было…”
Сын Нёмана
Выдрыцкія выехалі з Васілішак у 1958 годзе ў Польшчу. Напачатку 1960-х Чэслаў Выдрыцкі пачаў выступаць на польскай эстрадзе. Менавіта ў гэты пэрыяд Выдрыцкі узяў сабе псэўданім Немэн (у гонар ракі Нёман, на якой ён вырас).
Прызнаньне прыйшло да артыста ў 1964, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую версію яго песьні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?».
За сваё жыцьцё Немэн выпусьціў 21 альбом у ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне і Польшчы. Яго лічаць адным з самых яскравых прадстаўніком эўрапейскага прагрэсіў-року.
Чэслаў Немэн памёр у 2004 годзе. Пахаваны ў Варшаве. Калі пачыналася пахаваньне, на ўсіх радыёстанцыях Польшчы загучала найбольш вядомая песьня з рэпэртуару Чэслава Немэна «Дзіўны гэты сьвет».